19 красавiка 2024, Пятніца, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Балючы ўдар Літвы па «Беларуськалію»: Расея не дапаможа

6
Балючы ўдар Літвы па «Беларуськалію»: Расея не дапаможа

Санкцыі абарочваюцца вялізнымі праблемамі для галоўнага беларускага экспарцёра.

Урад Літвы прыняў пастанову, якая дазваляе "Літоўскай чыгунцы" з 1 лютага скасаваць кантракт на перавозку калійных угнаенняў з "Беларуськаліем", у дачыненні да якога былі ўведзены санкцыі ЗША і ЕЗ.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адмовіўся адказваць на пытанне аб магчымым перанакіраванні беларускіх калійных грузаў праз РФ у выпадку поўнага закрыцця транзіту праз Літву, але зазначыў: Расея не кіне Беларусь ва ўмовах санкцый.

Раней СМІ пісалі, што праз Літву і порт у Клайпедзе штогод перавозіцца да 11 млн тон беларускіх угнаенняў - амаль увесь экспарт "Беларуськалію". Летась генеральны дырэктар прадпрыемства адзначаў, што ўсяго экспарт складае блізу 12,5 мільёнаў тон.

Зыходзячы з паведамленняў літоўскіх СМІ, "Літоўская чыгунка" можа пазбавіцца блізу 50-60 млн даляраў у выглядзе аплаты паслуг ад "Беларуськалія" Але якія страты панясе беларускі бок?

Аб гэтым UDF пацікавіўся ў экспэртаў.

“Адгружаць беларускі калій на шкоду расейскму, думаю, ніхто не будзе”

Старшы аналітык "Альпары-Еўразія" Вадзім Ёсуб адзначыў, што на пытанне аб аб'ёме транзіту беларускага калію праз Літву з дапамогай дакладных лічбаў адказаць дастаткова складана.

“Летась у Беларусі засакрэцілі звесткі аб вытворчасці і экспарце калійных угнаенняў. Да мінулага года порты Балтыі сапраўды былі асноўнымі каналамі экспарту для "Беларуськалія". Але летась ішлі перамовы аб тым, каб паспрабаваць хаця б часткова перанакіраваць экспарт праз расейскія порты. Чым скончыліся перамовы, ці ідуць цяпер плыні ў Расею (а калі ідуць, то ў якім аб'ёме), на жаль, сказаць нельга”, – адзначыў Ёсуб.

Пры гэтым, на ягоную думку, пастанову суседзяў нельга інтэрпрэтаваць адназначна.

“Не Літва скасоўвае кантракт, а дзяржкампанія “Літоўская чыгунка”. Апроч яе ў краіне існуюць прыватныя кампаніі. Пакуль нельга адназначна сцвярджаць, але можна дапусціць, што грузаперавозкі праз Літву могуць захавацца хаця б часткова - калі прыватныя перавозчыкі ацэняць, што рызыкі санкцый для іх прымальныя”, - мяркуе Ёсуб.

Ці дапаможа ў гэтай сітуацыі беларускаму боку нейкімі льготнымі ўмовамі Расея, у якой ёсць свой вытворца - "Уралкалій"?

“Тут справа нават не ў ільготных умовах. Калі ішла размова аб перанакіраванні транзіту нафтапрадуктаў у Расею, там сапраўды шмат увагі надавалася тарыфам на чыгуначную перавозку, каб яны моцна не адрозніваліся коштамі лагістыкі ў параўнанні з портамі краін Балтыі. Але калі абмяркоўваліся пастаўкі калійных угнаенняў праз Расею, пытанне было не столькі ў тарыфах, колькі ў тым, што магутнасці расейскіх портаў занятыя, закантрактаваныя "Уралкаліем". Казалі, што свабодных магутнасцяў няшмат, што давядзецца будаваць новыя тэрміналы, а на гэта патрэбны пэўны час і вялізныя ўкладанні. І адгружаць беларускі калій на шкоду расейскаму, думаю, ніхто не будзе”, - сказаў Ёсуб.

Ён дадаў:

«Тэарэтычна ў гэтай сітуацыі магчымая пастанова, што “Уралкалій” і яго даччыныя структуры будуць купляць беларускія ўгнаенні з істотным дысконтам і ўжо самастойна займацца яго экспартам і перакідваннем. Для Беларусі гэта будзе азначаць істотная страта ў кошце, пасярэднік адкусіць сур'ёзную частку маржы”.

Калі афіцыйны Менск надумае зрэагаваць на пастанову Літвы, якім можа стаць эканамічны адказ Беларусі?

“Праз Літву ідзе дастаткова вялікая грузаплынь і аўтамабільным, і чыгуначным транспартам, літоўскія кампаніі на гэтым сур'ёзна зарабляюць. Праблема ў тым, што ў гэтай плыні зацікаўленыя або беларускія экспарцёры, або беларускія імпарцёры. Можна ўдарыць па літоўскіх кампаніях, забараніўшы грузаплынь, але гэта адначасова стане ўдарам па інтарэсах беларускіх кампаній, якія працуюць па гэтым кірунку. Эканамічных захадаў, якімі можна пакараць Літву, але якія будуць бязбольнымі для беларускага боку, на першы погляд, не бачна”, – сказаў Ёсуб.

“Я думаў, што Пуцін разумнейшы”

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч зазначыў, што пастанова Літвы стане вельмі моцным ударам па беларускім баку.

“Бо прыток валюты ў краіну ў асноўным звязаны з продажам калійных угнаенняў. Пакуль не будуць знойдзены шляхі выхаду з гэтай сітуацыі, чакаюцца сур'ёзныя праблемы. Шляхі выхаду могуць быць знойдзеныя, але гэта час, выдаткі, страты”- сказаў Багданкевіч.

На ягоную думку, ёсць толькі адзін спосаб даць рады заходнім санкцыям.

“Урад і Лукашэнка павінны падумаць і пачаць перамовы з народам. Правесці сапраўдныя выбары, каб выйсці з палітычнага крызісу. Тады будуць адноўлены стасункі і з Літвой, і з Еўропай, і з ЗША, і з усім цывілізаваным светам. Цяперашні шлях вядзе ў нявыкрутку. Усе тэхналогіі, найноўшае абсталяванне - на Захадзе, а не на Усходзе”, - адзначыў Багданкевіч.

Ці дапаможа Беларусі Расея?

“Масква будзе дапамагаць. Расея сама аўтарытарная краіна, Лукашэнку ў крыўду пакуль не дае - замест таго, каб падтрымаць беларускі народ. Калі ў нас адбылося народнае паўстанне ў 2020 годзе, я спадзяваўся не столькі на кіроўную эліту, колькі на Крэмль. Але памыліўся. Я думаў, што Пуцін разумнейшы. Але замест таго, каб стаць для беларускага народа збаўцам, ён стаў абараняць рэпрэсіўны рэжым”, - сказаў Багданкевіч.

Ён дадаў:

“Дапамога з Расеі будзе, але абмежаваная. Беларусь у кожным выпадку панясе фінансавыя страты”.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках