25 красавiка 2024, Чацвер, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары пракаментавалі трызненне Лукашэнкі, які хоча заразіць усіх беларусаў «амікронам»

32
Лекары пракаментавалі трызненне Лукашэнкі, які хоча заразіць усіх беларусаў «амікронам»

У пацыентаў, якія перахварэлі на каранавірус, часта з'яўляліся праблемы з сэрцам, ныркамі і іншымі органамі.

21 студзеня Аляксандр Лукашэнка агучыў чарговую прапанову ў барацьбе з каранавірусам: проста перахварэць усім грамадзянам замест вакцынацыі.

Сайт zerkalo.io вывучыў навуковыя даследаванні і паразмаўляў з беларускімі лекарамі, каб разабрацца, ці настолькі бяскрыўдны «амікрон» і ці дапаможа масавае заражэнне вірусам пазбавіцца ад пандэміі.

Наколькі цяжка хварэюць на «амікрон»?

Штам «амікрон» цяпер з'яўляецца дамінантным відам COVID-19, паведамляе сайт Гарвардскай медыцынскай школы. Пэўную небяспеку «амікрону» эксперты бачаць у больш спакойным стаўленні да новага штаму праз мяккі варыянт хваробы – бурны рост захворвання ўсё адно можа прывесці да высокай частаты шпіталізацый і празмернай нагрузкі на сістэму аховы здароўя. САЗ адзначыла здольнасць штаму ўплываць на глабальную санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю, адносячы амікрон да «варыянту, які выклікае занепакоенасць».

Пры гэтым нават калі вы былі прышчэпленыя і атрымалі рэвакцынацыю, усё роўна могуць з'явіцца сімптомы, але яны, хутчэй за ўсё, будуць лёгкай ці сярэдняй ступені цяжкасці. Для тых, хто не вакцынаваны, рызыка сур'ёзных сімптомаў, якія могуць быць небяспечнымі для жыцця, па-ранейшаму значная, мяркуюць эксперты Гарвардскай медыцынскай школы.

Да таго ж усё яшчэ застаецца верагоднасць смерці, нагадвае Віктар (імя змененае на просьбу суразмоўцы. – заўвага), інфекцыяніст адной з абласных лякарняў.

– Гэта індывідуальна і залежыць ад таго, ці вакцынаваны чалавек, ці ёсць у яго чыннікі рызыкі (сталы век, атлусценне, наяўнасць хранічных захворванняў), а таксама ці атрымае ён своечасова патрэбную меддапамогу. Узроставаму пацыенту з «букетам» хранічных захворванняў не варта спакушацца закалыхвальнымі адзінкавымі адсоткамі. Варта разумець, што пры разліках улічваюць папуляцыю ў цэлым: і нованароджаных, і здаровых маладых людзей, і групу вакцынаваных.

Якая сітуацыя канкрэтна ў Беларусі з «амікронам», ці з'яўляецца ён дамінантным, цяжка сказаць, таму што афіцыйных звестак з нашых шпіталяў цяпер няма. Як расказвае лекар анэстэзіёлаг-рэаніматолаг адной з абласных лякарняў Валянцін (імя змененае на просьбу суразмоўцы. – заўвага), нашы лекары не могуць са стаадсоткавай упэўненасцю казаць, што канкрэтны пацыент заразіўся менавіта «амікронам». Рэч у тым, што штамы можна пацвярджаць толькі ў некалькіх лабараторыях на ўсю краіну, а тыя аналізы, якія робяць у лякарнях, выяўляюць толькі наяўнасць каранавірусу.

Калі перахварэць на COVID-19, гэта дапаможа не захварэць зноў?

На жаль, не. Рэч у тым, што імунная сістэма сапраўды рэагуе на інфекцыю COVID-19, стымулюючы лейкацыты да ўтварэння антыцелаў, якія змагаюцца з інфекцыяй і захоўваюць ахоўны эфект ад паўторнага заражэння. Але важна тое, што гэты імунітэт часовы: тэрміны вельмі індывідуальныя і залежаць ад асаблівасці фармавання вашага імуннага адказу, расказвае лекар анэстэзіёлаг-рэаніматолаг маскоўскай лякарні Дзмітрый (імя змененае на просьбу суразмоўцы. – заўвага).

– Звычайна чым цяжэйшае было перанесенае захворванне, тым мацнейшы імунітэт. Але бывае і наадварот: нават з вялікім цяжарам перанесенага захворвання імунны адказ вельмі кароткі. Адносна тэрмінаў нехта называе тры месяцы, нехта шэсць, а нехта год. Я сваім пацыентам кажу, што ў іх ёсць два-тры месяцы, пакуль іх імунны адказ рэальна працуе.

Цяпер выпадкаў, калі чалавек хварэў на каранавірус і заразіўся зноў, нямала, расказвае Валянцін. Вядома, паўторнае захворванне часта працякае лягчэй, чым першае, але тым не менш няма гарантый, што вы не заразіцеся другі раз.

Тое самае кажа лекар-пульманолаг адной з менскіх лякарняў Аляксей (імя змененае на просьбу суразмоўцы. – заўвага): за апошнія некалькі тыдняў пачасціліся выпадкі шпіталізацыі людзей, якія раней хварэлі на COVID-19.

Сапраўды, гарантый не заразіцца паўторна цяпер усё менш, бо адбываецца ўсё больш мутацый. Назіраўся рост паўторных заражэнняў штамам «дэльта» і выбухны рост узроўню паўторнага заражэння праз «амікрон». Новы штам мае блізу 50 мутацый, якія дапамагаюць яму значна лепш, чым іншым варыянтам каранавірусу, абыходзіць нашу імунную абарону і выклікаць паўторнае заражэнне.

Чаму не варта імкнуцца заразіцца каранавірусам, каб атрымаць імунітэт?

Тактыка, якую прапанаваў неназваны Аляксандрам Лукашэнкам заходні спецыяліст, далёкая ад «ідэальнай», мяркуе Віктар. Рэч у тым, што адна з «пераваг» амікрону перад іншымі штамамі SARS-CoV-2 – больш высокая кантагіёзнасць (заразнасць. – заўвага). У выніку ён хутчэй распаўсюджваецца, прыводзіць да вялікай колькасці пацыентаў з COVID-19 і перагружанасці сістэмы аховы здароўя.

– У такіх умовах важна не дапусціць, каб на піку хвалі колькасць цяжкіх пацыентаў перавышала колькасць кіслародных пунктаў у стацыянарах. Краіны, якія найбольш паспяхова спраўляюцца з інфекцыяй, надаюць гэтаму аспекту вялікую ўвагу і спрабуюць «размазаць» пік хвалі ў часе. Адгэтуль выснова: ідэя пусціць інфекцыю на самацёк у корані няслушная. Не варта таксама забывацца, што лавінападобны рост шпіталізацыі паралізуе іншыя віды медыцынскай дапамогі: анкалагічную, рэабілітацыйную, правядзенне планавых аперацый.

На думку спецыяліста, каб выпрацаваць калектыўны імунітэт, лепш вакцынавацца, а не чакаць, пакуль перахварэе як мага больш людзей.

– З пачатку пандэміі я не сустрэў ніводнага пацыента ў лякарні, хто пры выпісцы хацеў бы прайсці курс лекавання паўторна замест вакцынацыі, – адзначае Віктар. – Можна доўга дыскутаваць на гэтую тэму, паўтараючы збітыя аргументы вакцынаскептыкаў, але вакцынацыя – гэта найлепшае, што можа прапанаваць медыцына ў барацьбе з вірусам тут і цяпер.

Да таго ж не варта забывацца, што нават пасля акрыяння развіваюцца посткавідныя сімптомы. Як расказвае Валянцін, часта ў пацыентаў, якія перахварэлі на каранавірусную інфекцыю, з'яўляліся праблемы з сэрцам, з ныркамі. Адным з ускладненняў на сэрцы з'яўляецца перанесены ў працэсе хваробы міякардыт або інфаркт міякарду, якія ўзніклі ў выніку ўтварэння тромбаў. Напрыклад, малады чалавек гадоў 30 перахварэў на COVID-19, і потым на планавым медаглядзе ў яго выяўляюць парушэнне рытму ў сэрцы (блакады). І такіх пацыентаў дастаткова шмат, упэўнівае лекар.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках