19 красавiка 2024, Пятніца, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд паводле справы бізнэсоўца і палітвязня Васілевіча зрабілі закрытым

1
Суд паводле справы бізнэсоўца і палітвязня Васілевіча зрабілі закрытым
АЛЯКСАНДР ВАСІЛЕВІЧ
ФОТА: KYKY.ORG

З моманту затрымання да суда ён правёў за кратамі 514 дзён.

Суд паводле справы палітвязня Аляксандра Васілевіча зрабілі закрытым «у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншых таямніц, якія ахоўваюцца законам», паведамляе «Вясна».

Паводле слоў суддзі Марыны Фёдаравай, пры разглядзе крымінальнай справы будуць закранацца пытанні фінансава-гаспадарчай дзейнасці іншых суб'ектаў гаспадарання, указаных у абвінавачанні.

Нагадаем, Васілевіча абвінавачваюць на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса. З моманту затрымання да суда Аляксандр правёў за кратамі 514 дзён: яго затрымалі 28 жніўня 2020 года. Ягоная справа разглядаецца ў судзе Савецкага раёна Менска.

Аляксандр Васілевіч — бізнэсовец, сузаснавальнік онлайн-выданняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў. Летам 2020 года яго затрымлівалі двойчы. Першы раз - калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. Тады паход у афіцыйную ўстанову скончыўся судом, Васілевічу далі 14 дзён за тое, што ён нібыта «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу» і крычаў: «Свабоду Бабарыку!»

Аляксандр з пратаколам не пагадзіўся, адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 28 жніўня 2020 года прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У ягонай кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, былі праведзеныя ператрусы.

4 верасня Васілевічу было выстаўленае абвінавачанне. У якасці падазронай паводле распачатай крымінальнай справы праходзіць і жонка Васілевіча - Надзея Зелянкова. Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, 2 снежня 2020 года ў іх нарадзілася дачка Уршуля.

З-за кратаў ён напісаў для яе кнігу казак пра сябе, пінгвіна і турму. Жонка выдала электронную версію гэтай кнігі для свабоднага распаўсюджвання. У 2021 годзе Васілевіч стаў адным з пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках