23 красавiка 2024, aўторак, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Так не бывае, што 90 з гакам адсоткаў ненавідзіць уладу і яна застаецца

25
Юры Хашчавацкі: Так не бывае, што 90 з гакам адсоткаў ненавідзіць уладу і яна застаецца
ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Большасці беларусаў трэба зноў адчуць адно аднаго.

Вядомы кінарэжысёр Юры Хашчавацкі расказаў сайту Charter97.org, на што абапіраюцца дыктатарскія рэжымы постсавецкіх краін і заклікаў беларусаў не страчваць надзею і працягваць змагацца.

- Адгрымелі падзеі ў Казахстане, дзе дзясяткі тысяч пратэстоўцаў выходзілі на вуліцы гарадоў. Якія ўрокі для сябе мусяць вынесці беларусы з гэтых падзей?

- Гэта вельмі складанае пытанне. Падзеі ў Казахстане, на мой погляд, развіваліся ў тры этапы. Першы - выйшлі людзі, незадаволеныя эканамічным становішчам і той карупцыяй, тым крадзяжом, які апанаваў усе верхнія эшалоны ўлады. І гэта быў станоўчы момант. А далей да гэтага далучыліся пагромшчыкі, якія немаведама адкуль узяліся, якія ператварылі высокамаральны пратэст людзей у нейкае жахлівае збіццё ўсяго вакол, біццё вітрын і гэтак далей. Адкуль яны ўзяліся - цяжка зразумець, але паколькі мы жывём у Беларусі, мы разумеем, што вельмі высокая імавернасць, што гэта проста нейкі бок з двух (маецца на ўвазе Такаеў і Назарбаеў) надумаў у нешта згуляць, наважыў гэтым скарыстацца. Гэта значыць, як часта бывае, народнае абурэнне сталі ператвараць у магчымасці падмануць гэтых людзей і прымусіць іх спалохацца ўвогуле ўсяго, у тым ліку - і свайго пратэсту. Гэта вельмi важны момант. Трэці этап - гэта вось гэтая барацьба бульдогаў пад дываном, маецца на ўвазе Такаеў і Назарбаеў, вырвалася з-пад дывана вонкі. Вось мы назіралі гэты трэці этап, у якім Такаеў падмітусіўся і выклікаў вось гэтыя войскі АДКБ.

У выніку мы маем тую акалічнасць, што, на жаль, сілы АДКБ упершыню сабраліся і паехалі ламаць чарговы народ пад чарговага дыктатара. Мы гэта назіралі цягам дзесяцігоддзяў падобны працэс у Беларусі. Але толькі не прыязджалі гэтыя сілы АДКБ, а выкарыстоўвалася сіла грошай, за кошт якіх Расея ўтрымлівала на плаве нашага дыктатара, чалавека, які ўжо даўно страціў права звацца прэзідэнтам, звацца лідарам нацыі і гэтак далей. Ён утрымліваўся дзякуючы чыста расейскай дапамозе і ўліванням, якіх было, паводле некаторых падлікаў, прыблізна 140 мільярдаў даляраў.

Магчыма, гэтая лічба перабольшаная, але магчыма менш. Я думаю, што менш. Бо, калі мы гаворым аб уліванні фінансаў у беларускі рэжым, мы не можам ацаніць тыя чорныя схемы, якія ўлады Расеі (і не толькі ўлады, але і асобныя расейскія алігархі) выкарыстоўваюць у дачыненні да Захаду супольна з беларускімі ўладамі. Я маю на ўвазе кантрабанду нафты. Тут можна ўспомніць тыя ж распушчальнікі і разбаўляльнікі, а таксама скандалы, звязаныя з гэтым. Гэта і гандаль цыгарэтамі.

Вось задайцеся сабе пытаннем: рэгулярна вылоўліваюць ледзь не на мільён даляраў партыі цыгарэт, якія спрабуюць праштурхнуць на Захад. І гэта ўсё не цішэе. Вы ўяўляеце сабе, на якія сумы ідзе гэтая кантрабанда, калі гэтыя страты ад выяўленых партый не спыняюць гэты працэс? Уявіце сабе, колькі ўдаецца ўсяго гэтага зрабіць.

Вось калі ўсё гэта ўлічыць, гэты крымінальны бізнэс, у якім задзейнічаныя, перш за ўсё, беларуская ўлада і расейскія структуры, плюс заходнія контрагенты, якія ўжо даўно існуюць, набытыя і таму падобнае.

Робім выснову: мы знаходзімся ў цяжкай, дастаткова небяспечнай сітуацыі, у якой нашаму вызваленню, нашаму сумленнаму, нармальнаму, законнаму навядзенню парадку ў краіне супрацьдзейнічаюць вось гэтыя сілы. Мы павінны разумець, з кім мы маем справу. Не для таго, каб іх баяцца нейкім чынам, а для таго, каб зразумець, як гэтаму супрацьстаяць. Такім чынам, мы павінны паставіць галоўнае пытанне - дзе іх уразлівыя месцы?

Па-першае, нашыя лідары павінны працаваць з заходнімі палітыкамі. Павінны тлумачыць ім, што мы шмат што разумеем. Мы разумеем, што “business as usual” (бізнэс перад усім – заўв.), што на іх ціснуць, што існуе набытае лобі на Захадзе. Мы гэта ўсё ўсведамляем і лічым непрымальным, калі нам тлумачаць, што яны кантактуюць з людзьмі, якія рэальна ажыццяўляюць уладу ў краіне. Калі мы не здолеем гэтаму супрацьстаяць, то, на жаль, мы павінны чакаць, што ціск на тых, хто называе сябе нашай уладай, можа зменшыцца.

На жаль, у нас ужо ёсць досвед. Так было і ў 1996 годзе. Многія не ведаюць гэтага, таму што маладыя. Тым, хто толькі нарадзіўся ў 1996 годзе, сёння 26 гадоў. Для іх гэта даўняя гісторыя, але для мяне не.

Я памятаю, як некаторы час адзінай легітымнай уладай у краіне прызнавалася распушчаная Лукашэнкам Вярхоўны Савет 13-га склікання. Гэта калі ён цалкам знішчыў беларускую Канстытуцыю 1994-га года і распусціў легітымны Вярхоўны Савет 13-га склікання. Але прайшоў час, на жаль, гэтая пазіцыя Захаду вытанчылася, паступова размылася і з Лукашэнкам зноў пачалі размаўляць, пачалі яго прымаць, пачалі ставіцца да яго як да кіраўніка дзяржавы і гэтак далей.

Прыкладна такі ж працэс быў і ў 2001-м годзе пасля сфальсіфікаваных выбараў. Потым была фальсіфікацыя ў 2006 годзе. Ціск на рэжым працягваўся некалькі месяцаў, але паступова зноў усё размылася. Таму што на Захадзе чыноўнікі разводзілі рукамі, казалі "ну, што ж мы можам зрабіць, ён жа рэальная ўлада, мы павінны размаўляць і гэтак далей". Гэта значыць, яны пайшлі на ўгоды. Пайшлі на тое, каб выцягнуць Аляксандра Казуліна з турмы, што добра, канечне. Але ўсё гэта было за кошт таго, што ў канчатковым выніку зноў адбылася легітымацыя.

Потым у 2010-м годзе, гэта ўжо найбліжэйшы да нас час, калі з дзевяці кандыдатаў у прэзідэнты сем, калі я не памыляюся, апынуліся ў турме. Яны прасядзелі доўгія тэрміны, як Статкевіч, як Саннікаў. Усё гэта было, вядома, жахліва, зноў быў ціск з боку Захаду. Але ён зноў размыўся і з нашай незаконнай уладай зноў пачалі размаўляць. І ўсё стала на сваё месца, на жаль.

Таму сёння, не гледзячы на тое, што відаць сур'ёзны ціск Захаду на наш незаконны рэжым, мы не павінны забывацца на тое, чым гэта ўсё можа скончыцца. Мы павінны, груба кажучы, быць пільнымі і разумець, што, на жаль, гэта можа працягвацца не вельмі доўга. На жаль, усё магчыма.

Бо ў чым сіла дэмакратыі? У тым, што змяняецца ўлада. А ў чым яе слабасць? У тым жа самым. Бо прыйдуць новыя чыноўнікі, зоймуць свае месцы ў тым жа Еўразвязе, адміністрацыі ЗША, Дзярждэпе, прыйдуць новыя сэнатары ці кангрэсмены, усё пачнецца спачатку. Яны скажуць: "давайце гаварыць з рэальнай уладай" і гэтак далей. Я не гавару, што гэта абавязкова адбудзецца. Але гэта можа адбыцца, мы павінны быць да гэтага гатовыя і не павінны дазволіць гэтаму здарыцца.

Сёння мы бачым тры сілы, якія дзейнічаюць на полі ў Беларусі. Гэта ўнутраныя сілы, унутраная пагарда і нянавісць да незаконнай улады. А гэта рэальна існуе, гэта статут-кво і так ёсць. Але пры гэтым мы разумеем, што сілавыя структуры, да якіх адносяць і пракуратура, і АМАП, і КДБ, і суды, яны ламаюць, скажам так, найбольш смелых і адважных беларусаў, кідаюць іх у турмы, некаторых забілі. Гэта нам таксама вядома. Мы бачым, што грамадства пагружанае не тое, каб у страх. Грамадства разумее, што каштоўнасць жыцця ўсё ж такі вышэйшая. І самае галоўнае - грамадства нанова пачынаюць раз'ядноўваць.

Бо што было самым каштоўным у 2020 годзе? Тое, што грамадства сабралася разам і шмат што зразумела, суседзі ўбачылі вочы адно аднаго, яны даведаліся, што думаюць і ставяцца да гэтай улады аднолькава. І ў гэтым была сіла пратэстаў 2020 году, мне так здаецца. Паступова гэты працэс сыходзіць углыб, гэтае адчуванне сыходзіць углыб. І сёння вельмі важнае нам адчуванне, што нас вельмі шмат, не страціць. Гэта тое, што тычыцца ўнутраных сіл.

Я не думаю, што нам трэба думаць аб крыві, аб трупах і таму падобнае. Не, наш пратэст павінен быць жорсткім, павінен быць устойлівым, але ні ў якім разе не павінен ператварацца ў той гвалт, які мы бачылі ў тым жа Казахстане. Таму што гэта ўсё згуляла на руку дыктатарам, згуляла на руку гэтым бульдогам, яны гэтым скарысталіся. Галоўнае - не забываць нам аб сваёй пагардзе і аб сваёй нянавісці, аб сваёй нелюбові.

Я б хацеў перасцерагчы людзей, якія знаходзяцца па-за Беларуссю, ад многіх каментатараў (у «Фэйсбуку» асабліва) бачу нейкае грэбаванне жыццямі тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі. Яны крычаць: "усё, вілы, наперад". Але пры гэтым сядзяць дзе-небудзь у Еўропе ці за акіянам. Спадарства, прачніцеся. Прыязджайце ў Беларусь і тады вы будзеце мець права казаць пра вілы, трупы і кроў. Дагэтуль, калі ласка, не трэба. Вось мне так здаецца. Гэта тое, што ў мяне набалела.

Што да другой сілы – гэта расейскі ўплыў. Тут таксама трэба разумець на якім этапе мы знаходзімся. Мы знаходзімся на тым этапе, калі Расея гатовая ўсімі сіламі дапамагаць нашаму дыктатару. Гэта відавочна. Яны дапамагаюць яму грашыма. У Казахстане яны прадэманстравалі, што могуць дапамагчы і вайсковай сілай. Яны дапамагаюць Лукашэнку і на Захадзе, выкарыстоўваючы грошы і сваіх лабістаў для таго, каб падкупіць пэўных бюракратаў і чыноўнікаў, якія будуць лабіяваць, найперш, інтарэсы Расеі, але ў тым ліку і інтарэсы нашага дыктатара. Гэта бачна.

І трэцяя сіла, якая ўздзейнічае - гэта калектыўны Захад, які вельмі сур'ёзным чынам увёў санкцыі і спрабуе паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Але пры гэтым дагэтуль праходзяць чорныя схемы. Мы гэта бачым, яны ідуць. На гэтым зарабляюцца асноўныя грошы ў кішэню нашых катаў. Мне падаецца, што Захад павінен звярнуць на гэтую сур'ёзную ўвагу. І мы мусім зрабіць усё для таго, каб яны гэта зрабілі. За кошт чорных схем існуе нашая ўлада і найперш гэтыя схемы трэба закрыць, перацяць гэта ўсё. Таму што гэта і ў інтарэсах заходняга бізнэсу, у тым ліку - таго чыстага. Як мы разумеем, ёсць і нячысты.

Я назіраў усе прэзідэнцкія кампаніі, якія былі, пачынаючы з 1994 года. Толькі адна прэзідэнцкая кампанія была больш-менш ціхай. Гэта 2015 год, калі ў грамадстве панавала разгубленасць. Усе астатнія кампаніі былі вельмі актыўныя з боку людзей. Аднак выбары ў «парламент» актыўнымі асабліва не былі. І я разумею, што беларусаў больш за ўсё зараз цікавіць пытанне: «што можна змяніць».

Мне падаецца, што грамадзяне Беларусі адчуваюць, што змены магчымыя тады, калі мы можам абраць прэзідэнта. Вось тут магчымыя змены. Ужо даўным-даўно ўсё махнулі рукой на «парламент», разумеюць, што гэта ўсё лялечны домік, што ўсё гэта шыльда, што ўсё гэта фікцыя. Чаму менавіта ў 2010 годзе, у 2020 годзе выйшла такая вялізная колькасць людзей выйшла з пратэстам. Ды таму, што тады можна было нешта змяніць. Сёння мы павінны разумець, што людзі нашыя выйдуць, але выйдуць тады, калі нешта можна будзе змяніць.

Мы ведаем, што мы канкрэтна ненавідзім, пагарджаем, не паважаем і не любім. Гэта нашую цяперашнюю, сённяшнюю беларускую ўладу. Канкрэтна - Лукашэнку. А што мы любім? Чаго мы жадаем? Чаго мы хочам дабіцца. Давайце пра гэта скажам. Мне здаецца, што ў перыяд асэнсавання грамадствам таго, што адбываецца (мне здаецца, што зараз менавіта такі перыяд) вельмі важна пазначыць контуры той краіны, якая павінна ў нас атрымацца.

Трэба пачуць адно аднаго, зразумець, што мы не адны. Пачаць размаўляць са сваімі суседзямі, са сваімі сябрамі. Тлумачыць тым, хто яшчэ не зразумеў, што ўсё тое, што адбываецца - гэта дзікасць, сярэднявечча, гэта небяспечна халера ведае якімі ў будучыні наступствамі, нягодамі, трагедыямі, драмамі і гэтак далей.

І, вядома ж, (можа, гэта самае галоўнае) памятаць, што найлепшыя нашы сябры знаходзяцца ў вязніцы. З іх здзекуюцца іх мучаць, перш за ўсё - няволяй і несвабодай. Паціснуць ім руку (хоць бы ў думках), сказаць: "спадарства, мы з вамі" (хоць бы ў думках).

Запэўніваю вас, калі вы гэта будзеце казаць сябе штораніцы, калі прачынаецеся, казаць сабе, што тыя людзі, якія за нас змагаліся, цяпер таксама, мусіць, прачнуліся. Казаць: "дай ім Бог усё гэта вытрымаць, дай ім Бог пераадолець, дай нам Бог падтрымаць іх". Запэўніваю, гэты дзень вы праведзяце лепш, чым тыя дні, калі вы будзеце пра гэта забываць.

Над намі, грамадзянамі Беларусі, пасмейваюцца, што мы здымаем туфлі, становячыся на ўслончык з антылукашэнкаўскімі лозунгамі. Гэта і добра, і дрэнна. Добра, таму што мы ўжо гатовы жыць паводле закону. Так, практычна ўсё грамадства, акрамя ўлады. Улада не можа і не хоча, для яе гэта смерць, а мы гатовыя. І, вядома ж, праявіць больш устойлівасці і адвагі ў абароне сваёй будучыні. Гэта таксама вельмi важна.

Вельмі важна зразумець, што калі кожны з нас кожны дзень будзе нешта рабіць, што падрывае нашую злачынную ўладу, хаця б на міліметр, на мікрон. Скажа ў чарзе, што кошты растуць праз вар'яцкую эканамічную палітыку, скажа на працы, што наша прамысловасць раскідваецца, бо наша ўлада выкінула нас на задворкі трэцяга свету, хаця наша краіна можа быць Швайцарыяй. У нас ёсць такая магчымасць. Мы знаходзімся на скрыжаванні, інтэлект каласальных, адукаванасць усё яшчэ, хаця, улада спрабуе зрабіць з нас ёлупаў. Ёй, на жаль, шмат у чым гэта ўдаецца, паглядзіце на гэтых оркаў амапаўскіх, якіх яна выпускае на белы свет, на гэтых пракурораў, якія не могуць звязаць два словы, на гэтых суддзяў, якія штампуюць бессаромныя пратаколы.

Так, вядома, ідзе працэс раскладання грамадства, але яно яшчэ вельмі моцнае. І тое, што мы, груба кажучы, не такія крыважэрныя, дык, можа, гэта нам перашкаджае ў нейкі момант абараніць сябе, але па жыцці гэта нам дапаможа стварыць выдатную краіну.

- Дзе сёння беларусам чэрпаць сілы і шукаць падтрымкі, каб працягваць змагацца і ўсё ж давесці справу да канца?

- Галоўная сіла - ва ўсведамленні таго, што ты не самотны, што такіх людзей большасць. Бачылі гэтае відэа, дзе ябацькі казалі, што «80% было супраць, а нас толькі 20%, але затое мы перамаглі». І такія задаволеныя. Дык вось, рэкамендую ўсім паглядзець гэты кавалачак і зразумець, што ябацькі, як заўсёды, схлусілі. Там не 80%, а ўсе 95 былі супраць.

Трэба зразумець, што мы перажываем, магчыма, нават апошнія месяцы гэтай усеагульнай хлусні, глупства. Карацей кажучы, надзея на сябе, на сваё разуменне таго, хто яны такія. Ты іх ненавідзіш, ты імі пагарджаеш і ты ведаеш, што такіх як ты ў краіне большасць і што вы ўсе дачакаецеся. Так не бывае, што 90 з гакам адсоткаў ненавідзяць уладу і яна застаецца. Гэтая ўлада не застанецца, яна сыдзе.

Тое самае, дарэчы, тычыцца і Расеі. Я спадзяюся, што гэтая дапамога хутка скончыцца і ўсё ўстане на свае месцы. І, вядома ж, змагацца. Змагацца такім спосабам, як я сказаў. Рабіць нешта кожны дзень для таго, каб гэты рэжым упаў. Кожны можа прыдумаць сваё, можна аб'ядноўвацца.

Трэба адчуць адно аднаго. Калі страшна ў сваёй сетцы ў «Фэйсбуку» кантактаваць з нагоды выхаду на вуліцу і гэтак далей, то кантактуйце з нагоды коцікаў і сабачак, але не страчвайце адзін аднаго з віду. Вось, што я хацеў бы сказаць. Запэўніваю вас, гэта дасць вам надзею.

Рэч у тым, што вы адзін аднаго ўжо ведаеце, вы ўжо ведаеце, хто як думае, хто як ставіцца да гэтай улады. Аднавіце гэтыя кантакты, але пішыце аб тым, як прыгатаваць смачны боршч, і вас зразумеюць.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках