24 красавiка 2024, Серада, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Японія заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць тэрыторыю Украіны

1
Японія заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць тэрыторыю Украіны

Сітуацыя ў краіне «імкліва мяняецца».

Урад Японіі звярнуўся з заклікам да суграмадзянаў, якія знаходзяцца ва Украіне, тэрмінова пакінуць яе тэрыторыю. Пра гэта 25 студзеня заявіў на прэс-канферэнцыі ў Токіё генеральны сакратар японскага кабінета міністраў Хіракадзу Мацуна. Гэтая пастанова выкліканая пагрозай уварвання расейскага войска ва Украіну, піша The Japan Times са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.

«Што да сітуацыі з амбасадай [Японіі], мы будзем прымяняць належныя меры, зыходзячы з сітуацыі ў рэгіёне і з пазіцыі абароны нашых грамадзян», - падкрэсліў Мацуна, якога цытуе ТАСС.

Са звестак японскага МЗС, ва Украіне пражывае блізу 250 грамадзян Японіі. «Мы хацелі б, каб яны пакінулі Украіну, пакуль яшчэ даступныя камерцыйныя рэйсы», - сказаў прадстаўнік міністэрства. Ён адзначыў, што сітуацыя ва Украіне «імкліва мяняецца».

24 студзеня міністэрства замежных спраў Японіі прысвоіла Украіне трэці ўзровень небяспекі паводле чатырохбальнай шкалы, які раўнасільны закліку не наведваць гэтую краіну. Чацвёрты ўзровень мае на ўвазе неабходнасць эвакуацыі.

Да 24 студзеня трэці ўзровень небяспекі быў прысвоены толькі анэксаванаму Расеяй Крыму і двум рэгіёнам на ўсходзе Украіны, дзе дзейнічаюць прарасейскія ўзброеныя фармаванні. Астатняя тэрыторыя Украіны належала да першага ўзроўню небяспекі, які мяркуе захаванне мер засцярогі падчас паездак.

24 студзеня канадскае МЗС рэкамендавала грамадзянам краіны пазбягаць усіх неабавязковых паездак ва Украіну «праз пагрозы з боку Расеі і нарошчванне вайсковай прысутнасці ўнутры і вакол гэтай краіны». Тым, хто ўжо знаходзіцца ва Украіне, у МЗС Канады рэкамендавалі ацаніць неабходнасць свайго далейшага знаходжання ў гэтай краіне.

У той жа дзень СМІ паведамілі, што ўлады Аўстраліі прыступілі да вывазу сямейнікаў дыпламатаў з Кіева, а таксама заклікалі суграмадзян тэрмінова пакінуць тэрыторыю Украіны.

Дзярждэпартамэнт ЗША 23 студзеня прыняў пастанову скараціць колькасць супрацоўнікаў амбасады ва Украіне праз «вайсковыя пагрозы» з боку Расеі. Адначасова ведамства рэкамендавала грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ва Украіне, пакінуць тэрыторыю краіны камерцыйнымі рэйсамі.

МЗС Украіны назваў гэту пастанову ЗША паспешнай і празмернай. Кіраўнік украінскага ведамства растлумачыў, што нічога кардынальнага ў апошні час не адбылося, а расейская пагроза застаецца сталай з 2014 года.

Таксама ўрад Вялікабрытаніі абвясціў аб пачатку вываду з Украіны некаторых супрацоўнікаў свайго пасольства і іх сем'яў у адказ на «рост маштабаў пагрозы дзеянняў Расеі».

NАТО 24 студзеня абвясціў аб прывядзенні ў павышаную гатоўнасць дадатковых сіл і адпраўцы ва Усходнюю Еўропу большай колькасці караблёў і знішчальнікаў. Акрамя таго, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн разглядае план адпраўкі да 50 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў у краіны Балтыі і Усходняй Еўропы, а таксама адпраўкі вайсковых караблёў і самалётаў, піша The New York Times.

У апошнія месяцы экспэрты паведамлялі, што Расея нарошчвае групоўку войскаў паблізу ад межаў з Украінай і гэта можа азначаць падрыхтоўку да ўварвання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках