28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашысты прапануюць размясціць радыеактыўныя адкіды БелАЭС у Гомельскай вобласці

22
Лукашысты прапануюць размясціць радыеактыўныя адкіды БелАЭС у Гомельскай вобласці

Цяпер радыеактыўныя адкіды ў Беларусі захоўваюцца ў двух месцах.

На "грамадскае абмеркаванне" вынесены праект Стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі. У рамках новай стратэгіі радыеактыўныя адкіды БелАЭС прапануюць размясціць у Гомельскай вобласці, піша "Флагшток".

Цяпер радыеактыўныя адкіды ў Беларусі захоўваюцца ў двух месцах. Асноўная прамысловая пляцоўка збору і захоўвання радыеактыўных адкідаў размешчаная ў наваколлях Менска. Яе эксплуатацыяй займаецца спецыялізаванае прадпрыемства "Экарэс". Тут прымаюцца і захоўваюцца адкіды з іянізавальным выпраменьваннем, напрыклад радыеізатопныя апавяшчальнікі дыму, калібровачныя крыніцы для дазіметрычных прыбораў і г.д. Аднак захоўваць тут радыеактыўныя адкіды БелАЭС не атрымаецца: аб'ёму існых сховішчаў недастаткова, пры гэтым памежны тэрмін іх эксплуатацыі скончыцца ўжо праз 18–27 гадоў.

Адзіным пунктам захоўвання радыеактыўных адкідаў, які дастаўся ў спадчыну ад СССР, з'яўляецца аб'ект "Гомель-30", размешчаны на тэрыторыі гарадскога пасёлка Зарэчча ў Рэчыцкім раёне. Агульная вага зацэментаваных тут радыеактыўных адкідаў складае 12 тонаў. У праекце стратэгіі спецыялісты рэкамендавалі ліквідаваць гэты аб'ект і перанесці радыеактыўныя адкіды, якія захоўваюцца тут, у іншае месца.

Для гэтага прапануецца стварыць новы цэнтралізаваны пункт пахавання, куды будуць перанесеныя радыеактыўныя адкіды з Менска, Рэчыцкага раёна і БелАЭС. Ягонае дакладнае месца размяшчэння пакуль не вызначанае, пазней на выбар будуць прапанаваныя не менш як тры альтэрнатыўныя варыянты.

У стратэгіі агаворваецца, што ў прыярытэце будуць тэрыторыі, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджвання ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод іншых разглядаюцца прыдатныя геалагічныя фармацыі ў Гомельскай вобласці: тоўшчы глінаў і солі ў раёне Мазырскага сховішча газу або скальныя пароды паблізу мяжы з Украінай.

Распрацоўнікі стратэгіі сцвярджаюць, што размяшчэнне цэнтралізаванага пункта пахавання радыеактыўных адкідаў стане "пунктам эканамічнага росту" для абранага рэгіёну. Для таго каб упэўніць у гэтым грамадзянаў, плануецца разгарнуць актыўную прапагандысцкую кампанію.

"Заўвагі і прапановы" да праекту Стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі прапануецца выказваць у спецыяльнай тэме на прававым форуме з 3 да 13 кастрычніка 2022 г.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках