18 красавiка 2024, Чацвер, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіста «Прэсбола» звальняюць пасля 10-сутачнага арышту

3
Журналіста «Прэсбола» звальняюць пасля 10-сутачнага арышту

У яго на аватарцы быў бел-чырвона-белы сцяг.

Беларуская федэрацыя футболу, якая валодае кантрольным пакетам акцый спартовай газеты «Прэсбол», разрывае кантракт з карэспандэнтам Андрэем Ільенем. Раней журналіст быў пакараны адміністрацыйным арыштам за «пікетаванне ў сацсетках», паведамляе БАЖ.

Футбольнага аглядальніка «Прэсбола», каментатара матчаў чэмпіянату Беларусі на тэлеканале «ЯСНАе TV» Андрэя Ільеню сілавікі затрымалі 14 верасня, суд пакараў яго 10 суткамі зняволення.

Як кажуць калегі Андрэя Іллені, пад «зачыстку» той трапіў збольшага выпадкова. У ліку іншых быў акрэдытаваны ў склад афіцыйнай дэлегацыі на выязныя матчы нацыянальнай каманды ў новастворанай Лізе Нацый пад эгідай УЕФА. А з улікам, што цяпер ад супрацоўнікаў СМІ патрабуецца яшчэ і поўная лаяльнасць, ідэолагі праверылі сацсеткі на наяўнасць крамолы. І вельмі хутка знайшлі «істотныя парушэнні дзейнага заканадаўства».

Высветлілася, што Андрэй Ільеня на аватарцы ў Facebook змясціў бел-чырвона-белы сцяг (цяпер сацсеткі татальна «стэрылізаваныя»). Уласна кажучы, за «віртуальнае пікетаванне» і затрымалі. У выніку замест камандзіровак у Казахстан і Сербію журналіст накіраваўся на 10 сутак на Акрэсціна.

Выглядае, што яшчэ адным раздражняльнікам для кантралёраў стала і працоўная мова Андрэя Ільені – ён прынцыпова каментуе тэлетрансляцыі на беларускай мове, на ёй жа вёў свае старонкі.

Паколькі сёлетні «Прэсбол» цалкам падкантрольны Беларускай федэрацыі футболу, кіраўніцтва якой аднаасобна ўхваляе ўсе кадравыя ратацыі, скасаванне кантракта з нелаяльным журналістам было вызначанае практычна ў момант яго затрымання.

Як падзяліўся з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ адзін з дзейных супрацоўнікаў спартовага выдання, Андрэю Ільеню «пашанцавала» ўжо тым, што выйшаў без форс-мажору пасля 10 сутак. Аднак далей спадзявацца няма на што – «хутка звольняць». Кіраўнік асацыяцыі, адстаўны вайсковец Уладзімір Базанаў дэманструе поўную салідарнасць з дзейным палітычным рэжымам і не церпіць нават мінімальных праяваў апазіцыйнасці.

Характэрна, што ў «Прэсбол» Андрэя Ільеню ўзялі як экстранную «затычку ў прабоіне». Пасля гвалтоўнага прызначэння ўласнікам – без папярэдняга абмеркавання з калектывам – на пасаду галоўнага рэдактара газеты экс-каментатара тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна, асноўныя журналісты зладзілі дэмарш і салідарна пакінулі рэдакцыю. На вакантныя месцы ў экстранным парадку давялося шукаць «штрэйкбрэхераў». У гэты пералік трапіў і Андрэй Ільеня.

Да гэтага ён працаваў у дзяржаўнай «Спартовай панараме», а таксама выконваў функцыі прэс-сакратара мужчынскай і жаночай камандаў нацыянальнага першынства – «Дняпро» і «Надзея-Дняпро» адпаведна.

Датычна новага працаўладкавання Андрэй Ільеня прагназаваць пакуль нічога не бярэцца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках