23 красавiка 2024, aўторак, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калійны калапс: колькі страціць рэжым ад спынення Літвой транзіту ўгнаенняў

10
Калійны калапс: колькі страціць рэжым ад спынення Літвой транзіту ўгнаенняў

Страты закрануць не толькі «Беларуськалій».

З 1 лютага 2022 года Літва мае намер спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў па тэрыторыі краіны. Наколькі сур'ёзным ударам для эканомікі Беларусі стане гэтая забарона?

У лагістычнай сістэме паставак беларускага калію выкарыстоўваюцца порт Мікалаеў на Чорным моры і порт Рэні для пагрузак па рацэ Дунай, але асноўны аб'ём прадукцыі «Беларуськалію» адгружаецца праз порт у Клайпедзе, піша выданне «Белорусы и рынок».

Спыненне транзіту ўгнаенняў па тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і страта доступу ў Клайпедскі порт стане сур'ёзным ударам для «Беларуськалію», а паколькі прадпрыемства з'яўляецца адной з асноўных крыніц валютных паступленняў у краіну, спыненне транзіту негатыўна адаб'ецца і на эканоміцы Беларусі. Магчымая страта кантракту з Yara яшчэ больш пагоршыць сітуацыю.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2020 годзе Беларусь зарабіла на экспарце калійных угнаенняў 2 410 311,5 тысяч даляраў. Гэта амаль 8% агульнага аб'ёму беларускага экспарту, або амаль 4% ВУП краіны (60,3 млрд даляраў).

Страты закрануць не толькі «Беларуськалій»

Акадэмічны дырэктар BEROC (Кіеў) Кацярына Барнукова ўважае, што «хутчэй за ўсё з 2-3 млрд даляраў у год, якія Беларусь магла б атрымаць ад экспарту калію сёлета, амаль 80% сродкаў будзе страчана».

«Прычым страты пойдуць хваляй не толькі па хімічнай прамысловасці, але і ўсім звязаным з ёю падрадчыкам: пацерпяць БЧ, аптовы гандаль, лагістычныя кампаніі і іншыя сектары эканомікі. У цэлым мы можам страціць прыкладна 1-2% росту ВУП сёлета», - адзначае Барнукова.

Многае залежыць ад пазіцыі Расеі

Фінансавыя страты Беларусі шмат у чым будуць залежаць ад таго, як хутка краіна зможа перанакіраваць грузапаток угнаенняў і знайсці альтэрнатыву Клайпедскаму порту для перавалкі калію. І тут, магчыма, без дапамогі Расеі будзе не абысціся.

Але ў самой Расеі пакуль не спяшаюцца рабіць афіцыйных заяў наконт гэтага. 13 студзеня прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Масква не кіне Беларусь ва ўмовах санкцый, аднак ён не стаў расказваць, ці гатова Расея дапамагчы Менску з транзітам беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю.

Няма яснасці і ў пытанні, што канкрэтна абмяркоўвалі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і гендырэктар «Уралхіма» Дзмітрый Мазепін падчас сустрэчы 13 студзеня. Варта адзначыць, «Уралхіму» належыць больш за 80% акцый «Уралкалію» - галоўнага канкурэнта «Беларуськалію».

Улічваючы заяву Уладзіміра Пуціна, што Расея разглядае магчымасці зарабіць на міжнародным гандлі ўгнаеннямі, «карыстаючыся кан'юнктурай на рынку», складана казаць наколькі маштабнай будзе дапамога з боку Расеі.

Аналітык Еўрапейскай рады ў міжнародных дачыненнях Павел Слюнькін уважае, што страты рэжыму ў Беларусі будуць наўпрост залежаць ад тых дамоўленасцяў, да якіх прыйдуць Беларусь і Расея.

«Я схільны думаць, што нават калі літоўскі рынак будзе поўнасцю закрыты, то «Беларуськалій» будзе шукаць варыянты праз расейскія паўночныя парты. Аднак там таксама ёсць нюансы, таму што ў гэтым рэгіёне ўсе свабодныя слоты займае «Уралкалій» - прамы канкурэнт «Беларуськалію». Калі на палітычным узроўні з урадам Расеі будзе дасягнута такая дамоўленасць, то нейкая частка расейскіх партоў будзе вызвалена спецыяльна для беларусаў у залежнасці ад таго, якім будзе развіццё сцэнару і якімі будуць страты. Гэта можа каштаваць дзясяткі мільёнаў еўраў, а можа, у сотні, прадказаць цяжка», - адзначае экспэрт.

Беларусь гатова перанакіраваць калій у РФ, але ці гатова да гэтага Расея?

Беларусь гатова перанакіраваць экспарт калійных угнаенняў у Азію, у парты Ленінградскай вобласці і Мурманска, калі Літва адмовіцца працягваць перавалку калію, гаварыў яшчэ ў жніўні 2021 года кіраўнік беларускага Мінтранса Аляксей Аўраменка.

Аднак экспэрты сумняваюцца, што пры гэтым Беларусь захавае ранейшую даходнасць ад продажу калійных угнаенняў.

Тарыфная адлегласць праз парты Расеі істотна перавышае тарыфную адлегласць пры перавозцы з Беларусі ў Клайпеду: дыстанцыя да Усць-Лугі даўжэйшая на 55%, да Мурманска - у 3,3 разы, адзначае намеснік гендырэктара Інстытута праблем натуральных манаполій (ІПЭМ) Уладзімір Саўчук.

«Яшчэ застаюцца пытанні з памерам аплаты за вагоны аператарам і за перавалку ў расейскіх партах. Відавочна, што гэтыя параметры будуць даражэйшыя за расцэнкі ў прыбалтыйскіх партах. Да таго ж у Расеі на гэты момант існуе дэфіцыт партовых магутнасцяў для экспарту угнаенняў, у выніку чаго самі расейскія кампаніі карыстаюцца партамі краін Балтыі», - падкрэслівае Саўчук.

У любым выпадку пры пастаўках праз Расею «Беларуськалію» давядзецца канкурыраваць з «Уралкаліем». А каб нівеліраваць рызыкі для контрагентаў і выглядаць прывабней трэба будзе даваць скідкі пакупнікам. Раней «Уралкалій» ужо папракаў беларускіх калійшчыкаў у дэмпінгу. Што да сумеснай працы, то трэба нагадаць, што ў 2013 годзе «Беларуськалій» і «Уралкалій» пасля гучнага скандалу перасталі працаваць праз адзінага трэйдара.

Страты прамыя і ўскосныя

Экспэрт Фонду «Інстытут энэргетыкі і фінансаў» Сяргей Кандрацьеў падкрэслівае, што пры разліку страт Беларусі ад спынення транзіту ў Літве, варта ўлічваць фактар прамых і ўскосных страт.

«Прамыя страты будуць не вельмі вялікія і будуць вылічацца дзясяткамі мільёнаў еўраў. І літоўская, і беларуская эканоміка ў прынцыпе гэтыя страты могуць перажыць, але калі мы гаворым пра ўскосныя страты, то яны будуць больш істотнымі. Для Беларусі гэта азначае змену транзітных маршрутаў і пераарыентацыю на расейскія парты», - кажа экспэрт.

Калі ў Беларусі быў выбар паміж прыбалтыйскімі партамі і перавалкай у партах на паўночным захадзе Расеі, яна магла патрабаваць больш прывабныя ўмовы ад Масквы, а зараз Беларусь страчвае гэтую магчымасць.

«Ускосныя страты ў год могуць дасягаць 80-100 млн еўраў у сувязі з тым, што сітуацыя будзе пагаршацца як у фінансавым плане, так і ў плане даступнасці магутнасцяў па перавалцы», – уважае Кандрацьеў.

Фактычна, праз уведзеныя ЕЗ санкцыі Беларусь страціла выбар. Цяпер краіна можа перавальваць свае экспартныя грузы, якія знаходзяцца пад санкцыямі, толькі праз расейскія парты. Гэтаму садзейнічаюць і дрэнныя дачыненні з той жа Украінай, і тое, што не толькі Літва, але і іншыя прыбалтыйскія краіны, горача падтрымліваюць санкцыйны рэжым, які быў уведзены Еўрапейскім звязам.

«Калі магчымасці звужаюцца, і вы фактычна стаіце перад выбарам экспартаваць грузы па пэўным маршруце альбо не экспартаваць іх увогуле, каштоўнасць гэтага маршруту для вас, зразумела, узрастае, а кампаніі, якія адказваюць за эксплуатацыю гэтага маршруту, могуць патрабаваць з вас больш прывабных умоў, у тым ліку таму, што панясуць пэўныя рызыкі», - падкрэслівае Сяргей Кандрацьеў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках