29 траўня 2022, Нядзеля, 6:11
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Новым прэзідэнтам Еўрапарламента стала прыхільніца жорсткіх захадаў супраць Лукашэнкі

3
Новым прэзідэнтам Еўрапарламента стала прыхільніца жорсткіх захадаў супраць Лукашэнкі
РАБЕРТА МЕТСОЛА
ФОТА: REUTERS/GONZALO FUENTES

Раберта Метсола - першая жанчына, якая заняла гэтую пасаду.

Прадстаўніца Мальты Раберта Метсола абраная ў аўторак спікерам Еўрапейскага парламента (ЕП). Трансляцыю галасавання вяла на сваім сайце прэс-служба ЕП, паведамляе ТАСС.

Метсола была абраная ў першым раундзе. Яна атрымала абсалютную большасць - 458 з 616 галасоў еўрадэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні.

Яе спаборніцы Аліс Ба Кунке (Швэцыя) і Сіра Рэга (Гішпанія) атрымалі адпаведна 101 і 57 галасоў. Чацвёрты прэтэндэнт - польскі дэпутат Косма Златоўскі - у апошні момант зняў сваю кандыдатуру.

Перамога ў дзень нараджэння

Вынікі выбараў еўрапейскія парламентарыі сустрэлі воплескамі. Новаму спікеру быў паднесены яркі букет кветак у гонар абрання і дня яе нараджэння (яна нарадзілася 18 студзеня).

Дагэтуль Метсола з'яўлялася першай намесніцай кіраўніка Еўрапарламента. Пасля смерці 11 студзеня ранейшага спікера Давіда Сасолі, яна выконвала абавязкі старшыні.

У сваім першым выступе новы спікер абяцала «абараняць каштоўнасці дэмакратыі і прававой дзяржавы» і змагацца з «ізаляцыянізмам і нацыяналізмам». «Мы павінны збліжаць народы», – заявіла яна.

Першая жанчына на чале Еўрапарламента

Раберта Метсола - першая жанчына на чале Еўрапейскага парламента за два дзясяцігоддзі. У свае 43 гады яна стала таксама самым маладым спікерам у гісторыі гэтай асамблеі.

Метсола нарадзілася ў горадзе Сэнт-Джуліянс на поўнач ад сталіцы Мальты - Валеты - 18 студзеня 1979 года. Яна атрымала ступень доктара права ва Універсітэце Мальты. Была генеральным сакратаром правацэнтрысцкага саюза еўрапейскіх студэнтаў-дэмакратаў у 2002-2003 гадах.

У Еўрапарламенце, у склад якога яна была абраная ў 2013 годзе, прадстаўляе самую буйную фракцыю - Еўрапейскую народную партыю, якая аб'ядноўвае хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя палітычныя рухі.

Метсола і яе муж - фінскі дэпутат Ука Метсола - сталі першай шлюбнай парай, якая прадстаўляе розныя дзяржавы ў складзе Еўрапарламента. У іх чацвёра дзяцей.

Прыхільніца жорсткіх захадаў супраць Лукашэнкі

Раберта Метсола займае прынцыповую пазіцыю аб сітуацыі ў Беларусі. Яна была адной з ініцыятараў першай рэзалюцыі ЕП, прынятай у 2020 годзе, і актыўна падтрымлівае беларускі дэмакратычны рух.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».