24 красавiка 2024, Серада, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Позвы на вайну з Украінай атрымліваюць лекары і медбраты па ўсёй Расеі

3
Позвы на вайну з Украінай атрымліваюць лекары і медбраты па ўсёй Расеі

Мабілізаваных прымушаюць звольніцца з працы.

У Расеі ўжо больш за тыдзень дзейнічае абвешчаная Пуціным мабілізацыя, якая тычыцца ў тым ліку і ваеннаабавязаных медыцынскіх супрацоўнікаў. Афіцыйнага тлумачэння да загаду, каго менавіта з медыцынскага персаналу, калі, як і ў якой колькасці трэба набіраць на вайну з Украінай, няма. Тым не менш медыцынскім супрацоўнікам масава ўручаюць позвы, а маскоўскія лякарні спрабуюць дабмагчыся «броні» хоць бы на частку супрацоўнікаў. «Медуза» расказвае, як мабілізуюць спецыялістаў у медыцынскай сферы – нават калі яны не працуюць паводле прафесіі.

Як медыцынскіх супрацоўнікаў набіраюць на вайну

Пра выпадкі адпраўкі на фронт расейскіх лекараў, мабілізаваных пасля 21 верасня, да гэтага часу дакладна невядома. Але мяркуючы з таго, што позвы ім уручаюць і часам самі лекары выказваюць згоду паехаць на вайну, такія выпадкі могуць адбыцца ў найбліжэйшы час. Так, на Урале мабілізавалі намесніка галоўнага лекара хуткай дапамогі горада Першаўральска Вячаслава Фёдарава, чыя ваенная спецыяльнасць – старшы лейтэнант медслужбы. Яго адправяць у ваенны навучальны цэнтр у пасёлку Елань у Свярдлоўскай вобласці. Фёдараў адзначае: «Я адслужыў у войску. У мяне ўсе паказанні для гэтага ёсць». А часам лекары нават выступаюць добраахвотнікамі: прадзяржаўныя СМІ расказваюць пра мабілізаваную спецыялістку Жанету Бахаву, якая падчас пандэміі «працавала ў шпіталі». «Я падтрымліваю тых, хто не ўцякае, а застаецца і дапамагае», – тлумачыць яна.

У Маскоўскай вобласці жыве пара – 30-гадовы хлопец і 25-гадовая дзяўчына – у якой абаіх паклікалі ў ваенкамат, расказвае іх сяброўка Марыя. Хлопцу, які да гэтага служыў паводле набору, уручылі позву побач з домам. Дзяўчыне – у яе ёсць медыцынская адукацыя – патэлефанавалі з ваенкамата і папрасілі прыйсці для ўдакладнення дакументаў воінскага ўліку. Замест таго каб прыйсці ў ваенкамат, пара папрасіла сябра прадаць іх машыну і ў спешцы пакінула Расею. «Яны з'ехалі на нявызначаны тэрмін. Няясна, калі вернуцца: праз месяц, два ці год, можа быць, праз некалькі гадоў», – расказвае Марыя.

37-гадовая тэрапеўтка Яўгенія (імя змененае) з прыватнай маскоўскай клінікі пакуль не атрымала позву, але ўжо дакладна для сябе вызначыла, што не паедзе на вайну «з ідэалагічных меркаванняў». «Я з 2014 года супраць гэтага ўсяго. Нельга браць чужое і потым яшчэ крыўдзіцца, што нехта асмеліўся пярэчыць, што ты [яго] узяў», – тлумачыць яна. Калі Яўгенію ўсё ж такі паклічуць, то яна мае намер хавацца ад ваенкамата, а калі яе знойдуць, то гатовая і на самыя крайнія захады: «Калі будуць адразу запіхваць у аўтобус, калі будуць проста біць, то на крайні выпадак я скончу з сабой у ваенкамаце. Я вельмі добра вучыла фармакалогію», – кажа жанчына.

Знаёмаму Яўгеніі, калегу-хірургу, які падтрымаў уварванне, позва ўжо прыйшла. У дзень яе атрымання яго звольнілі, але на вайну яшчэ не адправілі. Тым не менш такая сітуацыя выглядае незаконнай, бо ўрад зацвердзіў пастанову аб захаванні працоўных месцаў для мабілізаваных грамадзянаў. «Ён разважае, што рабіць далей. Ён падтрымліваў “спецаперацыю” да таго моманту, пакуль яго асабіста гэта не закранула. Ён не хоча [ехаць на вайну]. Але не з прынцыповых меркаванняў. Проста не хоча рызыкаваць і быць забітым», – кажа Яўгенія.

Былыя калегі з дзяржаўнай лякарні ў Варонежы расказалі Яўгеніі, што пасля абвяшчэння мабілізацыі ім паступіў загад, паводле якога з пачатку мабілізацыі ў лякарні павінна быць створаная медычная камісія. Паводле словаў Яўгеніі, цяпер забаронена шпіталізаваць у лякарню мужчынаў 18–50 гадоў з любымі захворваннямі акрамя інфаркту і выпадкаў, калі неабходна аператыўнае ўмяшанне. Выключэнні павінна пацвярджаць медычная камісія.

Медсястра Алена (імя змененае) пасля заканчэння Тальяцінскага медыцынскага каледжа два гады таму ўстала на ваенны ўлік як шарагоўка. Гэта было абавязковае патрабаванне для выпускнікоў. Алена знаходзіцца ў статусе ваеннаабавязанай, нават нягледзячы на тое, што адразу пасля вучобы надумала памяняць прафесію і цяпер працуе майстрам броваў. «Не могуць забяспечыць патрэбнымі рэчамі нават на месцы, аптэкі пустыя, перспектывы самыя змрочныя, сур'ёзныя перапрацоўкі. Была прынятая пастанова не займацца ў Расеі медыцынай, бо тут гэта рабская праца», – дзеліцца разважаннямі яе муж Віталь. У сям'і адмоўнае стаўленне да вайны, абое выступаюць супраць мабілізацыі. «Краіна ўрываецца ў іншую краіну пад нейкімі падставамі, пачынае забойства людзей. І страшная нават не сама мабілізацыя, а што частка людзей будзе недзеяздольная, частка вернецца ў трунах. А палова спешна цяпер пакідае краіну. Што будзе? У эканоміцы, зразумела, нічога добрага. З 24 лютага ўзнялася крыміналізацыя, бензін пачалі зліваць [з бакаў прыпаркаваных машынаў], а такое было толькі ў 90-я», – апавядае Віталь. Позва Алене пакуль не прыходзіла, але, калі яе і паклічуць, у ваенкамат яна не пойдзе. Пры неабходнасці яна плануе жыць не на месцы прапіскі, а ў крайнім выпадку з'едзе за мяжу.

У Марыі з Тальяці заклікалі 41-гадовага дзядзьку Андрэя (імя змененае), які ў 2000 годзе праходзіў звычайную тэрміновую службу, захварэў на пнеўманію і апынуўся ў шпіталі ў Санкт-Пецярбургу. Калі Андрэй акрыяў, яго пакінулі служыць у медсанчастцы. І хоць медыцынскай адукацыі ў яго няма, на вайну з Украінай яго заклікалі менавіта як медработніка. Позву мужчыну прынеслі дадому і ўручылі проста ў рукі. У ваенкамаце, куды ён пайшоў амаль адразу, яму загадалі на наступны дзень з'явіцца на пункт збору – адтуль яго і іншых мабілізаваных вязуць у пасёлак Рошчына, як сцвярджаецца, для медкамісіі.

У Андрэя засталіся жонка і васьмігадовае дзіця, але ваенкамат спачатку не палічыў гэта падставай не адпраўляць яго на фронт. Мужчыну ў ваенкамаце сказалі напісаць заяву на звальненне з працы на вытворчасці і неадкладна сабраць рэчы – што ён і зрабіў. Калі Андрэя ўжо павінны былі вывезці ў Рошчына, яму паведамілі, што ён усё ж не едзе і застаецца ў запасе. «Дагэтуль ён знаходзіцца дома і ходзіць на працу. Ваенкамы сказалі наступнае: як толькі вы нам спатрэбіцеся, мы патэлефануем і вы павінны [будзеце] з'явіцца ў ваенкамат цягам дзвюх гадзінаў», – расказвае Марыя.

Такі від уручэння позваў і хуткасці мабілізацыі характэрны для «паўзучай» мабілізацыі, якая адбываецца паступова і расцягваецца ў часе. Пра яе «Медуза» пісала раней.

Падчас набору (у тым ліку лекараў) ваенкаматы дзейнічаюць «хаатычна і без якога-небудзь прынцыпу». Віталь пацвярджае, што позвы раздаюць выпадковым чынам і паводле невядомага яму прынцыпу. Так, іх ужо ўручылі чатыром былым аднагрупніцам ягонай жонкі – выпускніцы медыцынскага каледжа Алены (ім ад 18 да 23 гадоў). Усе дзяўчаты пайшлі ў ваенкамат, дзе ім паведамілі, што патрэбы ў іх мабілізацыі пакуль няма, і прымусілі падпісаць паперы пра нявыезд за межы горада.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках