25 красавiка 2024, Чацвер, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты нафты падскочылі да максімуму з 2014 года

7
Кошты нафты падскочылі да максімуму з 2014 года

Усяму віной - атака дронаў на ААЭ.

Рынак нафты прадаўжае ўзыходжанне да новых максімумаў на фоне попыту і напружанасці ў дачыненні да найбуйнейшых пастаўшчыкоў, паведамляе finanz.ru.

На таргах у аўторак упершыню з кастрычніка 2014 года кошт барэля маркі Brent перавысіў 88 даляраў, а кошт амерыканскага эталоннага гатунку WTI падняўся вышэй за адзнаку 85 і таксама абнавіў 7-гадовы максімум.

На 12.55 паводле менскага часу сакавіцкія кантракты на Brent таргуюцца на біржы ICE ў Лондане па 87,32 даляра за бочку, дадаючы 0,97%, а раней падчас сесіі дасягалі 88,09 даляра. Ф'ючэрсы на WTI даражэюць на 1,34%, да 84,42 даляра за барэль.

Падтрымку рынку зрабілі ўдары еменскіх паўстанцаў-хусітаў на аб'екты ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах – трэцяй па аб'ёмах здабычы краіне ОРЕС, адзначаюць аналітыкі ING. У панядзелак сталіца ААЭ Абу-Дабі была атакаваная беспілотнікамі, у выніку чаго адбыўся выбух трох бензавозаў у прамысловай зоне і пажар у аэрапорце.

Арабская кааліцыя пад кіраўніцтвам Савудаўскай Арабіі заявіла, што ў адказ пачынае 24-гадзінныя паветраныя налёты на сталіцу Емена Сану, каб спыніць «варожыя напады тэрарыстаў» і «прыцягнуць да адказнасці» вінаватых.

«Хоць пакуль не адзначаецца якіх-небудзь сур'ёзных рызык перабояў паставак нафты, кошты растуць, бо рынак яшчэ памятае падзенне дзённай здабычы на 50% у Савудаўскай Арабіі пасля нападу на яе нафтагазавыя актывы ў 2019 годзе. Усе перабоі могуць быць больш небяспечныя для рынку ў існы ацяпляльны перыяд, калі нафтапрадукты карыстаюцца дадатковым попытам на фоне высокіх коштаў газу», - пішуць аналітыкі «Райффайзенбанка».

Апроч гэтага, рынак непакоіцца з напружанасці вакол Расеі, піша ING. У адказ на сцягванне войскаў да ўкраінскіх межаў і ваяўнічую рыторыку ЗША падрыхтавалі пакет санкцый, які закране ў тым ліку найбуйнейшыя сыравінныя кампаніі, а таксама банкаўскі сектар.

Паводле інфармацыі Handelsblatt, Нямеччына дабіваецца таго, каб захады не закранулі пастаўкі вуглевадародаў з Расеі. Але ЗША прадаўжаюць разглядаць усе сцэнары, у тым ліку адключэнне РФ ад сістэмы аплаты SWIFT.

Да гэтых рызыкаў дадаюцца асцярогі аб пастаўках, прадаўжае ING. Хоць краіны ОРЕС+ павялічваюць квоту па здабычы на 400 тысяч барэляў за дзень кожны месяц, на справе куды менш нафты паступае на рынак. Перабоі ў Лібіі і Нігерыі, а таксама праблемы на знясіленых радовішчах у Расеі прывялі да таго, што вытворчасць картэлю вырасла толькі на 250 тысяч барэляў за дзень у снежні.

«Калі геапалітычныя спрэчкі прадоўжацца, а чальцы ОРЕС+ не змогуць забяспечыць рост паставак на 400 тысяч барэляў на дзень штомесяц, кошты нафты могуць дабрацца да адзнакі 100 даляраў за барэль, дзе знаходзіцца найбліжэйшы тэхнічны супраціў", – кажа аналітык CMC Markets Эш Гловер.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках