24 красавiка 2024, Серада, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх вяскоўцаў падманулі з «прадуктовымі карткамі»

18
Беларускіх вяскоўцаў падманулі з «прадуктовымі карткамі»

Чыноўнікі выразна растлумачыць сітуацыю не могуць.

З 17 студзеня буйныя гандлёвыя сеткі Беларусі пачалі прадаваць некаторыя сацыяльна значныя тавары для пенсіянераў, шматдзетных сем'яў і малазабяспечаных людзей са зніжкай 10 адсоткаў. Аднак пакуль не ўсе пакупнікі ў сельскай мясцовасці могуць карыстацца гэтай акцыяй.

На ўсё пра ўсё тры дні

«Народная Воля» на прыкладзе Гарадзенскага рэгіёну паглядзела, як дзейнічае такая ініцыятыва. Праз даведку «Еўраопта» – адной з найбольш распаўсюджаных у галіне гандлёвай сеткі – лёгка можна атрымаць інфармацыю, як скарыстацца акцыяй.

Для гэтага неабходна звярнуцца ў любую краму іх гандлёвай сеткі (пры сабе мець пасведчанне пенсіянера, пашпарт, а таксама бонусную картку), на месцы напісаць заяву пра тое, што вы хочаце змяніць статус на бонуснай картцы, якая зарэгістраваная на сайце, на сацыяльны. І цягам трох дзён зніжка праз вашу картку пачне дзейнічаць.

Тэарэтычна ўсё выглядае даволі сучасна. Праўда, ажыятажу пакуль не назіраецца: у крамах гандлёвай сеткі «Еўраопт» можна назіраць толькі адзінкавых пакупнікоў, якія запаўняюць неабходную заяву.

– Трэба было пра гэта загадзя папярэдзіць і растлумачыць людзям, – заўважае мужчына сталага веку ў чарзе. – А то пройдзе зіма, а многія не будуць нават ведаць, што падобныя зніжкі існуюць.

Яшчэ адна пенсіянерка наракае, што трэба пісаць нейкія заявы, а яна без акуляраў гэтага зрабіць не можа. Але маладзенькія супрацоўніцы крамы хутка прыходзяць на дапамогу старэйшым людзям.

«Мы пакуль нічога не ведаем…»

Інакш выглядае сітуацыя ў сельскай мясцовасці. Як вядома, у большасці вёсак на тэрыторыі краіны ёсць толькі крамы гандлёвай сеткі «Белкаапзвязу». Яны і з'яўляюцца адзіным месцам, дзе людзі могуць набываць прадукты харчавання.

І вось тут пачынаюцца праблемы. У вясковых крамах Беларускага спажывецкага таварыства ў розных раёнах загадчыцы крамаў адказвалі, што нават нічога не чулі пра ўвядзенне падобнай акцыі са зніжкамі на сацыяльна значныя тавары. Дарэчы, падобны адказ гучаў і ў крамах раённых цэнтраў, якія належаць спажывецкаму таварыству, і нават у абласным горадзе.

Не атрымалася знайсці і сярод вяскоўцаў тых, хто ведаў бы пра адрасную сацыяльную падтрымку ўразлівых слаёў насельніцтва.

– Мы пра такое не чулі, – сказаў Міхась Сошка са Слонімскага раёна. – І сваякі, якія жывуць у вёсцы, таксама нічога не гаварылі.

А Уладзімір Трахімчык з Галавачоў, што ў Гарадзенскім раёне, без асаблівых эмоцый заўважыў:

– У нас адна крама, і тая прыватная, а таму ў любым выпадку не маем шанцаў скарыстацца такой адраснай падтрымкай. Былі ж залатыя часы, калі ў вёсцы ў адной краме можна было набыць і хлеб, і шынку, і касу, і тазік... ды практычна ўсе патрэбныя ў гаспадарцы рэчы…

У абласным спажывецкім таварыстве першы намеснік старшыні Андрэй Гаўк выразна растлумачыць сітуацыю не змог, праўда, сказаў, што не ўсе гандлёвыя сеткі адначасова могуць падключыцца да акцыі. І параіў звяртацца ў галаўны офіс «Белкаапзвязу».

Праз тэлефон гарачай лініі «Белкаапзвязу» спецыялістка арганізацыі растлумачыла, што цягам тыдня ў іх крамах павінны запусціць гэту праграму, праўда, удзельнічаць у ёй змогуць толькі аўтаматызаваныя крамы. Гэта тыя, якія маюць кампутар для распазнання штрых-кодаў на таварах. Высвятляецца, многія вясковыя крамы да гэтага часу карыстаюцца толькі касавымі апаратамі, а гэтага недастаткова, каб праводзіць улік тавару, рэалізаванага з дысконтнымі карткамі.

Дарэчы, і дысконтныя карткі для сваіх крамаў «Белкаапзвяз» яшчэ толькі заказаў. Магчыма, яны з'явяцца цягам тыдня, тады і пачнуць прымаць заявы ад пакупнікоў, якія маюць права на зніжкі.

Так што ў сутнасці многія вясковыя жыхары наўрад ці змогуць у хуткім часе скарыстацца 10% скідкамі на сацыяльна значныя тавары. Хіба што паедуць у гарадскія крамы. Праўда, не да ўсіх вёсак цяпер даходзіць грамадскі транспарт.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках