28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваенны аналітык: Харкаў ператворыцца ў Грозны

15
Ваенны аналітык: Харкаў ператворыцца ў Грозны

Чаму расейскія войскі не пойдуць у гарады Украіны.

У інтэрв'ю Washington Post прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, расказаў, што Харкаў можа быць акупаваны Расеяй на падставе абароны расейскамоўнага насельніцтва. У той самы час Галоўная ўправа разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што з пачатку студзеня акупанты таемна завезлі чыгункай і аўтамабільным транспартам з тэрыторыі РФ больш за 7 тысячаў тонаў паліва, некалькі танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, а таксама снарады для мінамётаў і артылерыі. Наколькі верагодны агучаны Уладзімірам Зяленскім сцэнар і ці з'яўляюцца новыя пастаўкі паліва Расеяй у АРДЛА сігналам да таго, што Расея рыхтуецца напасці, «Апострафу» расказаў ваенны аглядальнік Міхаіл Жырохаў.

Расейскія вайскоўцы наўрад ці рызыкнуць увязвацца ў вулічныя баі за Харкаў, беручы да ўвагі досвед баёў за Грозны. Аднак калі расейцы будуць праводзіць лакальную аперацыю, то найболей верагодным будзе ўдар у кірунку Харкаўскай вобласці па тылах нашай групоўкі, якая знаходзіцца на Данбасе. У гэтым выпадку задачай гэтай аперацыі будзе выхад на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. Адзін са сцэнарыяў – нанясенне асноўнага ўдару з тэрыторыі акупаванага Данбаса, а падтрымны флангавы ўдар прыйдзецца на Харкаўскую вобласць у напрамку адміністрацыйнай мяжы з Луганскай вобласцю. Там знаходзіцца наша другая лінія, склады і ўся неабходная інфраструктура. Гэта найболей зручны варыянт для расейцаў. Пуцін такім чынам «захавае твар», паколькі для ўнутранага спажывання яму трэба будзе тлумачыць, чаму не пачалася вялікая вайна з Украінай.

Мяркую, што адпаведнымі ўстановамі нашаму прэзідэнту называліся і іншыя населеныя пункты, якія знаходзяцца пад прыцэлам Расеі. Проста я не выключаю, што Зяленскі з усіх гарадоў запомніў толькі Харкаў. Наколькі мне вядома, ёсць 8/10 варыянтаў наступу расейцаў. Гэта можа быць і наступ на Сумскую вобласць, і высадка дэсанту з камбінаваным ударам з акупаваных тэрыторый у напрамку Марыупаля. Таксама гаворка можа ісці пра высадку дэсанту ў раёне Адэсы. Але ў самой Адэсе магчымасці для высадкі расейскага дэсанта адсутнічаюць. Такім чынам, 3-4 сухапутныя напрамкі і высадка на Азоўскім і Чарнаморскім узбярэжжы, якія будуць падтрыманыя ўдарамі з акупаванага Крыма і Данбаса. Але з досведу дзвюх сусветных войнаў, так званае «крымскае горлачка» будзе ўносіць карэктывы ў план вядзення бою расейцаў. Так, і ўкраінскі бок падрыхтаваў за гэтыя 8 гадоў некаторыя нечаканкі для расейцаў, у тым ліку і мінныя палі.

Калі казаць пра танканебяспечныя кірункі, то гаворка пойдзе пра Сумы і Харкаў. Чарнігаўшчыну я не разглядаю праз вялізную колькасць рэк і невялікую колькасць мастоў, якія змогуць вытрымаць 40 тонаў, гэта значыць вытрымаць танкі. Калі падарваць 5 мастоў, якія там прысутнічаюць, то гэта саб'е тэмп наступу расейскага войска. А для расейцаў першыя тры дні будуць вельмі важныя. Расея разумее, што на гэты раз Захад будзе дастаткова моцна рэагаваць на агрэсію, і таму ім цягам 72 гадзінаў трэба будзе заняць як мага больш тэрыторый без вулічных баёў. Гэта такі саўковы комплекс, калі вайскоўцы баяцца вулічных бітваў. З гэтай прычыны расейцы ў 2014 годзе ні ў Данецк, ні ў Луганск не ўвайшлі, хоць у іх была такая магчымасць. Таму што ў афіцэраў, якія маюць савецкую падрыхтоўку, на ўзроўні падкоркі зашыты тэзіс – вулічных баёў унікаць. Гэта ідзе з таго моманту, калі савецкае войска панесла вялізныя страты пры ўзяцці Берліна і Варшавы падчас Другой сусветнай вайны.

А тыя 7 тысячаў тонаў паліва, якія завезлі на Данбас, нельга ўважаць за маркер наступу. Рэч у тым, што маштабных складоў боепрыпасаў і паліўна-змазачных матэрыялаў на тэрыторыі акупаванага Данбаса няма, і яны завозяцца на колах. Тое, пра што паведаміла ГУР МА, гэта той мінімум, які неабходны для навучальнай падрыхтоўкі. Цяпер стартаваў так званы зімовы перыяд навучання, і на ўсіх палігонах, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях, ідзе падрыхтоўка і зладжванне баявых частак. Ды і аб'ёмы паліва не такія вялікія, каб весці баявыя дзеянні. Фактычна гэта запраўка 300 танкаў за дзень. Яны змогуць ездзіць, але не ваяваць. Калі танкі ваююць, то выдатак паліва ў разы большы. Таму я асабіста не думаю, што яны рыхтуюцца да наступу. Для наступу трэба, каб палівазапраўнікі ішлі чарадой. Але гэтага мы пакуль не бачым.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках