25 красавiка 2024, Чацвер, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін канчаткова зацвердзіў анэксію тэрыторый Украіны

30
Пуцін канчаткова зацвердзіў анэксію тэрыторый Украіны

Кіраўнік РФ падпісаў «законы».

Сёння, 5 кастрычніка, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў «законы» аб так званым «уваходжанні» чатырох рэгіёнаў Украіны ў склад Расеі.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расейскія СМІ.

Пра тое, што Пуцін сёння падпіша дамовы аб анэксіі Расеяй часова акупаваных тэрыторый Украіны стала вядома яшчэ ўчора, калі пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў. Пры гэтым, як ён адзначыў, выступаў расейскага дыктатара на гэты конт не планавалася.

Што папярэднічала

Працэс анэксіі часова акупаваных тэрыторый Украіны пачаўся з арганізацыі Расеяй фэйкавых «рэферэндумаў» у Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях, якія прайшлі там у перыяд з 23 да 27 верасня. Пра тэрміны іх правядзення абвясцілі пасля паспяховых контрнаступальных дзеянняў украінскіх войскаў пераважна на ўсходзе нашай краіны, якія пачаліся ў Харкаўскай вобласці і прадоўжыліся ў Данецкай вобласці.

У псеўдарэферэндумах расейскія акупанты спрабавалі задзейнічаць вялікую колькасць людзей для таго, каб хоць неяк легітымізаваць іх вынікі. Так, паводле звестак Службы бяспекі Украіны, у так званай «ДНР» да галасавання хацелі змусіць дзяцей ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў і абавязалі бацькоў і апекуноў суправаджаць іх да «выбарчых участкаў».

Пры гэтым здзяйсняліся пакватэрныя абыходы і, як сцвярджаў кіраўнік Луганскай АВА Сяргей Гайдай, людзей прымушалі галасаваць пад рулямі аўтаматаў і выломлівалі дзверы ў выпадку, калі мірныя жыхары не хацелі ўдзельнічаць у фэйкавых «рэферэндумах». Да «галасавання» змушалі таксама і палонных украінскіх вайскоўцаў, і «масоўку» з акупаванага Крыма.

Пасля гэтага 30 верасня Пуцін падпісаў дамовы аб так званым «далучэнні» часова акупаваных тэрыторый Украіны да РФ, на цырымоніі таксама прысутнічалі гаўляйтары Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.

Потым анэксію падтрымалі ўсе марыянетачныя расейскія органы, сярод якіх: Канстытуцыйны суд, Дзярждума і Рада Федэрацыі. У абедзвюх палатах парламента краіны-агрэсаркі гэтыя законы былі прынятыя аднагалосна.

Рэакцыя міжнароднай супольнасці

Краіны-хаўрусніцы Украіны рэзка адрэагавалі на спробу Расеі анэксаваць часова акупаваныя тэрыторыі і асудзілі намер Крамля.

Сярод іншых, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн запэўніў, што ягоная краіна не будзе прызнаваць вынікі фэйкавых рэферэндумаў і далейшую анексію.

«Злучаныя Штаты асуджаюць сённяшнюю ашуканскую спробу Расеі анэксаваць суверэнную ўкраінскую тэрыторыю. Расея парушае міжнароднае права, пагарджае Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і паўсюль дэманструе сваё грэбаванне міралюбным народам», – падкрэсліў Байдэн.

У сваю чаргу прэм'ер-міністарка Брытаніі Ліз Трас адзначыла, што Лондан не прызнае анэксію. Яна абвінаваціла Пуціна «ў парушэнні міжнароднага права з відавочным грэбаваннем жыццём украінскага народа».

Пры гэтым генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш падкрэсліў, што такія дзеянні Расеі наўпрост супярэчаць статуту ягонай арганізацыі.

«Расея – адзін з пяці сталых чальцоў Рады бяспекі – нясе асаблівую адказнасць за выкананне статута. Любая пастанова аб прадаўжэнні анэксіі ўкраінскай тэрыторыі не будзе мець юрыдычнай сілы і заслугоўвае асуджэння… Анэксіі няма месца ў сучасным свеце, і яна не можа быць прызнаная», – падкрэсліваў ён.

Еўразвяз жа анансаваў новы пакет антырасейскіх санкцыяў у адказ на эскалацыю з боку Расеі. Еўракамісія ўжо прапанавала абмежаванні, якія мусяць увайсці ў яго.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках