29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руская рулетка для Лукашэнкі

14
Руская рулетка для Лукашэнкі
Ігар Ільяш

Дыктатар запусціў ланцужок падзей, кантраляваць развіццё якіх ён не здольны.

17 студзеня Аляксандр Лукашэнка абвясціў аб намеры правесці пазапланавыя беларуска-расейскія вучэнні «ў адпрацоўцы пэўнай задумы ў супрацьстаянні» з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі. Менск абгрунтоўвае неабходнасць гэтых манеўраў нібыта «мілітарызацыяй» суседніх краін. Лукашэнка абвінаваціў NATO і Украіну ў нарошчванні сіл на мяжы з Беларуссю, спаслаўшыся ў тым ліку на захады, якія прымаюцца суседзямі ў рамках супрацьдзеяння міграцыйнаму крызісу (пры тым, што гэты крызіс быў інспіраваны акурат беларускай уладай). У размове аб Украіне ён не забыўся выкарыстоўваць прапагандысцкае клішэ аб «нацыяналістах-радыкалах», якімі нібыта ўкамплектаваныя падраздзяленні Нацгвардыі. «Гэта яшчэ больш моцна, чым натаўскія вайскоўцы», - дадаў Лукашэнка.

Беларуска-расейскія вучэнні атрымалі назву «Саюзная рашучасць», яны павінны прайсці 10-20 лютага. Аднак у рэчаіснасці, як вынікае з заяў вайсковага кіраўніцтва дзвюх краін, гэтыя вучэнні - толькі частка маштабнай праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Першы этап гэтай праверкі дэ-факта пачаўся і павінен скончыцца да 9 лютага. Ён уключае ў сябе перадыслакацыю і стварэнне груповак войскаў, ацэнку гатоўнасці войскаў СПА і абарону паветранай прасторы. Другі этап складаецца, уласна, з вучэнняў «Саюзная рашучасць».

Начальнік Генштаба ВС Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што ў рамках праверкі плануецца правесці перагрупоўку «дастаткова вялікага кантынгенту», які будзе адпрацоўваць задачы абароны Саюзнай дзяржавы «на паўднёвым аперацыйным накірунку як у паветранай прасторы, так і на сушы».

«Увесь патэнцыял вайсковай арганізацыі»

Перакідванне расейскіх войскаў у Беларусь пачалося да таго, як была прызначаная дата супольных вучэнняў. На нарадзе з вайсковым кіраўніцтвам 17 студзеня Лукашэнка толькі разгледзеў і зацвердзіў задуму манеўраў, а ў сацыяльных сетках ужо сталі з'яўляцца фота і відэа эшалонаў з расейскай тэхнікай і вайскоўцамі ў Беларусі.

Яшчэ адна асаблівасць сітуацыі ў тым, што ў Беларусь перакідваюць вайскоўцаў не з еўрапейскай часткі Расеі (як гэта звычайна бывае падчас супольных вучэнняў дзвюх краін), а з Далёкага Усходу. Трэба ўлічваць, што ў рамках Саюзнай дзяржавы дзейнічае Рэгіянальная групоўка войскаў, куды ўключаныя ўсе Узброеныя сілы Беларусі і частка сіл Заходняй вайсковай акругі РФ, напрыклад, 1-е танкавае войска, штаб якога размяшчаецца ў Смаленску. Менавіта падраздзяленні 1-га танкавага на тэрыторыі Беларусі ўдзельнічалі ў маштабных манеўрах «Захад-2017» і «Захад-2021». Аднак цяпер, паводле слоў намесніка міністра абароны РФ Аляксандра Фаміна, Рэгіянальнай групоўкі войскаў можа быць недастаткова для «гарантаванай бяспекі Саюзнай дзяржавы». «Дасягнутае разуменне таго, што для агульнай абароны неабходна будзе прыцягнуць увесь патэнцыял вайсковай арганізацыі дзяржавы», - заявіў ён.

Колькі расейскай тэхнікі і вайскоўцаў будзе перакінута ў Беларусь - невядома. Фамін толькі запэўніў, што колькасць удзельнікаў вучэнняў не перавышае вызначаныя Венскім дакументам 2011 года параметры, якія падлягаюць апавяшчэнню (у адпаведнасці з гэтым пагадненнем аб манеўрах з удзелам больш чым 9 тысяч чалавек трэба рассылаць апавяшчэнні за 42 дні да іх пачатку).

Між тым неафіцыйны Telegram-канал беларускіх чыгуначнікаў паведамляе аб тым, што ўсяго, згодна з графікам руху воінскіх эшалонаў, у краіну павінна прыбыць 200 эшалонаў з расейскай тэхнікай - амаль у 7 разоў больш, чым падчас вучэнняў «Захад-2021», у якіх узялі ўдзел амаль 2,5 тысячы расейцаў (праўда, пацверджання гэтых звестак з іншых крыніц пакуль няма). Расейскі праект расследавання Conflict Intelligence Team (CIT) паказвае, што агулам з Далёкага Усходу ідзе перакідка 10/15 батальённа-тактычных груп, агульная колькасць якіх можа перавышаць 10 тысяч байцоў. Частку гэтых сіл могуць пакінуць на мяжы з Беларуссю або накіраваць у Растоўскую вобласць, але «значная частка дакладна накіроўваецца ў Беларусь». Прычым часцяком сваякі расейскіх жаўнераў пішуць у сацсетках аб тым, што тэрміны «камандзіроўкі» могуць скласці ад 2 да 9 месяцаў.

Пытанні выклікаюць не толькі маштабы перакідання войскаў, але і іх дыслакацыя. CIT ужо 18 студзеня выявіла, што расейскія сістэмы залпавага агню «Ураган» чамусьці былі заўважаныя пад Рэчыцай, хаця там няма палігонаў, афіцыйна заяўленых для «Саюзнай рашучасці». Затое адтуль усяго 40 кіламетраў да мяжы з Чарнігаўскай вобласцю. Паводле звестак медыяў, расейскія вайскоўцы былі заўважаныя таксама ў Гомелі, Мазыры і Ельску.

Тым часам Лукашэнка 21 студзеня ў Лунінецкім раёне правёў чарговую нараду з вайсковым кіраўніцтвам, падчас якой выступіў з рэзкай крытыкай Украіны. Ён зноў паўтарыў прапагандысцкія тэзы аб вонкавым кіраванні, «малойчыках з фашысцкай свастыкай» і адмове ад «адзіных каранёў», а кіраўніцтва Украіны абвінаваціў у «непрадказальнасці і неадэкватнасці». «На выпадак, не дай бог, ваенных дзеянняў нам трэба вызначацца», - сказаў на заканчэнне ён. Таксама Лукашэнка прыстрашыў Захад: з ягоных слоў, Беларусь і РФ не хочуць вайны, але пры неабходнасці «ламануць так, што мала не здасца».

Новая рэальнасць

Ці ўвасобіцца мілітарысцкая рыторыка Масквы і Менска ў вялікую вайну, сёння не ведае ніхто. Выкарыстанне беларускага плацдарма для расейскага ўварвання пакуль што з'яўляецца чыста гіпатэтычным сцэнарам. Аднак факт у тым, што рэжым Лукашэнкі ўжо актыўна ўключыўся ў супрацьстаянне Крамля з Захадам і Украінай.

Гэтае ўцягненне стала заканамерным вынікам трансфармацыі міжнароднай палітыкі афіцыйнага Менска ў апошнія паўтара гады. Ва ўмовах электаральнай рэвалюцыі і масавых пратэстаў 2020 года Лукашэнка зразумеў, што адзіны шанец утрымаць уладу ў Беларусі - гэта зрабіць стаўку на неабмежаваны тэрор і ператварыць краіну ў таталітарную дзяржаву. Унутраная палітыка пацягнула за сабой замежную: афіцыйны Менск апынуўся ў глыбокай міжнароднай ізаляцыі, а расейскі ўплыў вырас шматкроць - фактычна, будучыня рэжыму Лукашэнкі цяпер наўпрост залежыць ад падтрымкі Масквы. У гэтых умовах гульні ў шматвектарнасць страцілі ўсякі сэнс.

Удзел Пуціна быў абсалютным табу для афіцыйнага Менска. Строгае выкананне гэтай забароны шмат у чым забяспечвала замежную і ўнутраную легітымнасць рэжыму. Можна было колькі заўгодна не прызнаваць выбары ў Беларусі ці ўводзіць санкцыі, але здольнасць у вызначальны момант сказаць «не» Крамлю (напрыклад, не прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі або дыстанцыявацца ад агрэсіі супраць Украіны) рабіла Лукашэнку суб'ектам міжнароднай палітыкі. Так, Беларусь - хаўруснік Расеі, але не сатэліт, кіраўніцтва краіны здольнае праводзіць незалежны курс. Гэта прызнавалі і шанавалі нават апаненты дыктатуры. Але цяпер на шырокую падтрымку ўнутры краіны ці сяброўства з Захадам Лукашэнка ўжо не разлічвае - яму важная толькі рэакцыя Масквы. Яму неабходна ўсяляк дэманстраваць сваю важнасць і патрэбнасць Пуціну, часам бараніць інтарэсы Крамля нават больш актыўна, чым сам Крэмль.

Пры гэтым памыляюцца тыя, хто спрабуе прадставіць Лукашэнку ў вобразе ўсяго толькі крамлёўскай марыянеткі. Справа зусім не ў тым, што Расея прымушае Лукашэнку прытрымлівацца ў рэчышчы сваёй палітыкі. Справа ў тым, што ён цяпер бачыць у гэтым для сябе выгаду.

У гэтым сэнсе вельмі характэрнай з'яўляецца гісторыя з аперацыяй АДКБ у Казахстане. Лукашэнка нават не думаў дыстанцыявацца ад здарэння - ён насупраць публічна заявіў, што яны з Пуціным удваіх усяго за гадзіну распрацавалі гэтую аперацыю «аж да дэталяў», і ён сам выступаў за актыўнае ўмяшанне. Зразумела, гэта можа быць моцным перабольшаннем. Аднак сам факт таго, што Лукашэнка вызначыў гэтым пахваліцца, сведчыць аб тым, што дачыненне да ваенных авантур Крамля яго больш не бянтэжыць - ён бачыць у гэтым крыніцу сілы для свайго рэжыму. Больш за тое, часам ён нават гатовы праяўляць ініцыятыву ў такіх пытаннях.

Ілюзія непаражальнасці

Мяркуючы з усяго, менавіта так Лукашэнка ўспрымае і свой удзел у супрацьстаянні Крамля з Захадам і Украінай. Так, поўнамаштабнае ўцягванне Беларусі ў ваенны канфлікт амаль напэўна будзе мець катастрафічныя наступствы для рэжыму. Ідэя «абы не было вайны» ў Беларусі ўжо даўно пераўтвораная ў культ, таму нават ядзернаму электарату дыктатара, нават сілавікам і наменклатуры наўрад ці атрымаецца патлумачыць, чаму беларусы павінны паміраць у вайне супраць украінскага народа. Аднак усё гэта мае сэнс, калі гаворка ідзе пра вялікую канвенцыйную вайну са значнымі чалавечымі і матэрыяльнымі ахвярамі. А Лукашэнка разлічвае, што нічога такога проста не здарыцца.

Па-першае, ён зыходзіць з таго, што расейскія войскі ў Беларусі - гэта, перш за ўсё, элемент палітычнага ціску на Захад і Украіну, дадатковы козыр у перамовах. Ён разлічвае, што ўсё абмяжуецца шантажом і вялікай вайны не будзе. У такім выпадку рэжым Лукашэнкі застанецца ў чыстым выйгрышы: ён давядзе сваю патрэбнасць Пуціну, магчыма, выб'е пад шумок нейкія бонусы і субсідыі, ды яшчэ і адцягне ўвагу ад унутраных праблем. Пры гэтым пашырэнне прорвы паміж афіцыйным Менскам і цывілізаваным светам яго мала хвалюе - ён і так даўно махнуў на гэта рукой.

Па-другое, калі вайна ўсё ж здарыцца, то Лукашэнка разлічвае, што ўдзел Беларусі апынецца чыста сімвалічным і абыдзецца без вялікіх страт. Калі канфлікт удасца ўтрымаць у такіх умераных рамках, то ніякіх сур'ёзных наступстваў для рэжыму не прадбачыцца. Наадварот, гэта дазволіць «перавярнуць старонку» ва ўнутранай палітыцы - праблема рэпрэсій і нелегітымнасці ўлады можа адысці на другі, а то і трэці план. У канчатковым рахунку атмасфера вайны - гэта абавязковы элемент пабудовы сапраўднага таталітарызму.

Без сумневу, з боку афіцыйнага Менска - гэта гульня з агнём. Але амаль 28 гадоў неабмежаванай улады стварылі ў Лукашэнкі адчуванне ўласнай непаражальнасці і выключнасці. Падзеі апошніх паўтара года (пачынаючы ад жорсткага падаўлення пратэстаў і заканчваючы аперацыяй у Казахстане) толькі ўмацавалі гэтага чалавека ў перакананні, што поспех на яго баку, што ён здольны ўвасобіць у жыццё самыя неймаверныя сцэнары і выйсці пераможцам з самых безнадзейных сітуацый. Гэтую ілюзію ён захоўвае і цяпер, хаця насамрэч Лукашэнка запусціў ланцужок падзей, кантраляваць развіццё якіх ён не здольны. Беларусь ужо стала патэнцыйным фронтам у гэтым супрацьстаянні. Таму калі Пуцін усё ж наважыцца на вайну, то лёс Беларусі і ступень яе ўдзелу ў гэтым канфлікце будзе залежаць у першую чаргу ад ваенных планаў Крамля і гатоўнасці Украіны нанесці ўдар у адказ, а не ад волі Лукашэнкі.

Фактычна, афіцыйны Менск уцягнулі ў варонку ваенна-палітычнай эскалацыі, выбрацца з якой яму можа стацца не пад сілу з той простай прычыны, што Беларусь у гэтым выпадку выступае ў якасці аб'екта, а не суб'екта.

Ігар Ільяш, lb.ua

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках