19 красавiка 2024, Пятніца, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чэшскі кардынал заклікаў сучасных еўрапейцаў браць прыклад са Скарыны

1
Чэшскі кардынал заклікаў сучасных еўрапейцаў браць прыклад са Скарыны

Дамінік Дука параўнаў дзейнасць нашага вялікага земляка са стварэннем інтэрнэту.

20 студзеня з удзелам старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, біскупа віцебскага Алега Буткевіча ў касцёле Святога Андрэя Баболі ў Полацку адзначылі 500-годдзе выдання Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы».

У родным горадзе першадрукара адбылося ўрачыстае богаслужэнне, у якім разам з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату маліліся святары лацінскага і ўсходняга абрадаў, полацкія парафіяне і госці.

Як паведамляе Catholicnews.by, у пастырскім слове да вернікаў біскуп Буткевіч адзначыў:

«Францішак Скарына з'яўляецца для нас прарокам – тым, хто ў сваім жыцці перш за ўсё імкнуўся жыць Божым словам і ім дзяліцца».

«Малая падарожная кніжыца» – гэта збор псалмоў і малітваў, выдадзены Францішкам Скарынам у 1522 годзе ў Вільні. Яна стала фактычна першым малітоўнікам на роднай мове для парафіянаў. Гэтае ўнікальнае выданне, як і шмат што з таго, што зрабіў вялікі дзеяч Адраджэння, апярэдзіла свой час і з'яўляецца нацыянальным духоўным здабыткам нашага народа.

Набажэнствы ў той самы дзень прайшлі ў Менску, Вільні, Празе, Падуі і Варшаве, а ў Літве 2022 год абвешчаны Годам Скарыны.

У сталіцы Чэхіі, у базіліцы Святых Пятра і Паўла, арцыбіскуп Прагі кардынал Дамінік Дука параўнаў Скарыну са стваральнікамі інтэрнэту і назваў яго вялікім еўрапейскім гуманістам, з якога павінны браць прыклад сучасныя еўрапейцы, якія забываюцца, дзе іхнія карані.

«Скарына з Полацка, які вучыўся ў Кракаве і Падуі, працаваў у Празе і Вільні, гэта прыклад еўрапейца, які злучаў гэтыя гарады і рэгіёны, сказаў чэшскі прымас. А сваёй друкарскай дзейнасцю паўплываў не толькі на беларускую і ўкраінскую мову, але і на чэшскую. Кардынал Дука маліўся за беларусаў, каб памяталі пра свае карані і ведалі, куды яны ідуць, а таксама за тое, каб беларускія ўцекачы як мага хутчэй вярнуліся на радзіму», – напісаў у Фэйсбуку Дзмітрый Гурневіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках