25 красавiка 2024, Чацвер, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэрыю Лісабона аштрафавалі за раскрыццё асабістых звестак апазіцыянераў з РФ

4
Мэрыю Лісабона аштрафавалі за раскрыццё асабістых звестак апазіцыянераў з РФ

Гэты скандал стаў адной з прычынаў пройгрышу мэра на выбарах у верасні мінулага года.

Мэрыю Лісабона аштрафавалі на 1,25 млн еўраў за тое, што яна, у парушэнне законаў Еўразвязу, перадавала пасольствам розных краін, у тым ліку Расеі, асабістыя звесткі арганізатараў акцый пратэсту перад гэтымі пасольствамі.

Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», паведамляе расейская служба BBC.

Разбіральніцтва ў гэтай справе пачалося з таго, што расейскія палітэмігранты, якія жывуць у Партугаліі, у сярэдзіне мінулага года выявілі, што мэрыя перадала пасольству Расеі персанальныя звесткі - імёны, адрасы і нумары тэлефонаў - арганізатараў акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага.

Партугальская Камісія абароны звестак правяла расследаванне і высветліла, што гарадскія ўлады пад кіраўніцтвам тагачаснага мэра-сацыяліста Фернанду Медзіны ў 2018-2021 гадах 225 разоў парушылі закон, перадаўшы персанальныя звесткі ўдзельнікаў 52 розных акцый пасольствам Расеі, Кубы, Венесуэлы і іншых краін.

Мэрыя перадавала звесткі пасольствам і да 2018 года, але ў той час гэта яшчэ не было парушэннем закона: Еўрапейскі Агульны рэгламент у абароне звестак (General Data Protection Regulation, GDPR) увайшоў у дзеянне ў траўні 2018 года.

У дакладзе Камісіі абароны звестак гаворыцца, што ў некаторых выпадках можна было б аштрафаваць на 20 млн еўраў за кожны, але камісія пашкадавала мэрыю, улічваючы яе фінансавыя цяжкасці праз пандэмію.

Мэрыя, якую цяпер узначальвае сацыял-дэмакрат Карлуш Маедаш, у пятніцу зрабіла заяву, у якой назвала штраф «цяжкай спадчынай, якую ранейшае кіраўніцтва пакінула жыхарам Лісабона».

Летась, калі высветлілася, што мэрыя перадае персанальныя звесткі пасольствам, выліўся даволі гучны скандал.

Мэр Фернанду Медзіна папрасіў прабачэння за тое, што адбылося, і запэўніў, што больш такое не паўторыцца, аднак гэты скандал, як мяркуюць многія, стаў адной з прычын яго пройгрышу на выбарах у верасні мінулага года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках