19 красавiка 2024, Пятніца, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа ўпершыню закрые бязвізавы ўезд для цэлай краіны праз «залатыя пашпарты»

Еўропа ўпершыню закрые бязвізавы ўезд для цэлай краіны праз «залатыя пашпарты»

У той ці іншай форме грамадзянствам гандлюе кожная другая краіна ў свеце.

Еўрапейскі Звяз упершыню пастанавіў пакараць цэлую краіну за гандаль пашпартамі, якія даюць права на бязвізавы ўезд у ЕЗ. Першай ахвярай рызыкуе стаць невялікая астраўная дзяржава Вануату, аднак і за іншымі схемамі "грамадзянства ў абмен на інвестыцыі" Еўропа пільна сочыць, паведамляе BBC.

Рынак "залатых пашпартоў" ацэньваецца на 25 млрд даляраў за год. У той ці іншай форме грамадзянствам гандлюе кожная другая краіна ў свеце. І калі ў Еўропе пашпарт каштуе ад паўмільёна даляраў і амаль заўсёды патрабуе пражывання і праверкі паходжання грошай, то на астравах Карыбскага мора і Ціхага акіяна можна ўкласціся ў 100–150 тысячаў, прычым хутка і без лішніх пытанняў.

Захад занепакоены тым, што падобныя схемы на руку зламыснікам і выкарыстоўваюцца, сярод іншага, для ўхілення ад падаткаў. Больш за іншых гэта не падабаецца Еўропе, паколькі ў Старым Свеце дзякуючы Шэнгенскаму пагадненню сцёртыя межы паміж трыма дзясяткамі краінаў самага буйнога і багатага палітычнага звязу на планеце з насельніцтвам паўмільярда чалавек.

Еўропа абвясціла вендэту "залатым пашпартам" яшчэ некалькі гадоў таму, у 2019 годзе.

"Некаторыя краіны мэтанакіравана рэкламуюць сваё грамадзянства як спосаб атрымаць бязвізавы доступ у краіны Еўразвязу, – гаварылася ў праграмным дакуменце ЕЗ. – Часта гэтым карыстаюцца багатыя грамадзяне бязвізавых краінаў, каб абысці патрабаванні і праверкі, прадугледжаныя Шэнгенскім пагадненнем, у тым ліку тыя, што закліканыя спыніць адмыванне грошай і фінансаванне тэрарызму".

Еўразвяз судзіцца з уласнымі чальцамі Мальтай і Кіпрам, патрабуючы ўзмацніць жорсткасць умоваў надання грамадзянства ў абмен на інвестыцыі. А з трэцімі краінамі яму цырымоніцца не трэба, дастаткова прыгразіць скасаваннем бязвізавага рэжыму.

У 2019 годзе Еўракамісія паставіла на кантроль інвестарскія схемы ў Малдове, Чарнагорыі і Албаніі, а таксама паабяцала сачыць, ці не прыдумаюць чаго падобнага новыя бязвізавыя краіны накшталт Украіны ці Грузіі. Малдова хутка скасавала сваю праграму – адну з самых даступных у свеце.

Аднак да гэтага часу ні разу ЕЗ не ўжываў крайні захад – скасаванне бязвізавага рэжыму. І вось цяпер Еўракамісія пастанавіла зладзіць паказальную лупцоўку. Пад гарачую руку трапіўся архіпелаг, закінуты ў Ціхім акіяне недзе паміж Аўстраліяй і Фіджы.

$130 тысячаў за 130 візаў

Пашпарт Вануату адкрывае межы 130 краінаў і каштуе 130 тысячаў даляраў. За ім нават не трэба нікуды ляцець, можна ўсё зрабіць дыстанцыйна і за рэкордна кароткія тэрміны. А шанцы атрымаць адмову мікраскапічныя: за апошнія восем гадоў грамадзянамі Вануату сталі 10,5 тысячы інвестараў, а адмовілі толькі аднаму.

Гэта насцярожыла Еўракамісію (фактычна, урад Еўразвязу) і яна правяла тлумачальную гутарку з уладамі Вануату.

Еўрапейцы падзяліліся сумневамі наконт таго, што з моманту падпісання пагаднення аб бязвізавым рэжыме з ЕЗ колькасць грамадзянаў Вануату стала імкліва павялічвацца, а сярод наваяўленых астраўлянаў-інвестараў апынуліся людзі, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку Інтэрполу, а таксама сумнеўныя персанажы з Сірыі, Емена, Ірана і Афганістана.

Увагу да схемы звярнула расследаванне брытанскай газеты Guardian у ліпені мінулага года. Брытанія выйшла з ЕЗ, але і ў яе ёсць бязвізавая дамова з Вануату. І ўсё ж першым пастанавіў дзейнічаць Еўразвяз.

"Мы паважаем суверэнітэт трэціх краінаў у пытаннях грамадзянства, аднак не дазволім выкарыстоўваць права бязвізавага ўезду ў ЕЗ як прынаду для інвестыцый у абмен на пашпарт", – растлумачыла Еўракамісія сваю прапанову пазбавіць Вануату бязвізавага ўезду.

Толькі гэтага не хапала Вануату – там і так усё дрэнна, і ў рэйтынгу самых небяспечных краінаў свету ААН рэгулярна аддае ціхаакіянскаму архіпелагу першае месца. То цыклон, то землятрус, то вывяржэнне вулкана. Кожны трэці жыхар штогод пакутуе ад стыхійных бедстваў.

Вануату перабіваецца чым можа. Шукае інвестараў, апекуноў і спонсараў. Прываблівае багачоў і бізнэс нулявымі падаткамі, а зацікаўленым дзяржавам пазычае свой голас на міжнародных форумах.

Аднак і тут няўдача – сёлета ААН пазбавіла Вануату права голасу за нявыплату сяброўскіх унёскаў, нараўне з разбураным вайной Суданам і збанкрутаванай сацыялізмам Венесуэлай.

Апошні цвік убіла пандэмія ковіду.

У Вануату засталася адна надзея звесці канцы з канцамі – продаж пашпартоў. Яна прыносіць краіне амаль палову ўсіх прыбыткаў, падлічыў Investment Migration Insider. Кітайцы больш за іншых імкнуцца стаць астраўлянамі – 40% пашпартоў набылі яны. Расейцаў, афганцаў і сірыйцаў – прыкладна 3%.

Цяпер і гэты заробак пад пытаннем. Еўракамісія прапанавала 27 краінам ЕЗ прыпыніць дзеянне бязвізавага пагаднення. Калі яны пагодзяцца, то пасля двух месяцаў пераходнага перыяду ўсе, хто атрымаў пашпарт Вануату пасля 2015 года, страцяць права бязвізавага ўезду ў ЕЗ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках