24 красавiка 2024, Серада, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мухтар Аблязаў: Казахі называюць Такаева здраднікам нацыі

36
Мухтар Аблязаў: Казахі называюць Такаева здраднікам нацыі
МУХТАР АБЛЯЗАЎ

Лідар казахстанскай апазіцыі даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту Charter97.org.

Шмат для каго, хто не сочыць за сітуацыяй у Казахстане, рэвалюцыя стала поўнай нечаканасцю. Аднак адзін з лідараў казахстанскай апазіцыі цягам доўгага часу казаў, што ў краіне будуць адбывацца змены.

Лідар апазіцыйнага руху "Дэмакратычны выбар Казахстана", экс-міністр энэргетыкі, індустрыі і гандлю Мухтар Аблязаў даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту Charter97.org, у якім расказаў, чаму людзі выйшлі на вуліцы:

- Пратэстны патэнцыял назапашваўся. Людзей абураў імклівы рост коштаў і карупцыйны рэжым, крадзеж і гэтак далей. У аўтарытарных рэжымах перамены адбываюцца нечакана. Абсалютна для ўсіх. Так і Савецкі Саюз распаўся, так здзейснілася рэвалюцыя ў Тунісе. У Іране ніхто не падазраваў, што шах упадзе.

У аўтарытарных рэжымах задушаныя ўсе формы пратэсту, свабодная прэса і гэтак далей. Забітыя «нервовыя канчаткі», таму сам рэжым нават не можа сказаць, што і дзе «выбухне». Гэта класічны прыклад таго, як функцыянуе дыктатарская дзяржава.

Нагодай стала тое, што для насельніцтва паднялі кошты звадкаванага газу. На наступны дзень пасля першых дэманстрацый, калі людзі выйшлі і запатрабавалі знізіць кошт газу, гэты пратэст быў падхоплены ў шэрагу гарадоў, а потым ахапіў усю краіну.

На шматтысячных акцыях пратэсту пачалі гучаць палітычныя патрабаванні. Людзі ўжо казалі не пра паніжэнне кошту газу, а пра падтрымку мітынгоўцаў Жанаазэна. Гэта невялікі горад нафтавікоў, якіх гэты рэжым адкрыта расстрэльваў у 2011 годзе за мірныя акцыі пратэсту.

Другі важны момант - ва ўсіх рэгіёнах людзі выйшлі з агульным патрабаваннем, як быццам гэта быў адзін адзіны арганізм. Людзі патрабавалі адстаўкі рэжыму Нурсултана Назарбаева.

Атрымліваецца, што ішла не персаніфікацыя, што павінен сысці адзін чалавек, які быццам бы ўжо і не прэзідэнт (ён быў кіраўніком Рады бяспекі), павінен быў сысці рэжым. А калі мы кажам «рэжым», то мусіць сысці не толькі Назарбаеў, гэта і намінальны прэзідэнт Такаеў, які выконвае функцыі, якія ў свой час выконваў Мядзведзеў у Расеі. Свае пасады павінны былі пакінуць чальцы ўрада, парламента і гэтак далей - увесь рэжым.

Людзі на плошчах заяўлялі, што яны хочуць парламенцкую рэспубліку. Парламенцкая рэспубліка ў нас у краіне не мае пасады прэзідэнта. Калі нарастае сацыяльная незадаволенасць, людзі выходзяць і патрабуюць, умоўна кажучы, два кілаграмы бульбы. Гэтым разам пратэст быў дакладна сфармуляваны – прэч рэжым Назарбаева. Для гэтага трэба было, каб свядомасць людзей была адзінай. У гэтым сэнсе свядомасць нашых грамадзян саспела. Усе выдатна разумеюць, што намі кіруе злачынная супольнасць, якая рабуе краіну, рабуе людзей. І таму патрабаванні былі адзіныя - прэч рэжым Нурсултана Назарбаева.

- Як вы адзначылі, людзі першапачаткова выйшлі на вуліцы праз эканамічныя патрабаванні. Якая эканамічная сітуацыя ў Казахстане? Як жывуць простыя людзі?

- Ёсць эканамічнае паняцце - валавы ўнутраны даход на душу насельніцтва. І калі адштурхоўвацца ад яго, то ён у нас крыху меншы, чым у Расеі, большы чым у любой краіне так званай СНД. Але гэта ні пра што не гаворыць, таму што грамадзяне ўсё роўна ўважаюць сябе за бедных ці жабракоў, таму што яны не атрымліваюць адэкватную аплату за сваю працу.

У нас нафтавікі атрымліваюць у сярэднім 300-500 даляраў на месяц, а на аналагічных прадпрыемствах у свеце сярэдні заробак блізу 10 000 даляраў. На экспартных прадпрыемствах металургіі таксама атрымліваюць максімум 500 даляраў, калі ў іншых краінах гэта блізу 3-6 тысяч даляраў.

Нашыя людзі разумеюць, у чым прычына несправядлівасці. Яна ў тым, што Нурсултан Назарбаеў са сваімі суўдзельнікамі валодае ўсёй эканомікай краіны. Яны запіхваюць праз афшоры сабе ў кішэні тое, што недаплачваюць людзям, а потым купляюць рэзідэнцыі за 120 мільёнаў даляраў. Гэта вядома ўсёй краіне. У Швайцарыі яны нядаўна купілі ўласнасць на 120 мільёнаў даляраў, у Англіі на сотню мільёнаў даляраў. Гэта дзяржаўныя чыноўнікі, якія з'яўляюцца найбагацейшымі людзьмі ў свеце.

Таму несправядлівасць назапашвалася, людзі былі абураныя.

І апошнія падзеі, калі ва ўсім свеце раслі цэны прадуктаў харчавання і іншыя тавары, то ў нас гэты рост праходзіў у два-тры разы хутчэй. Таму было ясна, што ўсё гэта "выбухне", а падставай магло быць што хочаце.

У Тунісе гандляр падпаліў сябе і людзі выйшлі на вуліцу, у Кіеве - таму што дзяцей і студэнтаў збілі за Януковічам. Падстаў можа быць шмат, а прычына - сацыяльная абстаноўка і ў тым ліку - палітычная.

- Стала вядома аб сыходзе ў адстаўку ўрада краіны, сыходзе Назарбаева з пасады кіраўніка Рады бяспекі. Улада ідзе на саступкі ці гэта выкрут, каб адвесці людзей з вуліц?

- Гэта выкрут, каб спусціць пару. У нашай краіне Назарбаеў можа мяняць урад кожную гадзіну. Там быў яшчэ шэраг саступак — кошт газу зрабілі нават ніжэйшым, чым ён быў перад пратэстамі. Назарбаеў нібыта сышоў з пасады кіраўніка Рады бяспекі. Але паводле Канстытуцыі гэтая пасада ў яго пажыццёвая. Сёння ён пайшоў, а заўтра раніцай прачнуўся і перадумаў. У бандыцкай дзяржаве не працуюць законы. Наша краіна функцыянуе згодна з уяўленнямі Нурсултана Назарбаева. Ён - кіраўнік злачыннай АЗГ, пахан. І таму дзейны прэзідэнт проста выконвае яго даручэнні адлюстроўваючы ролю, што ён нібыта прэзідэнт.

- Сітуацыя развіваецца вельмі дынамічна, але што вы можаце сказаць аб тым, што адбываецца цяпер? У якім пункце знаходзіцца пратэст?

- Пратэст працягваецца. Людзі на гэтыя хітрыкі не купіліся. Нейкія сродкі масавай інфармацыі будуць казаць, што нібыта паміж Такаевым і Назарбаевым адбыўся канфлікт. Ніякага канфлікту паміж імі няма, таму што Такаеў са сваёй генетычнай прыладай не здольны нават гуку вымавіць супраць «уладальніка краіны». Ён будзе выконваць тыя даручэнні, якія яму перадасць найбліжэйшае атачэнне Назарбаева.

- Беларускі рэжым, у адрозненне ад беларускага народа, які суперажывае казахам, салідарызаваўся з Такаевым. Навошта Такаеву спатрэбілася падтрымка вонкавых сіл і што чакае войскі АДКБ у Казахстане?

- Па-першае, улады былі моцна напалоханыя. АДКБ накіруе блізу 3 тысяч вайскоўцаў. Ну што такое 3 тысячы, калі ў Казахстане 100 тысяч паліцыянтаў, ёсць войска і гэтак далей? Гэта проста іхні страх і спроба прыціснуцца да Пуціна. А Пуціну гэта, фактычна, выгадна, бо ён стварае правобраз Савецкага Саюза, спрабуе ўзяць пад кантроль усе ключавыя пастановы палітычнага характару Казахстана і іншых краін Цэнтральнай Азіі. Ён метадычна да гэтага ідзе, каб усе дзяржавы хадзілі адзначацца да яго на дыван. Таму АДКБ у гэтым плане ніякай сур'ёзнай сілы не прадстаўляе. Ды і ў асноўным АДКБ - гэта Расея, усе астатнія краіны выконваюць сімвалічную ролю.

У нашай краіне гэтыя дзеянні ўспрымаюцца як акупацыя з боку Расеі з усімі наступствамі. Калі Пуцін будзе далей дзейнічаць такім чынам, то вельмі хутка Казахстан стане такім жа "сябрам", як Украіна. І чым больш ён будзе ўмешвацца - тым хутчэй мы атрымаем рэальную незалежнасць, рэальны суверэнітэт і цяперашні рэжым будзе скінуты.

Калі казаць пра незалежнасць, дык пакуль толькі Нурсултан Назарбаеў мае незалежнасць ад свайго народа. Рэальнай незалежнасці мы не маем, таму што яна ў нас, як кажуць, упала з неба, калі Савецкі Саюз раскідваўся. Але зараз пачнецца барацьба за гэтую рэальную незалежнасць, будзе вызвольная вайна. У тым ліку і для таго, каб Расея намі ніколі не камандавала.

Таксама гэтая барацьба мае на ўвазе выгнанне прадстаўнікоў Пуціна і пабудову сапраўды незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Мы не паўторым шлях Беларусі. Гэта немагчыма. У нас няма ні саюзных дамоў, мы эканамічна больш аўтаномныя і незалежныя, чым Беларусь. Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі. Таму многія казахстанцы шчыра гавораць: лепш сыходзьце, мы будзем змагацца за нашу незалежнасць.

- Як можа павесці сябе паліцыя і войска Казахстана, ці можа яна перайсці на бок народа?

- Войска Казахстана - гэта тэхнічны орган. Гэта шрубкі, у іх няма ніякай пазіцыі - як скажуць, так і зробяць. Але трэба разумець, што ў войску служаць дзеці тых людзей, супраць якіх іх могуць скіраваць. Не факт, што яны будуць страляць па народзе. Гэтым будзе займацца так званая нацыянальная гвардыя Назарбаева. Што яны і зрабілі, калі ахоўвалі рэзідэнцыю Назарбаева.

Калі пратэстоўцы прыйшлі штурмаваць рэзідэнцыю былога прэзідэнта, ён тым часам спрабаваў уцячы з Казахстана. Спачатку супраць пратэстоўцаў ужылі гумовыя кулі, але потым снайперы пачалі расстрэльваць людзей ужо баявымі патронамі. Дакладная колькасць ахвяр невядомая, але гэта былі масавыя забойствы.

Таму цяпер шмат хто называе цяперашняга прэзідэнта здраднікам нацыі і наўпрост гавораць — мы будзем змагацца. І калі Расея не хоча, каб стасункі з казахскім народам былі такія ж, як і з украінскім, яны мусяць пакінуць Казахстан. Так, яны заяўляюць, што не будуць браць удзел у здушэнні так званых беспарадкаў, што будуць займацца аховай Байканура і іншых важных аб'ектаў. Напраўду гэта не так. Гэта своеасаблівы палітычны акт. Расейскі МЗС заявіў, што гэтыя пратэсты інспіраваныя вонкавымі сіламі.

Казахстанскім уладам страшна казаць, што гэта Амерыка ці Еўропа, бо менавіта там знаходзяцца іхнія актывы. Улады баяцца і будуць казаць невыразныя рэчы аб нейкіх бандыцкіх замежных фармаваннях. А Расея будзе дакладна казаць, што гэта Амерыка і Еўропа, ужо Салаўёў заявіў аб гэтым.

Кажуць, што Назарбаеў зараз у Дубай паляцеў. Але ягоны ад'езд нічога не значыць, бо ён ужо даўно туды-сюды ездзіць, жыве там, дзе захоча. У яго гіганцкая колькасць маёмасці і нерухомасці па ўсім свеце. Таму ён баіцца, Такаеў таксама баіцца, бо таксама мае шмат актываў за мяжой. Яны ніколі не назавуць гэтыя так званыя вонкавыя сілы.

- Як, на вашую думку, могуць развівацца падзеі ў Казахстане?

- Цяпер пратэсты могуць быць часова здушаныя. Але Казахстан уступіў у новы этап развіцця. Я думаю, што грамадзянская супольнасць, нашыя грамадзяне перамаглі. Так, коштам вялікіх ахвяр, але перамаглі. Людзі ўбачылі, што ўлада спалохалася. Так званы ўрад пайшоў у адстаўку, нібыта пайшоў у адстаўку Назарбаеў. Пратэстоўцы скідалі яго помнікі. Людзі пераканаліся, што калі яны аб'ядноўваюцца, то ўлада адступае назад і здраджвае сваім ахвярам, адпраўляе ў адстаўку.

Але нават калі зараз пратэсты будуць здушаныя, грамадства ўбачыла свае сілы. Доўгі час нашы грамадзяне былі запалоханыя, не верылі ў свае сілы, яны казалі "вось, беларусы малайцы, а мы тут такія…". Але пасля гэтага выпадку будзе рэальная барацьба за незалежнасць, наша нацыя падніме галаву і будуць стварацца розныя механізмы аб'яднання і супрацівы гэтаму рэжыму. Цяпер усе будуць разумець, што гэтаму рэжыму гамон.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках