25 красавiка 2024, Чацвер, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь - другая ў Еўропе краіна ў колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва

10
Беларусь - другая ў Еўропе краіна ў колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва

Рэальны паказчык Беларусі можа быць яшчэ вышэйшы.

Інстытут даследаванняў у галіне крымінальнай палітыкі (ICPR) выпусціў 13-е выданне «Сусветнага спісу турэмнага насельніцтва». Згодна з апублікаванымі звесткамі, Беларусь займае другое месца ў Еўропе ў колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва. Гэты паказчык у нашай краіне складае 345, ён вышэйшы толькі ў Турцыі — 347. Усяго, паводле звестак арганізацыі, колькасць зняволеных у нашай краіне складае 32…556 чалавек, паведамляе zerkalo.io.

Пры гэтым рэальны паказчык Беларусі можа быць яшчэ вышэйшы. У ICPR адзначаюць, што звесткі, якія былі ўнесены ў спіс аб нашай краіне, актуальныя на снежань 2018 года. Аднак нагадаем, што, паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў Беларусі было распачата як мінімум 2218 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а 984 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. З вядомых праваабаронцам 1285 асуджаных за 2021 год пазбаўленне волі ўжывалася ў дачыненні да 537 фігурантаў, што ў адсоткавых прапорцыях складае 41,8%.

Акрамя таго, афіцыйную статыстыку агучвалі і беларускія ўстановы. Так, паводле звестак Генпракуратуры, на красавік мінулага года ў Беларусі было распачата больш за 3 тысячы «постпратэстных» спраў. Аб завядзенні 4691 «постпратэстнай» справы ў ліпені 2021 года заявіў і Следчы камітэт.

Калі экспэрты з ICPR не ўлічвалі гэтыя звесткі ў сваіх падліках, цалкам магчыма, што лічбы іх даследавання што да Беларусі могуць стацца заніжанымі. Можна меркаваць, што вялікая колькасць асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў прыкметна паўплывала на колькасць зняволеных у краіне агулам.

Пакуль жа, паводле звестак арганізацыі, еўрапейскі спіс «лідараў» паводле ўзроўню зняволеных на 100 тысяч насельніцтва выглядае наступным чынам:

Што да сусветных паказчыкаў, то тут Беларусь займае 20-е месца. Вось як выглядае сусветная дзясятка краін і тэрыторый з самым высокім узроўнем зняволеных на 100 тысяч насельніцтва.

Інстытут даследаванняў у галіне крымінальнай палітыкі (ICPR) - незалежны інстытут, які праводзіць даследаванні ў галіне правасуддзя і правоў чалавека. З 2010 года ICPR базуецца ў Школе права Біркбека Лонданскага ўніверсітэта.

«Сусветны спіс турэмнага насельніцтва», які ён рыхтуе, уяўляе сабой сабраную разам інфармацыю аб колькасці зняволеных у дзяржавах і рэгіёнах на аснове розных крыніц. Амаль ва ўсіх выпадках першакрыніцай з'яўляецца турэмная адміністрацыя краін або міністэрства, адказнае за кіраванне турмамі.

У ICPR таксама адзначаюць, што імкнуліся зрабіць так, каб 13-е выданне спісу было як мага больш дакладным, аднак яны не могуць «гарантаваць дакладнасць кожнай лічбы». Акрамя таго, у дакладзе не ўказана, ці ідзе размова толькі аб колькасці зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў калоніях і турмах, або ў гэты лік уключаныя таксама людзі, якія адбываюць пакаранне ў ВУАТ або іх аналагах (на «хіміі»).

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках