24 траўня 2022, aўторак, 3:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша адкладзеная перамога – гэта іх адкладзеная параза»

1
«Наша адкладзеная перамога – гэта іх адкладзеная параза»
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Мікола Статкевіч цалкам упэўнены ў непазбежнасці перамен у Беларусі.

Марыне Адамовіч удалося сустрэцца са сваім мужам, лідарам беларускай апазіцыі Мікалаем Статкевічам, які знаходзіцца ў зняволенні.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org яна распавяла аб падрабязнасцях сустрэчы:

- Думаю, што вы не сумняваецеся, што Мікалай трымаецца цудоўна. Нават у гэтых умовах ён жыве паводле свайго распарадку. Мікалай дастаткова жорсткі ўстанавіў сабе рэжым і правілы. Два разы на дзень займаецца, скажам так, фізічнай культурай, спартовымі практыкаваннямі нейкімі. Шмат чытае, ніколі не адмаўляецца ад шпацыраў.

Ён на здзіўленне добра інфармаваны. Хаця цяпер, вы ведаеце, не засталося незалежнай прэсы практычна. Інфармацыю ён атрымлівае з мінімальна даступных крыніц.

У іх няма там тэлевізара, толькі гэтыя вось дзяржаўныя газеты. Мікалай смяецца, што ў яго склаўся там асабісты слоўнік, дзе, напрыклад, «вонкавае ўмяшанне» ці «лялькаводы з-за мяжы», ці «тэрарысты» азначае незадаволены народ. Дэмакратыя там значыць нешта супрацьлеглае і гэтак далей. Я цяпер усяго не ўзгадаю, але ён дастаткова з гумарам інтэрпрэтуе, скажам так, стандартныя клішэ беларускіх газет. Ён сапраўды з тым мінімумам інфармацыі, які мае, робіць, як мне падаецца, вельмі дакладныя высновы пра сітуацыю ў свеце і Беларусі.

Вось прынамсі, што да казахстанскага транзіту. Я добра памятаю нашыя ранейшыя размовы яшчэ ў 19-м годзе ці калі гэты транзіт адбываўся, Мікалай адразу сказаў, што гэта самая няўстойлівая з магчымых канструкцый. Ён ведае, што там запрасілі, скажам так, расейскае войска, называе гэтую сітуацыю беспрэцэдэнтнай на фоне абсалютна шараговых прахадных выбараў. Сказаў, што гэта ўнікальная сітуацыя, калі кіраўніцтва дзяржавы запрашае чужое войска.

- Вы напэўна абмяркоўвалі з ім апошнія падзеі ў краіне і свеце. Не маглі б вы расказаць пра ягонае бачанне сітуацыі ў Беларусі?

- Ён сказаў, што была зробленая бясконцая колькасць памылак. Не знайшлося лідара, у якога была б воля ўзначаліць пратэст. Але самае галоўнае было ўсё ж зробленае, абсалютна неабходнае. Адбылася поўная дэлегітымізацыя рэжыму. На сёння людзі ўбачылі, што адбываецца, у якіх умовах яны жывуць. І беларусы не памяняюць сваё стаўленне і пункт гледжання.

Гэта ўсё не на доўга. Ну і, безумоўна, ненадоўга, гэта не значыць, што гэта будзе заўтра. Мы разумеем, што гэта можа быць, на вялікі жаль, яшчэ гады. Але ў даляглядзе змены непазбежныя. І адзінае, і самае галоўнае, што варта вынесці, чаго варта дабівацца ў выпадку гэтых пераменаў - гэта сумленных выбараў. Толькі сумленныя выбары могуць дапамагчы краіне атрымаць нейкі новы шлях.

- Мікалай у апошні час піша вельмі глыбокія артыкулы аб сэнсе жыцця, важнасці ўчынкаў. Гэта нейкія асабістыя перажыванні ці ён хоча нам нешта сказаць праз свае нататкі?

- Я думаю, што тут усё дастаткова відавочна. Безумоўна, усе яго артыкулы паходзяць з яго асабістых перакананняў, успрымання сітуацыі і таго, што на яго думку ўплывае на магчымасць захавання і развіцця нацыі і дзяржавы. Мне падаецца, гэта для нас. Канечне, гэта для нас. Захаваць тое, што мы набылі, можна толькі праз той учынак і стаўленне грамадства да некаторых маральных выбараў. Так я б сказала.

- Сёння, калі беларусы асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы, якімі словамі Мікалая вы маглі б падбадзёрыць тых людзей, што прадаўжаюць барацьбу?

— Ведаеце, мне падабаецца не цяпер сказанае ім, а крыху раней. Ён, яшчэ раз скажу, абсалютна перакананы, што перамены непазбежныя. І пра гэтую сітуацыю ён сказаў: «Наша адкладзеная перамога - гэта іх адкладзеная параза».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».