25 красавiка 2024, Чацвер, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фрыдрых Мерц абраны новым старшынём нямецкай партыі ХДС

Фрыдрых Мерц абраны новым старшынём нямецкай партыі ХДС

Палітык набраў 94 працэнты галасоў.

Удзельнікі віртуальнага з'езда Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) абралі новым старшынёй партыі экс-кіраўніка фракцыі ХДС/ХСС у бундэстагу Фрыдрыха Мерца (Friedrich Merz). Кандыдатуру 66-гадовага палітыка падтрымалі 94,6 працэнта дэлегатаў з'езда, які прайшоў у суботу, 22 студзеня, паведаміў сябра праўлення ХДС Штэфан Хеневіг (Stefan Hennewig), піша dw.com.

Усяго ў з'ездзе ХДС - партыі, якую многія гады ўзначальвала былая канцлерка ФРГ Ангела Мэркель (Angela Merkel) - прынялі ўдзел 983 дэлегаты. За Мерца было аддадзена 915 галасоў, 16 чалавек устрымаліся. Фармальна працэдура абрання новага старшыні партыі завершыцца пасля галасавання па пошце, бо варыянт анлайн-галасавання не прадугледжаны ў законе аб партыях Нямеччыны.

Старшыня ХДС з трэцяй спробы

Мерц стаў трэцім старшынёй ХДС за апошнія тры гады, пасля таго як у 2018 годзе Меркель пайшла з пасады лідара партыі праз 18 гадоў працы. Палітык двойчы спрабаваў узначаліць ХДС, але прайграў Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр (Annegret Kramp-Karrenbauer) у снежні 2018 года і Арміну Лашэту (Armin Laschet) – у студзені 2021 года.

У снежні мінулага года кандыдатуру Мерца ў старшыні партыі зацвердзілі паводле вынікаў першага ў гісторыі ХДС унутрыпартыйнага апытання, падчас якога палітык лёгка абышоў двух сваіх канкурэнтаў, заручыўшыся ўпэўненай большасцю ў 62,1 працэнта галасоў. Такім чынам, яго абранне дэлегатамі суботняга з'езда было хутчэй фармальнасцю.

Мерц змяніў на пасадзе старшыні ХДС Лашэта, пад кіраўніцтвам якога нямецкія кансерватары ўпершыню за 16 гадоў пацярпелі паразу на выбарах у нямецкі бундэстаг у 2021 годзе.

Мерц раскрытыкаваў Шольца

Выступаючы з перадвыбарнай прамовай на з'ездзе, Мерц жорстка атакаваў дзеянні канцлера ФРГ, сацыял-дэмакрата Олафа Шольца (Olaf Scholz). Ён абвінаваціў яго ў пасіўнасці ва ўмовах крызісу ў сферы бяспекі ў Еўропе. Са слоў Мерца, кіраўнік урада да гэтага часу не здзейсніў візіту ні ў Маскву, ні ў Вашынгтон, тады як яго папярэднікі ў сітуацыі, якая склалася, праявілі б большую актыўнасць і вылучылі б свае ініцыятывы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках