22 траўня 2022, Нядзеля, 23:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Нараджэнца Беларусі асудзілі ў ЗША да года турмы за фінансаванне Дональда Трампа

21
Нараджэнца Беларусі асудзілі ў ЗША да года турмы за фінансаванне Дональда Трампа

Ён таксама заплаціць штраф памерам 10 тысячаў даляраў.

У ЗША суд асудзіў 55-гадовага бізнэсмэна беларускага паходжання Ігара Фрумана да аднаго года і аднаго дня пазбаўлення волі. Яго прызналі суўдзельнікам змовы з мэтай прываблівання замежных сродкаў для фінансавання выбарчых кампаній рэспубліканскіх палітыкаў, у тым ліку самога Трампа, паведамляе тэлекампанія CNN.

Бок абвінавачання прапаноўваў прызначыць тэрмін ад 37 да 46 месяцаў. Суддзя Пол Откен прызначыў не такі доўгі тэрмін, які першапачаткова прасіла абвінавачанне. Фруман павінен з’явіцца 15 сакавіка для адбывання турэмнага тэрміну. Ён таксама заплаціць штраф памерам 10 тысячаў даляраў.

Ігар Фруман нарадзіўся ў 1966 годзе ў горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці, але яшчэ ў 1980-я пераехаў у ЗША. У 2005 годзе ён ажаніўся з нараджэнкай Адэсы Лізаветай Навумавай, бацька якой – Валерый Навумаў – у часы СССР быў дырэктарам крамы «Садавіна-Агародніна» на Дзерыбасаўскай, а ў пачатку 90-х стаў адным з самых прыкметных бізнэсмэнаў у горадзе.

У Кіеве пары належыць лаўндж-рэстаран Buddha-Bar, размешчаны на Крышчаціку. У 2017 годзе Лізавета Навумава падала на развод, але спрэчка аб дзяльбе маёмасці мужа і жонкі доўжыцца да гэтага часу.

Як высветліла следства, у пачатку траўня 2018 года Ігар Фруман і яшчэ адзін бізнэсмэн, нараджэнец Украіны Леў Парнас сустрэліся за вячэрай з Дональдам Трампам у вашынгтонскім гатэлі Trump International. Бізнэсмэны прапанавалі рэспубліканцам кампрамат на магчымага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду ад Дэмпартыі Джо Байдэна, спасылаючыся на свае сувязі ў найвышэйшых эшалонах украінскай улады.

У гэтым самым месяцы афшорная кампанія Global Energy Producers, зарэгістраваная бізнэсмэнамі ў штаце Дэлавер, пералічыла ўнёсак памерам 325 тысячаў даляраў у адзін з выбарчых фондаў, якія падтрымліваюць Трампа. У наступныя месяцы Фруман перавёў 15 тысячаў у перадвыбарчы фонд былога губернатара штата Флорыда Рыка Скота, 35 тысячаў – на выбарчую кампанію рэспубліканца Адама Патнама і 50 тысячаў – у перадвыбарны фонд прыхільніка Трампа Рона ДэСантыса.

На рахункі яшчэ дзвюх грамадскіх арганізацый, якія падтрымлівалі пераабранне Трампа, – Trump Victory і Donald J. Trump for President – асабіста Фруман перавёў максімальна дазволеныя законам сумы – 2700 даляраў. Агульная сума ахвяраванняў, зробленых бізнэсмэнамі, склала 576 тысячаў даляраў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».