23 красавiка 2024, aўторак, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіберпартызаны выставілі новы ультыматум уладам і БЧ

26
Кіберпартызаны выставілі новы ультыматум уладам і БЧ

Сетка Беларускай чыгункі можа быць зноў атакаваная.

«Кіберпартызаны» заявілі аб нападзе на камп'ютарную сетку Беларускай чыгункі, пасля чаго з'явілася інфармацыя, што ў Беларускай чыгунцы здарыўся збой сістэмы: перасталі працаваць серверы і ўнутраныя сэрвісы, білеты можна набыць толькі праз білетныя касы.

Журналісты «Белсату» паразмаўлялі з прадстаўніком суполкі кіберпартызанаў пра гэтае здарэнне.

- Ці слушна мы разумеем, што без ключоў шыфравання Беларуская чыгунка не можа працаваць у звыклым рэжыме і адновіцца ад гэтай атакі няхутка?

- Мы дапускаем, што нягледзячы на тое, што мы выдалілі 100 тэрабайтаў бэкапаў баз звестак, у БЧ знойдуцца не выдаленыя копіі часткі баз, і магчыма ў іх атрымаецца іх часткова аднавіць, але гэта зойме як мінімум некалькі тыдняў, і ўсё адно застануцца базы, якія давядзецца збіраць з нуля. А калі нашыя патрабаванні не будуць выкананыя, не выключана, што сетка можа быць атакаваная зноў.

– Якія наступствы вашыя дзеянні панеслі для чыгункі і ўвогуле для ўладаў?

- З нашай інфармацыі ўжо пачаліся затрымкі цягнікоў. Мы мяркуем, што ў найбліжэйшыя дні і тыдні затрымак будзе яшчэ больш, пакуль сетка і сістэмы БЧ не вернуцца ў штатны рэжым.

- Ці атрымалі вы ўжо нейкі адказ ад чыгункі ці ад рэжыму?

- Прадстаўнікі рэжыму пакуль не выходзілі з намі на сувязь.

- Вы паставілі пэўныя ўмовы рэжыму, рэальна разлічваеце што можа атрымацца?

- Я думаю, ім трэба яшчэ некалькі дзён, каб усвядоміць сур'ёзнасць шкоды, і прыняць пастанову аб далейшых сваіх кроках. Чым даўжэй яны будуць чакаць, тым горшай будзе іх сітуацыя. Нашы прадстаўнікі гатовы ў кожны момант прыняць ад іх заяўку на разблакаванне сеткі і спыненне кібератак.

- Наколькі складана было гэта зрабіць з тэхнічнага пункту гледжання?

- Кібератака на сетку БЧ была значна складанейшая за атакі сеткі МУС, бо базы звестак трэба было не толькі чытаць, але і пісаць у іх, а яшчэ і знайсці ўсе бэкапы і знішчыць ці зашыфраваць іх. Гэтая аперацыя была адной з самых складаных нашых кібераперацый.

Кібератаку 24 студзеня кіберпартызаны патлумачылі тым, што ў гэтыя дні «рэжым Лукашэнкі прапускае акупацыйныя войскі на нашу зямлю».

«У рамках кіберкампаніі «Пекла» мы зашыфравалі асноўную частку сервераў, баз звестак і працоўных станцый БЧ з мэтай запаволіць і парушыць працу дарогі. Бэкапы знішчаныя», - заявілі праз канал «Кіберпартызаны».

Паведамляецца, што пад кібератаку падпалі дзясяткі баз звестак. Аўтаматыка і сістэмы бяспекі свядома не былі закранутыя кібератакай, каб пазбегнуць аварыйных сітуацый.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках