20 красавiка 2024, Субота, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выведка: Расея амаль скончыла разгортванне войскаў ля межаў Украіны

20
Выведка: Расея амаль скончыла разгортванне войскаў ля межаў Украіны
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Названая колькасць наземнай групоўкі на ўкраінскім кірунку.

Расея амаль скончыла нарошчванне сіл, якія могуць быць скарыстаныя для наступу на Украіну. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на выведвальную ацэнку Мінабароны Украіны. Паводле звестак міністэрства, Расея размясціла ў рэгіёне больш за 127 тысяч вайскоўцаў.

«Поўная колькасць наземнай групоўкі ВС РФ на ўкраінскім кірунку большая за 106 тысяч чалавек асабовага складу. Разам з марскім і паветраным складнікам агульная колькасць асабовага складу складае больш за 127 тысяч вайскоўцаў», ― цытуе тэлеканал звесткі ўкраінскай выведкі.

Ва Украіне назвалі сітуацыю складанай, адзначыўшы, што Расея «спрабуе раскалоць і аслабіць Еўрапейскі Звяз і NATO», а таксама абмежаваць магчымасці ЗША «ў гарантаванні бяспекі на еўрапейскім кантыненце».

Паводле звестак вайсковай выведкі Украіны, Расея «на сталай аснове» перакінула да сваёй заходняй мяжы войскі з цэнтральных і ўсходніх раёнаў краіны. У канцы снежня і ў студзені Расея перакідвала да мяжы «запасы боепрыпасаў, палявыя шпіталі і службы бяспекі», што, на думку Украіны, «пацвярджае падрыхтоўку да наступальных аперацый».

Паводле звестак Мінабароны, Расея падтрымлівае больш за 35 тысяч сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, дзе базуецца таксама амаль 3 тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Ва Украіне таксама паведамілі, што Расея ўзмацніла выведвальную дзейнасць, разгарнуўшы каля мяжы дадатковыя падраздзяленні спадарожнікавай і радыёсувязі, а колькасць выведвальных палётаў павялічылася ўтрая ў параўнанні з мінулым годам.

Паводле ацэнкі ўкраінскіх вайскоўцаў, паблізу межаў краіны знаходзіцца 36 пускавых установак «Іскандэр», якія могуць паражаць цэлі на адлегласці 500-700 кіламетраў, у тым ліку Кіеў. У Мінабароны не выключылі, што Расея можа выкарыстоўваць ракеты сярэдняй далёкасці для знішчэння «жыццёва важных аб'ектаў».

Таксама выведка папярэдзіла аб узнікненні новай патэнцыйнай лініі фронту ўздоўж паўночнай мяжы Украіны з Беларуссю. «Тэрыторыя Беларусі павінна разглядацца як паўнавартасны тэатр вайсковых дзеянняў, які Расея можа выкарыстоўваць для пашырэння агрэсіі супраць Украіны», - гаворыцца ў дакуменце ўкраінскай вайсковай выведкі.

Гэтыя асцярогі падзяляюць у Дзярждэпартаменце. Напярэдадні Мінабароны Беларусі абвясціла аб правядзенні ў лютым супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў і аб прыбыцці ў рэспубліку расейскіх падраздзяленняў.

У ЗША мяркуюць, што Расея можа выкарыстаць размяшчэнне сваіх войскаў у Беларусі «пад выглядам супольных вайсковых вучэнняў, каб патэнцыйна атакаваць Украіну з поўначы». Прадстаўнік Дзярждэпартамента не выключыў, што ўварванне Расеі ва Украіну можа адбыцца «ў кожны момант» цягам наступнага месяца або двух.

Заходнія СМІ і вайсковыя аналітыкі з восені мінулага года паведамлялі аб нарошчванні расейскіх войскаў ля межаў Украіны і аб магчымым уварванні ў краіну ў пачатку 2022 года. У Расеі адмаўляюць гэтыя планы і гавораць аб правакацыйных дзеяннях украінскіх уладаў на ўсходзе Украіны.

У сярэдзіне студзеня ў Белым доме, Пентагоне і вайсковай выведцы Украіны заявілі, што Расея плануе сфабрыкаваць нагоду для ўварвання ва Украіну. Паводле звестак CNN, гаворка ідзе аб аперацыі «пад чужым сцягам» на ўсходзе краіны.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках