28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У мяне сын у Беларусь паехаў, навіны глядзіш - і ўздрыгваеш»

60
«У мяне сын у Беларусь паехаў, навіны глядзіш - і ўздрыгваеш»

Што кажуць сваякі расейскіх вайскоўцаў?

Расейскіх дэсантнікаў пачалі перакідваць да Украіны і ў Беларусь. Пра гэта паведамляе каманда даследчыкаў "Conflict Intelligence Team". З'яўляюцца і іншыя сведчанні перакідання войскаў.

Перакідваюць дэсантнікаў?

Так, 24 студзеня ў TikTok было апублікаванае чарговае відэа з вайсковай тэхнікай, што перавозіцца чыгункай, якое знялі ў Бранскай вобласці Расеі. Хоць бранятэхніка на відэа накрытая брызентам, даследчыкі апазналі ў ёй баявыя машыны дэсанта БМД-4М і дэсантаваныя бронетранспарцёры БТР-МДМ. Усяго цягнік вязе 31 БМД-4М і 8 БТР-МДМ, а таксама 5 пасажырскіх вагонаў умяшчальнасцю больш за 250 чалавек і 8 скарочаных двухвосевых грузавікоў КАМАЗ-43501, характэрных для ПДВ. Такія ж КАМАЗы заўважылі на відэа расейскай калоны, знятым, паводле апісання, ля польска-беларускай мяжы.

А на Youtube з'явілася відэа праходжання калоны вайсковай тэхнікі па начной Гародні ў ноч з 25 на 26 студзеня.

Згодна з базай звестак РЧ, вагон рухаецца са станцыі Тэкстыльны ў Іванаўскай вобласці, побач з якой дыслакуецца 217-ы гвардзейскі парашутна-дэсантны полк 98-й ПДВ, які нядаўна ўдзельнічаў ва ўводзе сіл АДКБ у Казахстан.

«Гэта першае пацверджанае відэа перакідвання дэсантнікаў бліжэй да мяжы з Украінай. У кожным маштабным наступе на тэрыторыю Украіны ВДВ павінны адыграць вызначальную ролю: альбо ў дэсантнай аперацыі з мэтай захопу стратэгічных аб'ектаў у тыле, альбо ў якасці ўдарнай пяхоты», - адзначаюць даследчыкі.

На іх думку, «з'яўленне дэсантнікаў выглядае тым больш пагрозліва, што апошнія дні бесперапынна працягваецца нарошчванне расейскіх груповак на поўдні Бранскай вобласці РФ і на поўдні Гомельскай вобласці Беларусі на поўнач ад Кіева.

«З улікам усяго вышэйапісанага, заяў брытанскай выведкі аб падрыхтоўцы акупацыйнага ўрада з прарасейскіх украінскіх палітыкаў, а таксама слоў прэм'ер-міністра Барыса Джонсана аб магчымым «маланкавым» нападзе на Кіеў, мы ўважаем наступ з тэрыторыі Беларусі і/або Бранскай вобласці ў кірунку ўкраінскай сталіцы як мінімум адным з магчымых сцэнароў расейскіх дзеянняў на тэрыторыі Украіны», - гаворыцца ў паведамленні.

«Навіны глядзіш і ўздрыгваеш»

Характэрна, што аб перамяшчэнні расейскіх войскаў на Захад паведамляюць і самі расейскія вайскоўцы і іх сваякі з усёй Расеі. Так, у каментары пад відэа расейка Дыяна Казанцава, на якім ейны муж у вайсковай форме, з заплечнікам і торбай выходзіць з кватэры, некалькі карыстальнікаў з Хабараўска і Мурманска паведамілі, што іх "сыны і мужы" таксама паехалі ў Беларусь або ў Смаленск.

“У мяне таксама сын у Беларусь паехаў. 18-га праводзілі, сказалі - на месяц. Навіны глядзіш і ўздрыгваеш”.

А яшчэ адзін карыстальнік, які, паводле яго слоў, служыць у Мурманску ў пяхоце, расказаў, што "заўтра грузімся, паслязаўтра з'язджаем". Ён таксама апублікаваў відэа загружаных боепрыпасаў.

Іншыя вайскоўцы-кантрактнікі паведамляюць у каментарах, што перадыслакаваны ў Пінск, Гомель, Смаленск, Растоў ці Крым. Перасылаюць вайскоўцаў з Забайкальскага краю, Бураціі, Омска, Новасібірска, Барнаула, Алтайскага краю, Бірабіджана, Кузбаса, Камсамольска, Цюмена, Тальяці. Пры гэтым не ўсе з іх радыя быць на мяжы Беларусі і Украіны. І калі нехта піша, што будуць у Гомелі толькі да 20 лютага, то іншыя плануюць быць у Валгаградзе ці Крыме на тры месяцы.

“Дай Божа здароўя ўсім, хто паехаў на гэтыя вучэнні. Але, мне здаецца, ні хр…а гэта не вучэнні”.

“Нашым сказалі, што таксама ў Беларусь. У мяне пытанне - чаму на Далёкім Усходзе не правесці вучэнні?

І пакуль адны карыстальнікі пытаюцца, “чаму вы дзяцей адпраўляеце на смерць”, іншыя радасна рапартуюць: “Мы едзем. За вас, родныя, за Расею!”.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках