24 красавiка 2024, Серада, 1:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вазьміце з сабой лекі, слухаўкі і паболей хатняй ежы»

10
«Вазьміце з сабой лекі, слухаўкі і паболей хатняй ежы»

Пацыентка расказала, што адбываецца ў жодзінскай гарадской лякарні.

Жыхарка Жодзіна патрапіла ў жодзінскую гарадскую лякарню з дыягназам «грып», а пасля выпіскі надумала апісаць свае ўражанні ад стацыянара. Яна апублікавала допіс на «Фэйсбуку» ў агульнадаступнай групе «Жодзінцы: мінулае і сучаснасць". EX-PRESS.BY падае вытрымкі.

«Першы дзень я замярзала. Спачатку мяне калаціла. Да вечара дрыжыкі спыніліся, але тут з'явілася іншая пошасць. Было гэта ўночы з 6 на 7 студзеня. Гадзіне аб 11 падняўся вецер і ў маёй палаце сталі адчыняцца вокны. Вецер даслоўна рваў вертыкальныя жалюзі, яны гучна стукалі, удараючыся аб сцяну і адна аб адную, і ўсё гэта суправаджалася жудасным завываннем ветру».

«Ручак на пластыкавых вокнах не было. Я ўстаю, зачыню акно, а яно праз пару хвілін зноў адчыняецца. А на дварэ зіма, мароз. Карацей, ноч прайшла не сумна. Раніцай прыйшла медсястра, прынесла ручку і зачыніла вокны. Вось такая тут сістэма. Усе вокны без ручак, а ручка знаходзіцца на пасту ў медсястры».

«Пасля бяссоннай ночы ў мяне разбалелася галава. Аднак таблетак ад галаўнога болю ў аддзяленні не знайшлося. Мне прапанавалі ібуклін. На нейкі час боль прытупіўся, але пад вечар аднавіўся. І так ціснула на мазгі, што я зноў не магла заснуць. Гадзіне а 12 не вытрымала і папрасіла яшчэ адну таблетку ібукліну. Праз пару гадзін боль сціх. І толькі я заснула, як а пятай раніцы на пасту зазваніў тэлефон. Пачуліся галасы, па калідоры пачалі хадзіць людзі. Сон як рукой зняло».

«Змешчаным у палаце хворым чуваць усё: вось па калідоры коцяць кропельніцу, а вось едзе вазок з ежай. Крокі па калідоры, размовы - усё гучным рэхам разлятаецца па палатах. А калі вязуць цяжкую цялежку з цюкамі бялізны ці чым-небудзь іншым, здаецца, што міма дзвярэй праехаў танк. Але медработнікі ў гэтым не вінаватыя. Хутчэй за ўсё, гэта недапрацоўка архітэктараў і будаўнікоў. Але як бы там ні было, дрэнная гукаізаляцыя не дае магчымасці хворым паўнавартасна адпачыць».

«Яшчэ адным негатыўным момантам з'яўляецца харчаванне. На першае баланда пад назвай суп, на другое - цяжка сказаць з чаго зробленыя катлеты, часта сыраватыя ўнутры, і малапрывабны гарнір. А кававы напой з жалудоў - гэта асобная гісторыя. Горшага пойла я нідзе ніколі не бачыла.

Гадоў пяць таму шпітальную ежу змяшчала Наталля Сушко, калі была яшчэ старшынём «савета дэпутатаў», і паспрабавала навесці ў гэтым пытанні парадак. Аднак воз і зараз там. Не ведаю, чым гэта растлумачыць: ці то ў мясцовым бюджэце эканомяць на харчаванні хворых, ці кухары крадуць, ці тое і тое і іншае разам. Няўжо нельга зрабіць так, каб харчаванне ў нашай лякарні было здаровым, карысным і смачным?! Бо ў вобласці неяк развязваюць гэтае пытанне! І, напэўна, ёсць сэнс пераняць досвед».

Агулам пазітыўны допіс заканчваецца высновай-рэкамендацыяй: «Калі вы раптам захварэеце і вас пакладуць у лякарню (нікому гэтага не жадаю), будзьце ўпэўненыя, што памерці вам не дадуць і хутка паставяць на ногі, аднак не забудзьцеся ўзяць з сабой лекі, якія вы звычайна прымаеце дома, бо ў лякарні іх можа не быць, слухаўкі, каб паўнавартасна выспацца, і пабольш хатняй ежы, каб хоць неяк палепшыць знаходжанне ў казённым доме».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках