20 красавiка 2024, Субота, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Фяльтшынскі: Мы павінны зрынуць рэжым Лукашэнкі

25
Юры Фяльтшынскі: Мы павінны зрынуць рэжым Лукашэнкі

Вырваць Беларусь з-пад кантролю Пуціна будзе разумным ходам.

У Варшаве 29–30 верасня праходзіла канферэнцыя GenFree Ініцыятывы трох мораў – форуму 12 краінаў усходняй паловы Еўразвязу. Канферэнцыю праводзілі, каб расказаць новаму пакаленню, што значыць свабода і як яе здабываць. Адзін з выступоўцаў расказаў пра небяспеку «саюзнай дзяржавы», паведамляе «Белсат».

Сярод выступоўцаў быў амерыканскі гісторык расейскага паходжання Юры Фяльшцінскі, суаўтар вядомай кнігі «ФСБ узрывае Расею». Ягоны выступ меў загаловак «Расейская вайна ў Еўропе. Як яна прадоўжыцца. Як яе скончыць».

«Пакаленнямі людзі задавалі адно і тое пытанне: што не так з Расеяй? На жаль, усё не так з Расеяй, – з гэтых словаў Фяльшцінскі пачаў выступ. – Расея ніколі не была дэмакратыяй: была манархіяй да 1917 года, была камуністычнай дыктатурай да 1991 года. Расея існавала толькі як імперыя».

Ён паказаў фота пратэстаў 1991 года ў Расеі і заўважыў, што за спінамі расейскіх дэмакратаў, у тым ліку прэзідэнта Барыса Ельцына, стаялі сілавікі. Справа ад Ельцына КДБ-шнік Аляксандр Каржакоў, які стаў целаахоўнікам Ельцына і потым кіраўніком ягонай службы аховы, вось за ягонай спінай КДБ-шнік Віктар Золатаў, які цяпер камандуе Расгвардыяй…

На прыкладзе такіх здымкаў Фяльшцінскі прыйшоў да высновы: у дэмакратыі ў Расеі не было шанцаў, бо ўсё было набрынялае КДБ, “дзясяткамі тысячаў агентаў у грамадстве”. Паводле ягоных словаў, у 1999 годзе, калі пачалася Другая чачэнская вайна, дэмакратыя ў Расеі памерла, краіна апынулася пад кантролем высокапастаўленых КДБ-істаў, а над ФСБ (новая назва КДБ у Расеі) не было палітычнага кантролю. Ельцын выбіраў пераемніка паміж ФСБ-шнікам, экс-кіраўніком знешняй выведкі і экс-кіраўніком контрвыведкі – абраў ФСБ-шніка. Той застаецца ва ўладзе ўжо 22 гады, расставіў на шматлікія пасады сілавікоў – і Расея стала «першай у гісторыі дзяржавай пад кантролем дзяржбяспекі».

Цяпер Уладзімір Пуцін не можа прызнаць паразу ў вайне ва Украіне ад «маленькай усходнееўрапейскай краіны», мяркуе Фяльшцінскі, і гатовы ваяваць да апошняга ўкраінскага салдата, а таксама не адхіляе ідэю анэксіі іншых тэрыторый. Наўрад ці кожны расеец падтрымлівае гэтую вайну, але праціўнікі вайны не стануць значнай сілай у дужанні з Пуціным, як немцы не сталі ў дужанні з Гітлерам. Але Украіна не пацерпіць паразы ў гэтай вайне, бо ў яе ёсць баявы дух і заходняя дапамога.

Фяльшцінскі разважае: што застаецца Пуціну? Зіма блізкая ў прамым і пераносным сэнсе, Пуцін хутчэй за ўсё спыніць пастаўкі газу ў Еўропу, але гэтага будзе мала. Звыклай арміі ў яго практычна не засталося. Падобна, ён выбірае паміж дзвюма ядзернымі опцыямі эскалацыі: сабатажам на Запарожскай АЭС на акупаванай тэрыторыі Украіны альбо перадачай Беларусі ядзернай зброі і ядзерным ударам па Украіне з тэрыторыі Беларусі, каб адказам на гэта быў удар не па тэрыторыі Расеі, а па іншай краіне. Ды і біць ядзернай зброяй па Беларусі складана: краіна не такая вялікая, побач – дзяржавы Еўразвязу, на якія можа распаўсюдзіцца радыяцыя. Таму Пуцін і не анэксаваў Беларусь, хоць мае магчымасць.

«Мы павінны пачаць звяртаць увагу на Беларусь, – заклікаў Фяльшцінскі. – Вядома, Аляксандр Лукашэнка – класічны дыктатар, у адрозненне ад Пуціна, які не дыктатар, а прадстаўнік Сістэмы ФСБ, што кіруе краінай. Я думаю, вырваць Беларусь з-пад кантролю Пуціна будзе разумным ходам і важным з гледзішча бяспекі».

«Калі мы хочам унікнуць ядзернай канфрантацыі з Беларуссю, трэба сканцэнтравацца на вяртанні Беларусі ў еўрапейскую арбіту. Нам трэба зрынуць дыктатуру Лукашэнкі. Нам трэба падзяліць звяз Беларусі і Расеі», – такую выснову зрабіў Фяльшцінскі.

Вайна ва Украіне скончыцца паразай Расеі, пытанне толькі ў тым, калі і якім коштам адбудзецца тая параза, перакананы ён. Умовамі міру павінны быць спыненне ваеннай актыўнасці Расеі ва Украіне, адвод войскаў (або таго, што ад іх застанецца), выплаты рэпарацый, вяртанне Расеі да даваенных межаў, вывад расейскіх войскаў з Прыднястроўя, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, перадача Чарнаморскага флоту Украіне, дэмілітарызацыя Калінінградскай вобласці, суд над ваеннымі злачынцамі і асабіста Пуціным у Гаазе, роспуск ФСБ і забарона на яе аднаўленне пад новай абрэвіятурай.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках