24 красавiка 2024, Серада, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Такаеў расказаў, чаму зрынулі Назарбаева

8
Такаеў расказаў, чаму зрынулі Назарбаева

Прэзідэнт Казахстана выклаў сваю версію сустрэчы з буйнымі бізнэсмэнамі.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў 21 студзеня на сустрэчы з буйнымі бізнэсмэнамі расказаў, што стала прычынай пратэстаў у Казахстане і прапанаваў новую рэформу.

Паводле ягоных словаў, падзеі пачатку студзеня ў Казахстане агалілі праблемы, якія збіраліся гадамі, разрыў у прыбытках паміж багатымі і беднымі дасягнуў недапушчальнага ўзроўню, паведамляе РБК.

«Такое расслаенне ў прыбытках згуляла ролю запаленай запалкі і парахавой бочкі, чым скарысталіся баевікі-тэрарысты і змоўнікі, якія стаяць за імі», – сказаў Такаеў.

І дадаў, што «міжнародныя эксперты сцвярджаюць, што ўсяго 162 чалавекі валодаюць паловай маёмасці [краіны]. У той час як у паловы насельніцтва прыбыткі не перавышаюць і 50 тыс. тэнге. Гэта крыху больш за $1,3 тыс. за год. На такія грошы пражыць немагчыма, сітуацыю трэба тэрмінова мяняць».

Нагадаем, што 5 студзеня на фоне пратэстаў Такаеў заявіў, што ўступае на пасаду Рады бяспекі, тым самым ссоўваючы першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. У той самы дзень ён таксама абвясціў пра адстаўку ўраду і ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча. Прэзідэнт звярнуўся па дапамогу да АДКБ, матываваўшы гэта тым, што пратэставымі настроямі скарысталіся тэрарыстычныя сілы.

Таксама Такаеў заявіў, што патрэбныя рэальныя рэформы, якія адпавядаюць інтарэсам грамадзянаў краіны:

«Трэба перагарнуць старонку і пачаць супольную працу над выбудоўваннем новай эканамічнай палітыкі, якая павінна стаць асновай новага Казахстана».

Паводле ягоных словаў, асноўнымі прынцыпамі новай эканамічнай палітыкі павінны стаць сумленная канкурэнцыя, празрыстасць пастановаў, прадказальнасць дзяржаўнай палітыкі, падатковая сумленнасць бізнэсу, сацыяльная адказнасць прадпрымальнікаў.

«Абсалютна ўпэўнены ў тым, што ў паспяховай рэалізацыі сацыяльна-эканамічных рэформаў зацікаўлены менавіта буйны бізнэс, наша буржуазія. Бо менавіта бізнэс-эліце краіны ёсць што страчваць. Але разам з тым ёсць добрыя магчымасці для далейшага пашырэння сваёй справы», – дадаў прэзідэнт Казахстана, паведамляе forbes.kz.

Пазбаўленне Назарбаева галоўных пажыццёвых пасадаў

Дарэчы, 19 студзеня стала вядома, што Назарбаеў, напэўна, не будзе да канца жыцця ўзначальваць Асамблею Народа Казахстана і Раду бяспекі. Адпаведныя законапраекты ўжо ўхваліла ніжняя палата парламента краіны. Цяпер змены павінна зацвердзіць верхняя палата.

«Па пасадзе, а не па асобе» – У Казахстане парламент прагаласаваў за пазбаўленне Назарбаева галоўных пажыццёвых пасадаў. Што цяпер з ім будзе?

Дзень таму, 18 студзеня, на Youtube-канале Назарбаева з'явіўся ягоны відэазварот на казахскай і расейскай мовах. Ад пачатку пратэстаў у краіне было невядома, дзе ён і што з ім.

«Я ў 2019 годзе перадаў паўнамоцтвы Прэзідэнта Касым-Жамарту Такаеву і з таго часу з'яўляюся пенсіянерам, і цяпер знаходжуся на заслужаным адпачынку ў сталіцы Казахстана і нікуды не з'язджаў», – сказаў елбасы на відэа.

І дадаў: «Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў валодае ўсёй паўнатой улады. Ён старшыня Рады бяспекі. У хуткім часе Прэзідэнт будзе абраны старшынёй партыі "Nur Otan". Таму ніякага канфлікту ці супрацьстаяння ў эліце няма. Чуткі на гэтую тэму абсалютна беспадстаўныя».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках