28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Меркаванне: Штаты метадычна заганяюць Крэмль у нявыкрутку

15
Меркаванне: Штаты метадычна заганяюць Крэмль у нявыкрутку
ЭЛЬ МЮРЫД

Пуцін загуляўся ў геапалітыка.

Штаты метадычна заганяюць Крэмль у нявыкрутку. На перамовах Лаўрова і Блінкена амерыканцы заявілі, што "...далейшыя перамовы з Расеяй аб бяспецы магчымыя пры ўмове дээскалацыі ў раёне Украіны...", піша расейскі журналіст і блогер Эль Мюрыд у ЖЖ.

Але ў тым і рэч, што Пуцін зганяе войскі з усёй краіны, у тым ліку і цалкам аголеныя Сібір і Далёкі Усход (упершыню, мабыць, за ўсю гісторыю краіны, за выключэннем, мабыць, толькі перыяду грамадзянскай вайны) — і ўсё гэта для таго, каб мець пазіцыю на перамовах з ЗША аб бяспецы. Прыбраць войскі - гэта пазбавіць сябе гэтай пазіцыі. І тады навошта ўсё вось гэта?

Штаты выдатна разумеюць логіку моманту (тут і разумець надта няма чаго, усё як на далоні), таму і ставяць невыканальную ўмову. Жадаеце размаўляць? Прыбярыце войскі. І гэтае патрабаванне – таксама нявыкрутка для Пуціна, бо раней Крэмль заяўляў практычна наступнае – альбо размаўляем, альбо ваюем. Амерыканцы паціскаюць плячыма - ну, ваюйце. Хто ж вам забароніць?

Пуцін так доўга выкарыстоўваў шантаж у якасці ключавога інструмента сваёй замежнай палітыкі, што паверыў у яго ўніверсальнасць і бяспеку. У крайнім выпадку ён заўсёды заставаўся на ранейшай пазіцыі, гэта значыць практычна нічога не страчваў. Але як заўсёды бывае, ёсць метады і на Косцю Сапрыкіна (фраза з фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга», - рэд.). Прычым вельмі простыя: ну, калі ты пагражаеш - то сцяг табе ў рукі. Давай. А мы пабачым. Афіцыянт! Два півы і арэшкі, калі ласка!

А вось на «давай» Пуцін акурат і не разлічваў. Так далёка ён яшчэ не заходзіў. І раптам высвятляецца - трэба або адпаўзаць з пабітай мордай, або «даваць». А даваць пры цалкам пустым Далёкім Усходзе і аголенай Сібіры - гэта рызыкі, за якімі маячыць перспектыва ўводу кітайскага міратворчага кантынгенту ў выпадку, калі што не так. Дарэчы, вельмі рэалістычная перспектыва, бо параза на Захадзе (практычна непазбежная) або зацягванне канфлікту можа адбіцца на ўнутранай абстаноўцы ў краіне. І кожны нармальны сусед, каб пазбегнуць рызык для сваёй тэрыторыі, будзе прымаць прэвентыўныя меры ўласнай бяспекі. Буферную зону ствараць, напрыклад. Не на сваёй тэрыторыі, зразумела.

Пуцін загуляўся ў геапалітыка, не маючы да гэтага ні асабістай схільнасці, ні рэсурсаў - матэрыяльных, вайсковых, кіроўных. Насельніцтва краіны зусім не гатовае падтрымліваць якія б там ні было вайсковыя авантуры рэжыму, плюсам ідзе працяг ковіднага тэрору, дэмаралізацыя грамадства, цяжкі сацыяльны і эканамічны крызіс.

Больш няўдалага часу гуляць кволымі мускуламі Пуцін абраць не мог. Але ён абраў. І «партнёрам» зараз дастаткова яго проста не адпускаць. Усё астатняе ён зробіць сам.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках