20 красавiка 2024, Субота, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пентагон: Масква падрыхтавала групу дыверсантаў для правядзення аперацыі «пад чужым сцягам» на ўсходзе Украіны

7
Пентагон: Масква падрыхтавала групу дыверсантаў для правядзення аперацыі «пад чужым сцягам» на ўсходзе Украіны

Гэта трэба, каб стварыць падставу для ўварвання.

Прадстаўнік Пентагона ўслед за амерыканскімі СМІ расказаў пра новы меркаваны сцэнар расейскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Паводле звестак Вашынгтона, Масква падрыхтавала групу дыверсантаў для правядзення аперацыі "пад чужым сцягам" на ўсходзе краіны, каб стварыць падставу для ўварвання, паведамляе BBC.

З кастрычніка амерыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў выведцы паведамляюць пра павелічэнне канцэнтрацыі расейскіх войскаў ля мяжы з Украінай. Пазней да іх далучыліся афіцыйныя асобы. Паводле звестак амерыканскага боку, да канца года на гэтым напрамку было засяроджана блізу 100 тысячаў расейскіх вайскоўцаў.

Масква заяўляе, што не рыхтуецца да нападу і можа распараджацца войскамі на сваёй тэрыторыі на сваё меркаванне. Пра гэта ж было абвешчана на перамовах з ЗША, NATO і АБСЕ, якія прайшлі на гэтым тыдні і не прывялі да адчувальных вынікаў.

У пятніцу, на наступны дзень пасля заканчэння трох раўндаў перамоваў, Сі-эн-эн і іншыя СМІ расказалі новую версію: у ЗША ёсць інфармацыя, што Расея падрыхтавала групу дыверсантаў для правядзення аперацыі "пад чужым сцягам" на ўсходзе Украіны. Пра гэта журналістам сказаў афіцыйны прадстаўнік амерыканскіх уладаў, імя якога не было названае.

Суразмоўца Сі-эн-эн растлумачыў, што гэтыя людзі навучаныя вядзенню баявых дзеянняў у гарадскіх умовах і выкарыстанню выбуховых рэчываў. Іх мэтай нібыта могуць стаць прарасейскія сілы ў Данбасе.

Аналагічныя паведамленні з'явіліся ў газеце Washington Post, а таксама агенцтвах Рэйтэр, Франс прэс і Блумберг. Рэйтэр даваў даслоўна такую ж цытату, як і Сі-эн-эн.

Адначасова галоўная ўправа выведкі мінабароны Украіны ў пятніцу заявіла, што спецслужбы Расеі рыхтуюць правакацыі супраць расейскіх вайскоўцаў у непрызнаным Прыднястроўі, каб абвінаваціць у нападзе Украіну. Гаворка ідзе пра артылерыйскія склады каля мяжы з Украінай, якія ахоўваюцца расейскімі вайскоўцамі.

Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван яшчэ ў чацвер казаў, што амерыканская выведка атрымала інфармацыю, што Расея рыхтуе глебу для фабрыкацыі падставы для ўварвання. "Мы бачылі гэты план дзеянняў у 2014 годзе. Яны зноў рыхтуюць гэты план", – сцвярджае Саліван.

Прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі ў сваёй заяве ў пятніцу таксама згадаў пра анэксію Крыма 2014 года.

Кірбі афіцыйна агучыў версію, паводле якой у ЗША ёсць інфармацыя, якая паказвае на тое, што Расея актыўна працуе над стварэннем падставы для магчымага ўварвання.

Як і крыніца Сі-эн-эн, прэс-сакратар Пентагона сцвярджае, што Расея падрыхтавала групу дыверсантаў для правядзення аперацый пад чужым сцягам, закліканых выглядаць як напад на прарасейскія фармаванні ў Данбасе ці на расейскамоўных жыхароў Украіны.

Прадстаўнік Пентагона таксама расказаў пра прыкметы таго, што пачалася фабрыкацыя нейкіх сведчанняў у сацсетках. Ён сказаў, што не можа ўдавацца ў падрабязнасці.

Як адзначае карэспандэнтка Бі-бі-сі ў Пентагоне Барбара Плет-Ашэр, такі крок амерыканскіх вайскоўцаў – расказаць публіцы пра звесткі выведкі – выглядае даволі незвычайна.

"Але адміністрацыя Байдэна відавочна пастанавіла апярэдзіць спробы Расеі абвінаваціць Украіну ў агрэсіўных намерах, адкрыўшы звесткі пра меркаваныя планы дыверсіі і дэзынфармацыі", – тлумачыць карэспандэнтка Бі-бі-сі.

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў публікацыі пра падрыхтоўку расейскай правакацыі ў Данбасе не адпаведнымі рэчаіснасці.

"Да гэтага часу ўсе гэтыя заявы насілі галаслоўны характар і нічым не былі пацверджаныя", – заявіў ён ТАСС, каментуючы паведамленне Сі-эн-эн. У Крамлі мяркуюць, што публікацыі пра магчымае ўварванне – правакацыя ўладаў ЗША.

Прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі заявіла журналістам, што ЗША занепакоеныя тым, што расейскія ўлады "рыхтуюцца да ўварвання ва Украіну", якое можа прывесці да масавых парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў, калі "дыпламатыя не дасягне сваіх мэтаў".

Перамовы паміж ЗША, іхнімі еўрапейскімі хаўруснікамі і Расеяй на гэтым тыдні зайшлі ў тупік, канстатуе Рэйтэр. У найбліжэйшы час не плануецца новы раўнд перамоваў, на якіх Расея хацела дамагчыся гарантый непашырэння NATO на ўсход, а Захад – тлумачэнняў наконт разгортвання Расеяй дзесяткаў тысячаў вайскоўцаў уздоўж мяжы з Украінай.

У ноч на 14 студзеня хакеры ўзламалі сайты ўкраінскіх міністэрстваў і размясцілі там звароты з пагрозамі. У NATO заявілі пра падрыхтоўку падпісання дамоўленасцяў з Украінай у галіне кібербяспекі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках