19 красавiка 2024, Пятніца, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад ФРГ адмовіўся прызнаць атамную энэргію «зялёнай»

6
Урад ФРГ адмовіўся прызнаць атамную энэргію «зялёнай»

Яна спалучаная з рызыкай сур'ёзных аварый.

Урад ФРГ у заяве, накіраванай Еўракамісіі (ЕК), катэгарычна адмовіўся прызнаваць атамную энэргетыку «зялёнай», паведамілі ўвечары ў пятніцу, 21 студзеня, нямецкія СМІ са спасылкай на тэкст заявы. «На думку федэральнага ўраду, атамная энэргія не адпавядае канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Нельга выключыць сур'ёзных аварый з пагрозамі для чалавека і навакольнага асяроддзя, піша DW. Атамная энэргія – дарагая, пытанне пра ўтылізацыю атамных адкідаў таксама не ўрэгуляванае», – гаворыцца ў дакуменце.

У той самы час урад ФРГ пагадзіўся прызнаць прыродны газ так званай прамежкавай тэхналогіяй. «На думку федэральнага ўраду, газ, які выкарыстоўваецца ў самых сучасных і эфектыўных газавых электрастанцыях цягам абмежаванага тэрміну – да пераходу на энэргетыку, якая грунтуецца на аднаўляльных энэрганосьбітах, – з'яўляецца прамежкавым звяном, якое дазваляе хутка адмовіцца ад вугалю і тым самым дамагчыся ў кароткатэрміновай перспектыве скарачэння вуглякіслага газу і забяспечыць паскораны пераход на аднаўляльныя крыніцы энэргіі», – указваецца ў заяве.

Тэрмін падачы абгрунтаванняў у ЕК скончыўся ў нуль гадзінаў 22 студзеня. Ва ўрадзе ФРГ да апошняй хвіліны ішлі спрэчкі пра дапушчальнасць прызнання газу энэрганосьбітам, які адпавядае канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Датычна непрызнання «зялёнай» атамнай энэргетыкі згода ў кабінеце была дасягнутая ўжо даўно.

Планы ЕЗ у сферы энэргетыкі

У канцы снежня Еўракамісія разаслала праект высновы, у якім гаворыцца, што інвестыцыі ў АЭС апошняга пакалення могуць быць прызнаныя адпаведнымі канцэпцыі ўстойлівага развіцця пры наяўнасці прымальнага плана пахавання атамных адкідаў. Газавыя электрастанцыі таксама прызнаюцца «зялёнымі» на абмежаваны тэрмін пры выкананні шэрагу ўмоваў.

Агенцтва AFP адзначае, што нягледзячы на негатыўнае стаўленне ўраду ФРГ да атамнай энэргетыкі, Нямеччына наўрад ці здолее перашкодзіць Еўракамісіі рэалізаваць сваю праграму, паколькі толькі нямногія краіны ЕЗ адкрыта выступілі супраць прызнання атамнай энэргетыкі і газу «зялёнымі» відамі энэргіі. Аўстрыя і Люксембург маюць намер падаць у суд, каб прадухіліць уключэнне атамнай энэргетыкі ў спіс «зялёных» інвестыцый.

Адмова Нямеччыны ад АЭС

Нямеччына яшчэ ў 2000 годзе прыняла пастанову пра паступовую адмову ад атамнай энэргетыкі. На той момант у краіне дзейнічалі 19 АЭС. У 2011 годзе пры канцлерцы Ангеле Меркель (Angela Merkel) было пастаноўлена закончыць гэты працэс да канца 2022 года. Цяпер у ФРГ засталося ўсяго тры АЭС, іх павінны адключыць да 31 снежня.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках