26 красавiка 2024, Пятніца, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва УСУ назвалі населеныя пункты, якія могуць дэакупаваць пасля поспехаў у Лімане

8
Ва УСУ назвалі населеныя пункты, якія могуць дэакупаваць пасля поспехаў у Лімане

У ворага фактычна не засталося сіл для шырокамаштабных дзеянняў для наступу.

Пасля вызвалення ад расейскага акупацыйнага войска горада Лімана Данецкай вобласці Узброеныя сілы Украіны стварылі ўмовы для далейшай дэакупацыі Луганшчыны. У першую чаргу абаронцы краіны могуць вызваліць Крэменную.

Гэта ў сваю чаргу адкрые шлях для дэакупацыі астатняй часткі Луганскай вобласці. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона распавёў спікер Усходняй групоўкі УСУ Сяргей Чараваты, паведамляе obozrevatel.com.

З ягоных слоў, ужо цяпер рэшткі варожых падраздзяленняў, якіх выгналі з Лімана, пачалі будаваць умацаванні ў Крэменнай. Украінскія войскі ў сваю чаргу робяць усё, каб парушыць планы ворага.

«Учора нашымі войскамі было пацверджанае ўзяцце сяла Торскага. Рэшткі ворага, якіх не дабілі, адступілі і спрабуюць будаваць у Крэменнай умацаванні. Нашы ракетныя войскі, артылерыя, авіяцыя робяць усё, каб у іх не вельмі атрымалася», - заявіў прадстаўнік УСУ.

Чараваты адзначыў, што вызваленне Крэменнай адкрые шлях украінскім вайскоўцам на Сватава і Рубежнае. Гэта ў сваю чаргу дазволіць дэакупаваць гарады Лісічанск і Севераданецк, куды пуцінскія войскі зайшлі летам.

«Пераадолеўшы Крэменную, Узброеныя сілы Украіны выйдуць на Сватава, Рубежнае і далей змогуць дэакупаваць Луганскую вобласць. А за імі Севераданецк і Лісічанск, якімі яны так выхваляліся ўлетку, што яны іх з неймавернай моцай узялі. Дзякуючы вар'яцкай сталёвай волі нашых абаронцаў там удалося выматаць ворага і планава адступіць у Лісічанск, пабудаваць пісьменную абарону, адпаведна, падрыхтавацца да контрнаступлення», - адзначыў Чараваты.

Таксама спікер Усходняй групоўкі УСУ падкрэсліў, што ў ворага фактычна не засталося сіл для шырокамаштабных атакавалых дзеянняў. Таму захопнікі выбіраюць сваю «фірмовую тактыку» і бамбуюць населеныя пункты з мірным насельніцтвам.

«У іх ужо няма сіл весці атакуючыя баявыя дзеянні па шырокай лініі фронту, таму яны засяроджваюцца на Аўдзееўскім і Бахмуцкім кірунках. Там яны, акрамя абстрэлаў, актыўнай артылерыйскай і ракетнай працы, спрабуюць атакаваць сіламі ПВК. Абстрэлы - гэта іх фірмовы знак. Нягледзячы на мірнае насельніцтва, якое яны, нібыта, прыйшлі абараняць, яны па іх б'юць бязлітасна», - сказаў Чараваты.

Нагадаем, раніцай 1 кастрычніка кіраўнік Луганскай АВА Сяргей Гайдай заявіў, што расейскія вайскоўцы запыталі ў свайго камандавання дазвол на выхад з Лімана, але атрымалі адмову. Шляхі падвозу БК для захопнікаў былі адрэзаныя.

У гэты ж дзень у сетцы з'явілася інфармацыя, што УСУ вызвалілі Ліман. 2 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што на 12.30 зачыстка Лімана скончылася.

Раней паведамлялася, што ЗША заявілі, што «вельмі натхнёныя» гэтай падзеяй, бо горад быў стратэгічна важным для расейскіх войскаў. А генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг сказаў, што вызваленне Лімана даводзіць: украінскае войска здольнае даць адпор УС РФ і працягвае дэманстраваць прагрэс.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках