20 красавiка 2024, Субота, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці можа ў Беларусі наймальнік паставіць у графік 15 дзён працы запар і толькі потым - выходныя?

4
Ці можа ў Беларусі наймальнік паставіць у графік 15 дзён працы запар і толькі потым - выходныя?

Экспэрт даў адказ на гэтае і іншыя пытанні.

Галоўная прававая інспектарка працы Беларускага прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Людміла Логвіна адказала на пытанні беларусаў, піша «БрэстСІЦІ».

Наймальнік хоча змяніць час абедзеннага перапынку. Ці мае ён на гэта права і што рабіць, калі я не згодзен? Андрэй, Менская вобласць

- У наймальніка ёсць такое права, аднак для гэтага павінны быць сур'ёзныя абгрунтаванні - вытворчыя, арганізацыйныя або эканамічныя. Пра сваю пастанову кіраўнік абавязаны пісьмова папярэдзіць работніка не пазней як за месяц. У сваю чаргу работнік можа як пагадзіцца з новымі ўмовамі працы, так і адмовіцца ад іх. У першым выпадку ўкладаецца дадатковая дамова да працоўнай дамовы (кантракту). Змяненне ўмоў працоўнай дамовы таксама афармляецца загадам (распараджэннем) паводле п.15 ч.1 арт.55 Працоўнага кодэкса (ПК). У другім выпадку працоўная дамова спыняецца (паводле п.5 ч.2 ст.35 ПК) з выплатай выходнай дапамогі ў памеры не меней за двухтыднёвы сярэдні заробак (арт.48 ПК). Дадам, што работнік можа аспрэчыць пастанову наймальніка, звярнуўшыся спачатку ў камісію працоўных спрэчак, а пасля - у суд, калі пастанова камісіі яго не задаволіць.

Магчыма ўявіць сітуацыю, калі наймальнік у аднабаковым парадку зменіць час перапынку для адпачынку і харчавання. У гэтым выпадку работнік мае права запатрабаваць датэрміновага спынення працоўных стасункаў у сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы (пры наяўнасці тэрміновай працоўнай дамовы ў адпаведнасці з арт.41 ПК).

Растлумачце, што такое падсумавальны ўлік працоўнага часу? Крысціна, Віцебская вобласць

- Калі спецыфіка працы не дазваляе пастаянна выконваць устаноўленыя нормы штодзённай або штотыднёвай працягласці рабочага часу, узнікае неабходнасць прымянення падсумавальнага ўліку. У гэтай сітуацыі ўстаноўленыя тыднёвыя нормы могуць выконвацца ў сярэднім за ўліковы перыяд (напрыклад, за месяц ці квартал, але не больш чым за каляндарны год).

Найбольш характэрна прымяненне такога ўліку рабочага часу для арганізацый транспарту, сувязі, сельскай гаспадаркі, гандлю, прамысловасці і іншых, дзе выкарыстоўваюцца бесперапынныя вытворча-тэхналагічныя цыклы, а таксама ажыццяўляецца кругласутачнае абслугоўванне насельніцтва. У гэтым выпадку штотыднёвая працягласць рабочага часу можа быць большай або меншай за ўстаноўленую норму, вызначаную арт.112–114 ПК, аднак не перавышаць нормы гадзін, разлічанай у адпаведнасці з арт.112–117 ПК. Таксама штодзённая працягласць працоўнага часу не можа перавышаць 12 гадзін у сярэднім за ўліковы перыяд.

Неабходнасць увядзення падсумавальнага ўліку працоўнага часу вызначае наймальнік на ўзгадненне з прафсаюзам.

Наймальнік паставіў у мой графік 15 працоўных дзён запар і толькі потым - выходныя. Растлумачыў гэта тым, што норма працоўнага часу за квартал (уліковы перыяд) усё роўна не перавышаная. Ці правільна гэта? Аляксей Іванавіч, Менск

- Не. Многія наймальнікі памылкова трактуюць ч.3 арт.138 ПК, у якой прапісана: калі ў работніка ўстаноўлены зменны рэжым, а таксама падсумаваны ўлік працоўнага часу, то мінімальная працягласць штотыднёвага адпачынку можа вылічацца ў сярэднім за ўліковы перыяд. Таму некаторыя кіраўнікі могуць планаваць 15 працоўных дзён запар і толькі потым падаваць выходныя. Аднак яны не ўлічваюць п.8. ст.136 ПК, які носіць імператыўны характар, гэта значыць з'яўляецца абавязковым. А ён абвяшчае: выходныя дні не пазней чым за 6 працоўных дзён запар.

Працую ў тры змены ў рэжыме пяцідзёнкі з выходнымі ў суботу і нядзелю. Аднак наймальнік перыядычна ставіць мне працоўную суботу і ніяк не кампенсуе яе. Ці правамерна гэта? Вольга, Гародня

- У адпаведнасці з арт.124 ПК сума гадзін работы па графіку зменнасці пры пяцідзённым і шасцідзённым рабочым тыдні павінна адпавядаць разліковай норме рабочага часу кожнага каляндарнага года, якая ўстанаўліваецца ўрадам або ўпаўнаважаным ім органам. Так, напрыклад, норма працоўнага часу на 2022 год для пяцідзённага працоўнага тыдня з выходнымі днямі ў суботу і нядзелю складае 2037 гадзін. Частка 2 артыкула 124 ПК прадугледжвае, што калі пры пяцідзённым працоўным тыдні сума гадзін 5 працоўных дзён за каляндарны тыдзень менш за тыднёвую норму, неадпрацоўка пакрываецца па меры яе ўтварэння ў асобныя тыдні за кошт аднаго ці двух (за выключэннем нядзелі) выходных дзён, якія ў графіцы работ (зменнасці) плануюцца як працоўныя. Пры такіх абставінах запланаваная наймальнікам у графіках работа ў суботнія дні не разглядаецца заканадаўствам як прыцягненне да работы ў выхадны дзень і не падлягае кампенсацыі ў адпаведнасці з арт.69 ПК.

Нагадаю, што згодна з арт.112 ПК поўная норма працягласці працоўнага часу не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень.

На працягу змены мне ўсталяваныя два перапынкі па 30 хвілін, якія не ўключаюцца ў працоўны час і не аплачваюцца. Калі я на змене з напарнікам, то магу выкарыстоўваць іх на сваё меркаванне, аднак часам я змушаны працаваць адзін. Як асоба матэрыяльна адказная не магу пакінуць працоўнае месца і зрабіць перапынак. Ці павінен наймальнік аплаціць мне адпрацаваны час, у тым ліку як звышвызначаны? Барыс, Магілёўская вобласць

- Наймальнік абавязаны весці ўлік фактычна адпрацаванага часу (п.3 ч.1 арт.55 ПК). Пры ўзнікненні абставін, калі немагчыма з аб'ектыўных прычын, звязаных з вытворчасцю, выкарыстоўваць перапынкі для адпачынку і харчавання ў канкрэтны час, работніку неабходна паведаміць наймальніку (упаўнаважаная службовая асоба), каб вырашыць пытанне аб кампенсацыі. Наймальнік, у сваю чаргу, абавязаны ўлічыць адпрацаваны час, налічыць і выплаціць заробак за яго (арт.57 ПК). Акрамя таго, калі па выніках уліковага перыяду будзе выяўлена звышнарматыўная работа, то яна падлягае кампенсацыі ва ўстаноўленым арт.69 ПК парадку (у выглядзе падвышанай аплаты або выдачы іншага дня адпачынку, які не аплачваецца).

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках