29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомы абаронца «Азоўсталі» распавёў пра ўмовы ў расейскім палоне

31
Вядомы абаронца «Азоўсталі» распавёў пра ўмовы ў расейскім палоне

Фатаграфія Міхаіла Дыянава пасля вызвалення шакавала свет.

Украінскі марскі пяхотнік Міхаіл Дыянаў быў сярод 215 вайскоўцаў, якія 21 верасня вярнуліся з расейскага палону. У інтэрв'ю Sky News ён распавёў аб нечалавечых умовах, створаных расейцамі.

Ягоная фатаграфія пасля вызвалення шакавала свет: знясілены мужчына са знявечанай рукой. За чатыры месяцы палону Дыянаў схуднеў на 40 кілаграм, і на фота было складана пазнаць гераічнага абаронцу «Азоўсталі».

Мужчына быў сярод тых, каго акупанты трымалі ў калоніі ў акупаванай Аленаўцы Данецкай вобласці, па якой быў нанесены ўдар. Міхаіл называе гэтае месца канцлагерам і расказвае, як захопнікі марылі палонных голадам.

«Да нас ставіліся, як да жывёлы. Есці было немагчыма. На прыём ежы давалі 30 секунд. За 30 секунд трэба было з'есці ўсё, што можна. Хлеб быў спецыяльна вельмі цвёрдым, хлопцы, якім выбілі зубы, не паспявалі паесці. Было 30 секунд. А пасля ты павінен спыніцца. Пасля ты павінен быў адразу ўстаць і бегчы. Так было ўвесь час.

«Паверце мне, пасля месяца голаду, калі вы заплюшчваеце вочы, вы забываеце пра сваю сям'ю, пра сваю краіну, пра ўсё. Адзінае, пра што ты думаеш, гэта пра ежу», - распавядае Дыянаў.

Вайсковец таксама расказаў, як палонных катавалі за паднятыя ягады з зямлі. Іх білі палкамі, ужывалі электрашокеры і ўтыкалі іголкі пад пазногці.

Праз бесперапыннае знаходжанне ў неймавернай цеснаце ў Міхася пачаліся праблемы з нагамі - цяпер яму цяжка хадзіць.

Непапраўную шкоду здароўю мужчыны прычыніла тое, што расейцы амаль не надавалі параненым палонным патрэбную медыцынскую дапамогу. На момант здачы ў палон у Дыянава была зламаная правая рука. Акупанты правялі аперацыю з дапамогай абцугоў і без анестэзіі. За час знаходжання ў палоне праз адсутнасць медыцынскай дапамогі костка вырасла паўколам.

Цяпер яму трэба набраць 20 кг, перш чым ён зможа зрабіць карэкцыйную аперацыю на руцэ. А паляпшэнне псіхічнага стану, хутчэй за ўсё, зойме значна больш часу.

«Кожны траўмаваны. Я ўважаю сябе за псіхічна моцнага чалавека, але для мяне шмат рэчаў страціла сваю каштоўнасць», - кажа Дыянаў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках