19 красавiка 2024, Пятніца, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Transparency International: У Беларусі расце ўзровень карупцыі

3
Transparency International: У Беларусі расце ўзровень карупцыі

У новым рэйтынгу нашая краіна заняла 82-е месца.

Арганізацыя Transparency International прадставіла свой штогадовы рэйтынг успрымання карупцыі Corruption Perceptions Index 2021, у якім Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў параўнанні з папярэднім даследаваннем, паведамляе zerkalo.io

У новым рэйтынгу Беларусь заняла 82-е месца. У леташнім даследаванні яго аўтары змясцілі нашую краіну на 63-е месца. У Corruption Perceptions Index 2019 Беларусь займала 66-е месца.

«Зніжэнне Беларусі нядзіўнае, улічваючы жахлівае прыгнечанне свабоды слова і мірных сходаў у краіне. Агульнанацыянальныя пратэсты, якія ўспыхнулі з-за фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, былі сустрэты беспрэцэдэнтным гвалтам. Кандыдаты ад апазіцыі, іх прыхільнікі, актывісты грамадзянскай супольнасці і незалежныя журналісты пераследаваліся, а сілавікі арыштоўвалі тысячы грамадзян. Дэмакратычныя сістэмы стрымак і проціваг былі дэмантаваныя або зрушаныя на карысць рэжыму, што прывяло да распаўсюджвання маштабнай карупцыі - калі ўлада засяроджаная ўнутры палітычных эліт і для іх фінансавай выгады», - гаворыцца ў дакладзе.

Сярод нашых суседзяў ніжэй за ўсё размяшчаюцца Расея (136-е месца) і Украіна (122-е месца). Значна лепшая сітуацыя ў заходніх суседзяў Беларусі — Літва заняла 34-ю пазіцыю ў рэйтынгу, Латвія — 36-ю, Польшча — 42-ю.

Найменш карумпаванымі краінамі аўтары даследавання назвалі Данію, Фінляндыю, Новую Зеландыю, Нарвэгію і Сінгапур.

Найбольш карумпаванымі краінамі сталі Паўднёвы Судан, Сірыя, Самалі, Венесуэла і Емен.

«Карупцыя садзейнічае як парушэнням правоў чалавека, так і заняпаду дэмакратыі. У сваю чаргу, гэтыя фактары прыводзяць да больш высокага ўзроўню карупцыі, ствараючы заганнае кола», - адзначаюць аўтары даследавання.

Corruption Perceptions Index 2021 уключае 180 краін і тэрыторый і паказвае ўспрыманне ўзроўню карупцыі экспэртамі і прадстаўнікамі бізнэсу. У індэксе кожнай краіне прысвойваюцца балы ад 0 да 100. Індэкс успрымання карупцыі (Corruption Perception Index) складаецца з 1995 года штогод на аснове звестак апытанняў, праведзеных сярод экспэртаў і ў бізнэс колах.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках