25 красавiка 2024, Чацвер, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як разбурыць Карфаген?

18
Як разбурыць Карфаген?
Андрей Санников

Прадаўжаем размову.

Спадзяюся, ні ў кога няма пярэчанняў, што лукашэнкаўскаму рэжыму не месца на беларускай зямлі?

Таму мы павінны зыходзіць не з варажбы на кававай гушчы пра тое, што будзе ці не будзе рабіць дыктатар, а з пастулату, што «Карфаген павінен быць разбураны!»

Як разбурыць Карфаген

Нічога надзвычай новага я не скажу: казаў пра гэта сотні разоў.

Хаця не, бадай, скажу. І скажу адразу, каб пад гэтым кутом чыталася астатняе.

Дык вось, ёсць цалкам аб'ектыўныя мэты і задачы, для дасягнення і развязання якіх няма неабходнасці ісці на паклон да Віленскага офіса або пытацца парады ў «Еўрапейскай Беларусі». Яны датычацца дзеянняў у праблемах палітвязняў, санкцый, інфармацыйнай дзейнасці і да таго падобнага.

Задачы не новыя, але актуальныя.

Трыяда тых дзеянняў, якія былі абазначаныя ў пачатку рэвалюцыі, застаецца нязменнай:

- пратэсты

- страйкі

- міжнародныя санкцыі.

Праблема была ў тым, што ўсе гэтыя тры фактары пакуль яшчэ не супадалі па часе.

Калі ў жніўні 2020-га пачалі баставаць буйныя прадпрыемствы, асабліва калі Лукашэнку сталі наўпроставым тэкстам пасылаць далей, рэжым біўся ў істэрыцы, але менавіта ў гэты момант ні Еўразвяз, ні МАП (Міжнародная арганізацыя працы) нават не паспрабавалі ўвесці санкцыі, каб спыніць рэпрэсіі супраць працоўных. Кожнае прамаруджванне з санкцыямі - гэта заўсёды сігнал дыктатару, што можна ўзмацняць рэпрэсіі.

• Страйк застаецца на парадку дня рэвалюцыі як дзейсны сродак для ціску на рэжым. Апрабаваныя БАРам (Беларускім аб'яднаннем рабочых) новыя метады стачкі выявіліся дастаткова бяспечнымі і эфектыўнымі. Гэты досвед варта ўлічыць і абавязкова рыхтаваць агульнанацыянальны страйк.

• Пратэсты кожны раз «спатыкаліся» ў самы крытычны момант, калі можна было проста дзякуючы масавасці дэманстраваць сілу. Часам момант упускалі праз разгубленасць, неразуменне, што рабіць далей. Спадзяваліся, што тэлеграм-каналы падкажуць правільныя дзеянні, але такога не здаралася. Часам проста невялікай, але гучнай групцы ўдавалася развярнуць людзей, збіць напал пратэстаў. Так, на мой погляд, адбывалася некалькі разоў ля сценаў турмы на Акрэсціна, калі пратэстоўцаў вярталі валанцёры ці «валанцёры» на падставе таго, што пратэсты пад мурамі турмы адаб'юцца на становішчы зняволеных. Толькі катаванні пасля сыходу пратэстоўцаў ніяк не спыняліся і нават узмацняліся.

Канчаткова пратэсты дабіла пастанова аб «рэвалюцыі па нядзелях», г.зн., аб нядзельных маршах.

Пратэсты ў Беларусі адновяцца, няма сумневаў. Нянавісць такога напалу большасці насельніцтва да дыктатара павінна знайсці выйсце. Выбух можа адбыцца раптоўна, але да яго трэба быць гатовым. Найперш сёння трэба паклапаціцца пра сваю бяспеку, а для гэтага хаця б не рэгістравацца на сумнеўных платформах, якія патрабуюць асабістых звестак і абяцаюць перамогу пасля атрымання такіх звестак, а на справе вядуць да арыштаў зарэгістраваных. Не варта таксама ўдзельнічаць у зум-канферэнцыях, асабліва арганізаваных звонку з Беларуссю, на якіх абмяркоўваюцца пытанні супраціву рэжыму. Зум на сённяшні дзень не забяспечвае ніякай бяспекі, і гэтым з задавальненнем карыстаецца гэбня для запісу відэа ўдзельнікаў і вытворчасці сфабрыкаваных абвінавачанняў, за якімі ідуць арышты. Ды вы і самі гэта ведаеце. Увогуле «Будзьце пільныя!» (c). Беражыце сябе, але, як нядаўна сказаў Юры Хашчавацкі - не губляйце адзін аднаго з-пад увагі.

• Санкцыі і міжнародны трыбунал. Санкцыі пакуль настолькі дзіравыя, што часам больш працуюць на падтрымку рэжыму, а не на ягонае паслабленне. Санкцыі павінны ўвесь час узмацняцца, для чаго варта было б заняцца латаннем у іх дзірак тым, хто можа на гэта паўплываць.

Нас шмат, мы - сіла

Цяпер аб тым, што можна і трэба рабіць як індывідуальна, так і супольна, не чакаючы нейкіх каманд. Тут больш размова пойдзе пра дыяспару, каб не падстаўляць людзей з Беларусі. Апошнім магу параіць перачытаць ці прачытаць працу Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі» і асаблівую ўвагу звярнуць на яго 198 метадаў негвалтоўнага супраціву. Пазнавальна і карысна.

Дыяспара

За кароткі перыяд часу з неадметнай сярод многіх іншых нацыянальнасцей эміграцыі беларусы за мяжой ператварыліся ў магутную дыяспару, з якой проста не могуць не лічыцца палітыкі тых краін, дзе яны сёння жывуць. Тое, што зрабіла дыяспара для прасоўвання Беларусі ў свеце, цяжка пераацаніць.

Калі ўдумацца, адбылася проста фантастычная рэч: гаворачы аб трагедыі, патрабуючы расследавання злачынстваў, г.зн., пра рэчы дастаткова сумныя, беларусы адначасова сваімі акцыямі, сваёй салідарнасцю стварылі вельмі прывабны, пазітыўны, моцны і прыгожы вобраз нашай краіны ў свеце.

Працяг актыўнай дзейнасці дыяспары, пашырэнне сфер яе дзейнасці ёсць і будзе важным фактарам, які набліжае перамогу рэвалюцыі.

Бізнэсоўцы-патрыёты (с)

На зонах я сустракаў розных бізнэсоўцаў, «камерсаў», як іх там называюць. Шмат у каго логіка была простая, як і стаўленне да палітычных: «Жадаеце ламаць сабе шыі – калі ласка, усё адно нічога ў вас не выйдзе. У адрозненне ад вас мы ведаем, за што сядзім. За свае грошы. Адсядзім, выйдзем, і зажывем на прыхаваныя капіталы».

Пазіцыя цынічная, але зразумелая: мы не жадаем рызыкаваць, не верачы ў поспех.

Аднак цяпер, пасля 2020 года сітуацыя ў корані змянілася. «Прапятляць» ужо не атрымаецца. Дыктатура ўвайшла ў стадыю псіхапатыі, і ні грошы, ні сувязі ўжо камерсам не дапамогуць. Чыж таму прыклад. Уся ранейшая логіка - падстроіцца, каб выратаваць назапашванні, - раптоўна абрынулася. Стала зразумела, што ў бізнэсе за аганізаваным псіхапатам ніхто не ацалее. Бізнэс пабег з Беларусі.

Але, прыбегшы, некаторыя бізнэсоўцы павялі сябе, скажам мякка, дзіўнавата. Яны раптам сталі прэтэндаваць на грашовую дапамогу ў тых краінах, у якія прыбеглі. Дзіўна, што вялікая колькасць заможных людзей раптам за мяжой наважылі выціснуць нейкую капейку са сваёй вымушанай эміграцыі. У Варшаве нават арганізавалі цэлы форум, на якім галоўным пытаннем было: як Еўропа можа дапамагчы бізнэсоўцам, якія з'ехалі, уладкавацца на Захадзе, дапамагчы ім выратаваць актывы і забяспечыць спрыяльны рэжым для працягу іх бізнэсу ў новых варунках.

Я зразумеў, што камерсы зноў жадаюць прыстасавацца. Сярод «ахвяраў рэжыму» з ліку бізнэсоўцаў ёсць і тыя, якія ў 2010 годзе пагражалі работнікам звальненнем за падтрымку апазіцыі.

Ратаваць і нават прымнажаць свае капіталы бізнэс зможа толькі ў свабоднай Беларусі, а не за рэжымам Лукашэнкі. Так укладайцеся нарэшце ў рэвалюцыю, а не ў прыстасаванства. Паверце, нарэшце, у сябе, а не ў сваё ўяўнае шанцаванне. У свабоднай краіне ваш бізнэс ірване так, як нават вы не маглі марыць. Спадзяюся, што я памыляюся, і дапамога ад з'ехаўшага бізнэсу ўсё ж ідзе, але яе не відаць, ці яна неэфектыўная.

Што яшчэ? Палітвязні

На першым месцы, канешне ж, пытанне аб вызваленні палітвязняў, нашых ваеннапалонных. Іх значна больш, чым абвешчаная праваабаронцамі лічба. Нехта прыдумаў «адмазку», што сем'і і сваякі просяць, каб іх родных не прызнавалі палітвязнямі. Можа, але я ўпэўнены, што гэта адзінкавыя выпадкі.

Не магу сабе ўявіць, каб родныя Мікалая Аўтуховіча прасілі пра гэта, аднак яго ўпарта не хацелі прызнаваць палітвязнем падчас першага тэрміну, не прызнаюць і цяпер. А між тым яму, як і ўсім удзельнікам сфабрыкаванай карнікамі групы, перакваліфікавалі з другой на трэцюю частку артыкула аб тэрарызме, і яму цяпер пагражае смяротнае пакаранне.

Забіваюць у турме Андрэя Войніча, якому патрабуецца перасадка печані.

Здзекуюцца з Дзмітрыя Гопта, юнака з псіхічным захворваннем, які нават дрэнна разумее, што з ім адбываецца, і за што з ім так, і праз гэта ўвесь час плача.

Ламаюць гераічную Паліну Шарэнда-Панасюк, якая ў вочы назвала бандытаў бандытамі.

Іх тысячы, і іх трэба ратаваць.

• Для пачатку варта прывесці спіс палітвязняў у адпаведнасць з рэальнасцю і гэты пашыраны спіс распаўсюджваць у публічнай прасторы. Тут добрай асновай паслужыць спіс з сайта dissidentby.com, паводле якога 1219 чалавек знаходзяцца ў зняволенні і 274 - на хатняй хіміі.

• Рэжым старанна засакрэціў усю інфармацыю аб кіраўніках і адміністрацыі турмаў і калоній. Тут спецыялісты маглі б дапамагчы даведацца гэтыя звесткі і апублікаваць іх. Такія звесткі вельмі патрэбныя, каб звароты аб неналежных умовах утрымання былі адраснымі і каб адказнасць за катаванні была паймёнай.

• Нават пры адсутнасці прозвішчаў кіраўніцтва пенітэнцыярных устаноў варта прасіць палітыкаў замежных дзяржаў пісаць у турмы і калоніі, асабліва калі з'яўляецца інфармацыя аб здзеках з людзей, указваць гэтаму кіраўніцтву на недапушчальнасць жорсткага абыходжання з палітвязнямі і пра адказнасць за такія паводзіны. Гэта працуе, ведаю з уласнага досведу.

• Ёсць такі праект «прыёмных бацькоў» палітвязняў, які яшчэ пасля разгону Плошчы-2010 стварыла праваабарончая арганізацыя Libereco. Яго сутнасць у тым, што замежныя палітыкі, у асноўным парламентарыі, бяруць шэфства над беларускімі палітвязнямі. Яго эфектыўнасць залежыць ад актыўнасці саміх «прыёмных бацькоў», якая не заўсёды, скажам шчыра, бывае належнай.

Па прыкладзе праекту Libereco такі ж праект мог бы арганізаваць бізнэс, які з’ехаў, тым больш, што палітвязням патрабуюцца ў турмах і грашовыя сродкі, і адзежа, і прадукты. Я ведаю, што некаторыя бізнэсоўцы такую дапамогу надаюць. Гаворка ідзе пра тое, каб кожны палітвязень з пашыранага спісу меў свайго «анёла» на волі, натуральна ананімнага, які б браў на сябе турэмныя выдаткі не такія ўжо і вялікія.

Санкцыі

Вельмі важная роля дыяспары ва ўзмацненні санкцый. Тут гаворка ідзе нават не пра санкцыі Еўразвяза, там заўсёды будуць свае гульні, а санкцыі асобных краін, кампаній, міжнародных арганізацый.

• Варта прадаўжаць выяўляць замежныя фірмы, якія проста ці ўскосна падтрымліваюць рэжым і патрабаваць іх сыходу з Беларусі, як гэта рабілі ў 2020-м годзе Danone і Nestle, здымаючы сваю рэкламу з лукашэнкаўскай тэлевізіі.

• Для абароны працоўных патрэбныя санкцыі МАП (Міжнароднай арганізацыі працы). Легальны страйк з эканамічнымі, сацыяльнымі і працаахоўнымі патрабаваннямі быў бы магчымы, калі б быў падтрыманы санкцыямі МАП. Уладам удаецца адбівацца ад санкцыяў з дапамогай Аляксандра Ярашука, які ўзначальвае Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзвязаў, які ўжо даўно прадстаўляе не працоўных, а рэжым. Патрэбныя звароты ў МАП прадстаўнікоў стачкамаў, рэальных прафзвязаў, працоўных лідараў, якія апынуліся за мяжой.

• Неабходна сур'ёзная праца для прасоўвання стварэння міжнароднага трыбунала аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Гэта знаходзіцца ў кампетэнцыі Рады Бяспекі ААН. Што да беларускага пытання адбылося ўжо 3 паседжанні па «формуле Арыа», што беспрэцэдэнтна і вельмі выдатна, аднак насілі яны характар піяр-мерапрыемстваў, што таксама трэба, але ўжо недастаткова. Над рэжымам неабходна падвесіць дамоклаў меч у выглядзе праекту рэзалюцыі аб стварэнні міжнароднага трыбунала аб яго злачынствах. Зразумела, што ён не будзе прыняты праз Расею і Кітай, але сам факт яго існавання стане вельмі моцнай прыладай ціску і стрымлівання, а пры змене сітуацыі ён можа быць прыняты ў момант. У Радзе Бяспекі сёння склалася спрыяльная сітуацыя для такіх дзеянняў. Акрамя нашых аб'ектыўных хаўруснікаў сталых чальцоў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, трое нясталых чальцоў ужо праяўлялі сваю салідарнасць і гатоўнасць бараніць інтарэсы дэмакратычнай Беларусі. Гэта Эстонія, Ірландыя, Нарвегія. Дыяспара ў гэтых краінах магла б абмяркоўваць такія крокі з палітыкамі. Гэта заўсёды дапамагае.

• Я неаднаразова прапаноўваў дэпутатам Еўрапарламента прыняць пастанову аб увядзенні аўтаматычных уязных санкцый супраць усіх злачынцаў, якія служаць рэжыму Лукашэнкі. Сутнасць прапановы ў тым, каб уключыць у Шэнгенскую візавую анкету пытанні, аналагічныя пытанням анкеты ЗША. Там, напрыклад, пытаецца: ці бралі Вы калі-небудзь удзел у ажыццяўленні, заахвочванні, фінансаванні, арганізацыі катаванняў?

Ці бралі Вы калі-небудзь удзел у ажыццяўленні, заахвочванні, фінансаванні, арганізацыі забойстваў (у тым ліку палітычных) ці іншых падобных актаў гвалту.

Аналагічныя пытанні сталі б адкладзеным пакараннем для злачынцаў з Беларусі. Па-першае таму, што шмат хто не рызыкнуў бы ездзіць у Еўропу. Па-другое, калі б і рызыкнулі, то хлусіў бы ў анкетах, а гэта ў Еўропе караецца. Дэпутаты, з якімі я гэта абмяркоўваў, не асабліва гарэлі жаданнем прасоўваць гэтую ідэю. Адзін з іх даверліва паведаміў мне, што гэта можа пашкодзіць бізнэсу. Тут дыяспара магла б дапамагчы праз дэпутатаў з адпаведных краін, калі гэтая прапанова прымальная.

Я ўпэўнены, што людзі і самі выдатна ведаюць, што трэба рабіць, і робяць гэта. Я проста падзяліўся сваімі меркаваннямі аб некаторых дзеяннях, якія не патрабуюць асобных указанняў, але якія дапамогуць усёй нашай сітуацыі.

Адсутнасць рашучых дзеянняў у патрэбны момант, для якіх неабходна асабістая мужнасць, нават з самых высакародных памкненняў вядзе да самых трагічных наступстваў.

Здавалася б, не пайшлі да турмы, бо нехта сказаў, што палітвязням зробяць пякельнае жыццё, у выніку і палітвязняў і катаванняў стала невыносна больш.

Здавалася б, не захацелі заклікаць абвастраць пратэсты, у выніку пратэсты былі задушаныя, людзей дагэтуль пераследуюць і кідаюць у турмы.

Усякая рэвалюцыя, усякі пратэст патрабуе асабістай мужнасці. Кожны вызначае для сябе мяжу рызыкі. Аднак трэба разумець, што нерашучасць вядзе да ахвяр, а да перамогі вядзе ўчынак.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках