25 красавiка 2024, Чацвер, 9:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі вакзал

4
Беларускі вакзал
Ірына Халіп

Расейцам давядзецца вывучыць кодавае слова «Шчучыншчына».

Беларусы сваё, здаецца, адбаяліся: мабілізацыя ў Расеі не прымусіла тых, хто застаўся ў краіне, неадкладна пакаваць чамаданы і штурмаваць мяжу. Таму што беларусы бягуць ужо два гады – гэта хранічны стан грамадства. І суседская мабілізацыя ніяк не змяніла колькасць тых, хто ад’язджае. Затое змяніла колькасць прыезджых усімі відамі транспарту з Расеі.

Самі беларусы пачалі масава пакідаць радзіму восенню 2020 года, калі нядзелямі па Менску яшчэ хадзілі шматтысячныя маршы пратэсту, а ў буднія дні іх удзельнікаў паціху арыштоўвалі за масавыя беспарадкі. І тады, нягледзячы на зачыненыя праз пандэмію межы Еўразвязу, Польшча адкрыла ўезд беларусам і пачала выдачу гуманітарных візаў. У той час многія атрымлівалі візы проста на ўсялякі выпадак – нават тыя, хто не ўдзельнічаў у пратэстах. Дастаткова было напісаць на імя консула заяву з указаннем прычыны (у якасці прычыны многія пісалі проста – "у сувязі з сітуацыяй у краіне"), і грамадзянін Беларусі атрымліваў гуманітарную візу Польшчы.

Назваць дакладную колькасць тых, хто з'ехаў за гэты час, дагэтуль не можа ніхто. Таму што шмат хто, не чакаючы візаў, выязджаў і прасіў палітычнага прытулку на мяжы.

Многія пераходзілі мяжу нелегальна – часцей за ўсё ва Украіну, дзе потым падавалі заявы на візы або заставаліся. Многія выязджалі праз Расею ці Грузію.

Увогуле, з'язджалі ўрассыпную – дакладна гэтак сама, як цяпер расейцы. Вядома, напрыклад, што з пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года да красавіка 2022 года Польшча выдала беларусам 297 000 візаў – гуманітарных, працоўных, справавых. Безумоўна, не ўсе імі скарысталіся, але маштаб зразумелы.

21 снежня 2020 года беларускім урадам была ўведзеная забарона на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Так што з Беларусі можна было хіба што ляцець ці з'язджаць цягніком (праўда, цягнікі хадзілі толькі ў Расею). А ў траўні 2021 года пасля пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў рэйсам Афіны – Вільнюс, і арышту ягоных пасажыраў Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі ўсе заходнія авіякампаніі скасавалі рэйсы ў Беларусь, адмовіліся прымаць рэйсы "Белавія" і закрылі сваю паветраную прастору для палётаў беларускіх. Для Расеі гэта таксама мелася быць менш чым праз год, але тады пра гэта яшчэ ніхто не ведаў. І ў беларусаў застаўся адзіны шлях за мяжу – праз Расею (яшчэ праз Стамбул і Дубаі, але гэта было вельмі дорага).

У канцы лютага, калі расейскія самалёты таксама перасталі лятаць на Захад, беларусы сталі замкнёныя ў сваёй краіне. Дабірацца да Вільні, якая знаходзіцца за 170 кіламетраў ад Менска, ці да Варшавы за 500 кіламетраў праз Дубаі ці Стамбул яны не сталі і з пачаткам вайны паехалі ў Грузію. Паводле словаў міністра ўнутраных справаў Грузіі Вахтанга Гамелауры, за першыя тры тыдні вайны ў Грузію ўехалі амаль 16 тысячаў беларусаў. У дакавідныя гады за гэты ж перыяд Грузія прымала ў дзесяць разоў менш. А вось пра расейцаў Гамелауры тады сказаў, што іх колькасць у параўнанні з папярэднімі гадамі не змянілася.

Сапраўды, пасля пачатку вайны беларусы перажылі чарговую панічную атаку. Уступленне дзяржавы ў вайну здавалася справай цалкам магчымай, беручы да ўвагі абстрэлы з беларускай тэрыторыі, і па краіне папаўзлі чуткі пра позвы на зборы, хоць афіцыйна набор рэзервістаў абвешчаны не быў. Менавіта такога кшталту чуткі ("суседчынаму мужу позву прынеслі, дык ён дадому нават не заходзіў, адразу з'ехаў") і спарадзілі масавы выезд беларусаў у Грузію. Цяпер у Тбілісі працуе нават беларуская школа.

А вось расейская мабілізацыя беларусаў ужо не спалохала. Тыя, хто не з'ехаў пасля пачатку вайны, амаль супакоіліся, тым больш, што Аляксандр Лукашэнка шмат разоў сцвярджаў, што Беларусь у вайне ўдзельнічаць не будзе і ніякая мабілізацыя беларусам не пагражае. Вядома, Лукашэнку яны не вераць, але баяцца КДБ, ГУБАЗіКа, ды яшчэ і ваенкама – гэта ўжо непасільная нагрузка на нервовую сістэму. Тым больш што "пад замком" беларусы правялі менш за паўтара месяца: 3 красавіка гэтага года забарона на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску была знятая, і шчаслівыя ўладальнікі польскіх візаў выстраіліся ў чэргі на мяжы. Так што тыя, хто не з'ехаў, прынамсі зрабілі выгляд, быццам вераць у неўступленне Беларусі ў вайну, і прадаўжаюць жыць, як звычайна. Хоць валізкі з самым неабходным стаяць у кладоўцы многіх беларускіх кватэраў.

Цяпер беларусы дапамагаюць расейцам, якія прыязджаюць у Беларусь. Дакладныя лічбы тых, хто прыехаў, назваць не можа ніхто, таму што мяжа паміж Беларуссю і Расеяй дэ-факта адсутнічае, і ніякіх пунктаў пропуску няма, а значыць, і колькасць тых, хто перасек мяжу, не вядзецца. Гэта значыць памежнага кантролю няма – ёсць просты пашпартны, каб праз адсутную мяжу не праязджалі грамадзяне трэціх краінаў: паказваеш расейскі або беларускі пашпарт і едзеш далей. Ніякіх зверак з базамі няма. Так што выезд у Беларусь – мабыць, самы бяспечны. Прычым, акрамя аўтатрасаў, існуе мноства прасёлкавых дарог, па якіх людзі ўвогуле праязджаюць спакойна, не сустрэўшы ніводнага памежніка.

Многія ўвогуле здзіўляюцца і тэлефануюць знаёмым у Беларусь з пытаннем: "Я збіраюся да вас, гляджу сайт беларускага памежнага камітэта ў пошуках інфармацыі пра чэргі, а там увогуле няма згадак пра расейска-беларускую мяжу! Толькі Польшча, Літва, Латвія і Украіна. Дык як мне ехаць?" Гэта тыя, хто едзе машынай і ўпершыню. Тыя ж, хто бярэ квіткі на цягнік і самалёт, пазбаўленыя прынамсі ад гэтых трывог. Прычым самалёт часам таннейшы за цягнік. "Белавія" і "Аэрафлот" лётаюць некалькі разоў на дзень, і на "Белавія" можна ўзяць квіток хоць на заўтра: з тарыфам "лайт" без багажу для тых, хто гатовы ехаць з адным заплечнікам, ён будзе каштаваць 45 еўраў. З багажом – 61 еўра. Папулярны "сядзячы" цягнік "Ластаўка", які ходзіць два разы на дзень, каштуе 38 еўраў. І, вядома, начныя цягнікі, якія існуюць з спрадвечных часоў, – 50–80 еўраў за месца ў купэйным вагоне. Таму варыянтаў дабрацца да Беларусі вельмі шмат. Пытанне, што рабіць далей?

Вольга з мужам – дробныя прадпрымальнікі, прыехалі са Смаленска, знялі "пасутачную" кватэру не ў Менску, а ў Смалявічах: гэта невялікі горад-спадарожнік за 40 кіламетраў ад сталіцы. Гаспадар кватэры, аддаючы ключы, напалохаў іх: сказаў, што па кватэрах, якія здаюцца, ходзіць міліцыя і выяўляе расейцаў, якія ўхіляюцца ад прызыву. У выніку арандатары сядзяць ціха, лішні раз з дому не выходзяць, робяць выгляд, што ў кватэры ўвогуле нікога няма. Па прадукты ходзіць толькі Вольга – на ўсялякі выпадак, калі хто ўбачыць і дакладзе, гатовая даказваць, што яна тут увогуле адна.

Але нічога нікому пакуль даказваць не даводзіцца.

Пошукамі расейцаў прызыўнога ўзросту ў Беларусі ніхто не займаецца (яшчэ не ўсіх удзельнікаў пратэстаў двухгадовай даўніны вызначылі і арыштавалі).

Не правяраюць дакументы ні на вакзалах, ні ў аэрапортах, ні ў кватэрах. Але ўсе цудоўна разумеюць, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца, калі Масква пра гэта папросіць. Для гэтага не патрэбная нават яшчэ адна, восьмая з пачатку года, сустрэча Лукашэнкі і Пуціна – дастаткова будзе тэлефанавання.

Расейцы выдатна разумеюць, што Беларусь можа быць толькі кароткачасовым прыстанкам і перавалачнай базай. Напрыклад, 22-гадовы барыста Алег з Масквы (у яго белы білет, у войска не ўзялі, але мабілізацыя робіць немагчымае магчымым) і ягоныя сябры, у якіх няма замежных пашпартоў, прыехалі ў Беларусь выключна для таго, каб звярнуцца ў расейскае консульства, атрымаць замежны пашпарт у Менску і рвануць далей – як мінімум туды, дзе ёсць паўнавартасная мяжа з Расеяй.

А вось з гэтым справы ідуць не так проста для тых, хто спяшаецца. Найбліжэйшыя бязвізавыя рэйсы за межы Беларусі, на якія ёсць квіткі, – 20 кастрычніка ў Батумі (434 еўраў) і Астану (505 еўраў). 21 кастрычніка можна паляцець у Тбілісі (434 еўры), 22 кастрычніка – у Баку (480 еўраў) і Ерэван (540 еўраў), 27 кастрычніка – у Кутаісі (430 еўраў), 28 кастрычніка – у Стамбул (470 еўраў), 1 лістапада – у Ташкент (440 еўраў). Да 20 кастрычніка вылецець з Беларусі няма куды. Як расказвае дырэктар турагенцтва Алена, расейцы, якія прыехалі ў апошнія дні, тэлефануюць і пытаюцца, ці можна набыць квіток на чартарны рэйс у Турцыю. І дзівяцца, даведаўшыся, што толькі з турпакетам. Такога кшталту беларускія рэаліі іх прыводзяць у крайняе здзіўленне – гэтак сама, як нізкая хуткасць інтэрнэту і той факт, што вельмі многія беларусы, высвятляецца, размаўляюць па-беларуску.

Сваімі праблемамі і страхамі расейцы дзеляцца ў тэлеграм-чатах з умоўнай назвай "Мяжа РБ-РФ". У самым буйным ужо больш за 20 тысячаў удзельнікаў. Там расказваюць страшныя гісторыі пра міліцыю, якая гойсае па вакзалах у пошуках расейцаў мабілізацыйнага ўзросту, і аспрэчваюць гэтыя чуткі. А яшчэ пытаюцца, ці праўда, што калі для ўкраінцаў праверачнае слова – "паляныця", то для беларусаў – нейкая "шчучыншчына" (тлумачу: Шчучыншчына (па-руску Шчучиншчина) – гэта ўсяго толькі назва Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці). Пасля з'яўлення "паляныці" беларусы сапраўды жартавалі ў сацыяльных сетках, што калі Расея нападзе на Беларусь, то кодавым словам стане менавіта Шчучыншчына).

Тыя, хто яшчэ толькі збіраецца ў Беларусь, пытаюцца парады ў тых, хто прыехаў. Абменьваюцца досведам: па якой дарозе лепш ехаць, калі на машыне, у якога аператара набываць сім-карту, куды звяртацца па прышчэпачныя сертыфікаты для сабак і котак, дзе замовіць піцу, у якім банку хутчэй вырабяць пластыкавую карту. Дарэчы, магчымасць адкрыць рахунак у беларускім банку і атрымаць пластыкавую карту стала прыемнай неспадзеўкай для расейцаў: пад санкцыямі ў Беларусі апынуліся толькі "дочкі" расейскіх банкаў (ВТБ, Збер, БелЗЭБ) і дзяржаўныя ("Дабрабыт", Беларусбанк і Белінвестбанк). Астатнія ж банкі, хоць іх і не так шмат, ахвотна адкрываюць рахункі расейцам – з унутраным пашпартам, без рэгістрацыі ў Беларусі. А іх карты Visa і MasterCard працуюць па ўсім свеце.

А беларусы ў тых жа чатах даюць парады, прапануюць начаванне, дзеляцца лайфхакамі і праводзяць палітінфармацыі. Тлумачаць, што "бацькам" у Беларусі ніхто Лукашэнку не называе, і гэтым словам расейца лёгка выкрыць нават без усялякай Шчучыншчыны, што расслабляцца нельга, бо сённяшні спакой у Беларусі ніяк не гарантуе заўтрашняга, і, нарэшце, што няма такой краіны "Белоруссия", а месца, дзе расейскія госці цяпер знаходзяцца, называецца Беларусь.

А вечарамі там пішуць: "Хто ў Менску? Хто хоча выпіць?" – "Хто ў Віцебску? Давайце сустрэнемся!" Як быццам Вожык у тумане кліча Медзведзяня, толькі гэта зусім не мультык і туман, падобна, рассеецца зусім не хутка.

Ірына Халіп, «Новая газета. Еўропа»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках