19 красавiка 2024, Пятніца, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пазіцыі Лукашэнкі аслаблі, магчыма, ужо беззваротна»

6
«Пазіцыі Лукашэнкі аслаблі, магчыма, ужо беззваротна»

Дзярждэп пракаментаваў апошнія падзеі ў Беларусі.

Амерыканскія ўлады асцерагаюцца таго, што будучыя супольныя вучэнні Расеі і Беларусі могуць дазволіць расейскай старане атакаваць Украіну з паўночнага кірунку. Гэтую версію агучыла на спецыяльным брыфінгу супрацоўніца Дзярждэпартамента высокага рангу. У Дзярждэпе таксама мяркуюць, што змяненне Канстытуцыі Беларусі дасць магчымасць Расеі размясціць там ядзерную зброю. На думку амерыканскіх чыноўнікаў, "Расея выкарыстоўвае ўразлівасць Лукашэнкі", а ён у сваю чаргу дэманструе, "што аддасць усё, каб застацца ва ўладзе".

“Мы вельмі ўважліва ставімся да ўсяго, што робіць Расея. Мы назіраем перамяшчэнне войскаў у Беларусь, гэта відавочна дае расейцам яшчэ адну магчымасць на выпадак, калі яны надумаюць распачаць далейшыя вайсковыя дзеянні супраць Украіны”, - адказала прадстаўніца Дзярждэпа на пытанне аб тым, ці звязаныя будучыя расейска-беларускія вучэнні з сітуацыяй вакол Украіны.

У ЗША не выключаюць спробы Расеі сфабрыкаваць падставу для ўварвання — "няхай гэта будзе з дапамогай дыверсійных дзеянняў, інфармацыйных аперацый або перакідкі войскаў". Паводле ейных слоў, гэты сцэнарый ужо выкарыстоўваўся ў 2014 годзе пры далучэнні Крыма да Расеі.

Паводле версіі Дзярждэпартамента, "многае з таго, што адбываецца цяпер у Беларусі, выклікае асцярогі".

"Няма сумненняў, што Беларусь усё больш адыгрывае дэстабілізацыйную ролю ў рэгіёне", - мяркуе яна.

Дзярждэп баіцца, што прапанаваны праект абноўленай Канстытуцыі Беларусі можа сведчыць аб планах уладаў дазволіць размяшчэнне на тэрыторыі краіны як звычайных, так і ядзерных сіл Расеі.

“Прапанаваныя змены ў Канстытуцыю ўключаюць фармулёўкі, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як адкрыццё шляху для размяшчэння Расеяй узброеных сілаў на беларускай тэрыторыі. Гэта будзе значнай зменай для Беларусі. Такі крок будзе мець выклік для еўрапейскай бяспекі, які можа запатрабаваць адказу. Гэты праект канстытуцыйных змен можа сведчыць аб планах Беларусі дазволіць размяшчэнне на сваёй тэрыторыі як звычайных, так і ядзерных расейскіх сіл”, - заявіла прадстаўніца Дзярждэпа.

Яна таксама нагадала, што дыскусіі наконт ядзерных узбраенняў у Беларусі былі пачатыя Аляксандрам Лукашэнкам у лістападзе. Яна адзначыла, што да ягоных слоў неабходна "ўсім паставіцца ўважліва".

Прадстаўніца Дзярждэпартамента таксама адзначыла, што ўсё гэта паказвае на тое, што "пазіцыі Лукашэнкі аслаблі, магчыма, ужо беззваротна". У амерыканскім знешнепалітычным ведамстве ўпэўнены, што Лукашэнка з часам "усё больш і больш спадзяецца на Расею ва ўсіх тыпах падтрымкі, і мы ведаем, што Пуцін не дае гэтую падтрымку бясплатна". На думку амерыканскіх чыноўнікаў, "Расея выкарыстоўвае ўразлівасць Лукашэнкі", а ён у сваю чаргу дэманструе, "што аддасць усё, каб застацца ва ўладзе".

Нагадаем, беларуска-расейскія вучэнні "Саюзная смеласць-2022" пройдуць з 10 да 20 лютага. У іх будуць задзейнічаны палігоны "Абуз-Лясноўскі", "Асіповіцкі", "Берасцейскі", "Гожскі", "Даманаўскі" і аэрадромы ў Баранавічах, Лунінцы, Лідзе, Мачулішчах. У манеўрах будуць задзейнічана частка сіл і сродкаў Узброеных сіл Беларусі, а таксама некалькі часцей і падраздзяленняў Усходняй вайсковай акругі УС РФ.

У рамках праверкі сіл рэагавання ў Беларусь і Расею будуць адпраўленыя два дывізіёны зенітных ракетных сістэм С-400, 12 знішчальнікаў Су-35. Акрамя таго вайскоўцы перадыслакуюць два дывізіёны зенітнай ракетнай сістэмы С-400 і зенітны ракетна-гарматны дывізіён “Панцыр-С”.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках