18 красавiка 2024, Чацвер, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бабруйску ўзрываюць старадаўнія будынкі бровара

13
У Бабруйску ўзрываюць старадаўнія будынкі бровара

Карпусы маглі б стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Комплекс будынкаў былога бровара руйнуюць гэтымі днямі ў Бабруйску. Робяць гэта пры дапамозе выбухаў, яны запланаваны на панядзелак і аўторак, паведамляе выданне "Камерцыйны кур'ер". У той жа час тэлеграм-канал "Спадчына" адзначае, што такі фінал пабудоў - страта, бо карпусы цалкам маглі б стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Былыя цэхі бровара прапісаны па вуліцы Новашасейнай, 25, прычым некаторыя з іх былі пабудаваны з фірмовай бабруйскай чырвонай цэглы з таўрамі фабрык братоў Лазінскіх і Розенбэрга.

Мясцовыя выданні апублікавалі расклад работ руйнавання: у панядзелак, 3 кастрычніка, і ў аўторак, 4 кастрычніка, з 12:00 да 13:00 і з 16:00 да 17:00.

«Названыя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках сістэмнай працы навядзення парадку ў горадзе. Мы заклікаем грамадзян не хвалявацца. Каб пазбегнуць пашкоджання шклення ў найбліжэйшых дамах просім жыхароў адчыніць вокны ў пазначаны час», - папярэджвала газета «Бабруйскае жыццё».

Сёння аб 11 раніцы тэрыторыю ачапілі, пасля 12 прагрымеў першы выбух. Работы прадоўжаць з 16 гадзін.

Краязнаўцы адзначаюць, што былі звароты супраць руйнавання: пісалі ў Мінкульт і Бабруйскі гарвыканкам. На думку суразмоўцаў, комплекс мог атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці як прыклад прамысловай архітэктуры. Больш за тое, за пашкоджанне або знішчэнне аб'ектаў, якія могуць стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у заканадаўстве прадугледжаная адказнасць.

Аўтары канала падзяліліся з Onlíner адказам з Бабруйскага выканкама за 8 верасня. Там паведамлялася, што раней цэхамі бровара валодала кампанія «МіртаБуд», якая збанкрутавала. З кастрычніка 2020 года аб'екты стаялі на ўліку ў Магілёўскім агенцтве дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры як безгаспадарныя.

Наконт надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Бабруйскім выканкаме адказалі вось што: у 2021 годзе ў горадзе праводзілі работу для вывучэння будынкаў, якія маюць адметныя асаблівасці, для надання ім статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«Падчас разгляду прапаноў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці аб'екту ў камісію не паступала. Ініцыятыўных лістоў ад жыхароў горада Бабруйска не мелася, - сказана ў лісце. — Аб'ект мае гістарычную каштоўнасць толькі як аб'ект, які выражае архітэктурны стыль перыяду другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў, пабудаваны ў цагляным стылі. Дэкаратыўныя элементы абмежаваныя так, каб падкрэсліць тэктоніку пабудовы. Цяпер разглядаць пляцоўку былога завода як музей немагчыма праз адсутнасць абсталявання і механізмаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу сыравіны. У складзе маёмаснага комплексу аб'екта захаваліся толькі капітальныя будынкі, якія знаходзіліся ў аварыйным стане».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках