20 красавiка 2024, Субота, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пярэваратні ў мантыях

4
Пярэваратні ў мантыях

Што звязвае суддзяў, якія забаранілі «Мемарыял», з бандытамі, сілавікамі і карупцыяй?

Федэральныя суддзі, якія забаранілі «Мемарыял» і якія адзначыліся ў шэрагу іншых палітычных справаў, маюць у найбліжэйшым асяроддзі крымінальнікаў і атрымліваюць ад адвакатаў паслугі, якія складана растлумачыць чымсьці акрамя карупцыі, піша theins.ru.

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» ліквідаваны пастановай суддзі Масгарсуда Міхаіла Казакова. У ягоным паслужным спісе разгляд справаў аб прызнанні экстрэмісцкімі арганізацыямі ФБК і штабоў Навальнага, рухаў «Армія волі народа» і «Расейцы». Казакоў не пускаў на выбары апазіцыянераў Канстанціна Янкаўскаса і Міхаіла Касьянава, а ў патрабаванні Аляксею Навальнаму зняць з выбараў мэра Масквы Сяргея Сабяніна, наадварот, адмовіў. Ён жа не стаў забараняць высечку Хімкінскага лесу дзеля будаўніцтва аўтамагістралі яшчэ ў далёкім 2008 годзе.

Наяўнасць крымінальных сувязяў у суддзяў не заахвочваецца, але ў сямейным коле Казакова іх мноства. Паводле звестак The Insider, цесць Казакова – Альфрэд Левін – фігуруе ў крымінальных базах як двойчы асуджаны, спачатку за рабаванне («рывок шапкі»), потым за кантрабанду карціны. Акрамя таго, сужыцель (ці муж, невядома, ці распісаныя яны) сястры Казакова, Андрэй Чарапанаў, быў у судзе за рабаванне – у кампаніі адабралі ў парку грошы ў хлопчыка. Сёння Чарапанаў ужо бізнэсмэн, афіцыйна займаецца будаўнічымі матэрыяламі. Цікава, што партнёр Чарапанава Ігар Далманаў асвоіў паўмільярда рублёў на пастаўках сэрвернага абсталявання ФСБ і іншым дзяржорганам.

Ці інфармаваў Казакоў кваліфікацыйную калегію суддзяў пра наяўнасць асуджаных сярод сваякоў – невядома. Парушэннем прызнаецца ўтойванне падобных звестак (а не сама іх наяўнасць).

Яшчэ адна замешаная ў знішчэнні грамадзянскай супольнасці суддзя ўжо Вярхоўнага суда – Ала Назарава. Яна ліквідавала міжнародны «Мемарыял».

Назарава можа сабе дазволіць валодаць Mercedes-Benz GLK-класу. Паркоўку гэтага аўтамабіля (М5**РМ77), згодна з выцечкай інфармацыі сталічнай паркоўкі, са свайго мабільнага тэлефона аплачваў адвакат калегіі «Юлава і партнёры» Міхаіл Пяндзюрын. Так, аўтамабіль незамужняй (прынамсі на стан 2014 года) суддзі правёў больш за дзве гадзіны на аплачанай адвакатам паркоўцы на Нягліннай вуліцы ля гатэля і рэстарана «Арарат».

Адвакат Пяндзюрын спецыялізуецца на вядзенні падатковых справаў. Праз супадзенне разгляд падатковых спрэчак (у ліку іншага) знаходзіцца ў кампетэнцыі суддзі Назаравай. Пяндзюрын у якасці прадстаўніка перамагаў у справах у Вярхоўным судзе, праўда, Назарава ў іх наўпрост не ўдзельнічала.

Зрэшты, Пяндзюрын – не адзіны адвакат, з якім Назараву звязваюць аўтамабілі. Апроч сваёй машыны, яна перасоўвалася і на Mercedes (Т9**ЕР97), прыналежным адвакату Юрыю Бранфілаву

Суддзі Міхаіл Казакоў і Ала Назарава прачыталі паведамленні The Insider з пытаннямі датычна выкладзеных фактаў, але магчымасцю для каментароў не скарысталіся.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках