24 красавiка 2024, Серада, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларускія ўлады небяспекі падцікоўваюць літаральна за кожным рогам»

10
«Беларускія ўлады небяспекі падцікоўваюць літаральна за кожным рогам»

Ворагі акружылі з усіх бакоў.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» піша пра нараду Аляксандра Лукашэнкі з сілавым блокам, якая прайшла напярэдадні:

- Паглядзеў учора як сёй-той праводзіў запланаваную, ніякай надзвычайшчыны, нараду са сваімі генераламі. І ведаеш, што кідаецца ў вочы? Што беларускія ўлады зараз баяцца больш, чым нелегітымныя ці ўмоўна легітымныя грамадзяне. Значна, больш. Гэта проста вось у вочы кідаецца. Бо нелегітымныя грамадзяне ведаюць каго ім баяцца. А беларускія ўлады небяспекі падцікоўваюць літаральна за кожным рогам.

Па-першае, беларускія добраахвотнікі ва Украіне, пра якіх яны так старанна забыліся, што ўспамінаюць кожны дзень і не па адным разе.

Па-другое, Украіна. Колькі ні расказвай зараз пра выключна гуманітарны ўдзел у спецыяльнай аперацыі, а ва Украіне ж усё адно не забудуць адкуль рыхтаваўся напад.

А ёсць яшчэ і іншыя суседзі. Польшча, Літва, Латвія. Гэта раней суседзі разглядалі беларускія ўлады як дробнае непаразуменне і стрэмку, на якую можна не звяртаць увагі. Але два гады палітыкі альтэрнатыўнага добрасуседства зрабілі сваю справу. Беларускія ўлады заваявалі сваё геапалітычнае месца ў свеце і ганаровы статус пагрозы рэгіянальнай бяспецы.

Ну і, нарэшце, застаецца яшчэ прыхаваная пагроза. Усе гэтыя ўнутраныя нядобразычліўцы. Ужо іх душылі, душылі, а яны ўсё адно жадаюць дзіўнага. Тым больш, што ўчора апазіцыя-ўцякачка аб'явіла пра пачатак падрыхтоўкі да выканання ўсякіх нядобрых планаў. І гэта, вядома, не дадае душэўнай раўнавагі. Таму што ў глыбіні душы і самі душыцелі разумеюць, што не дацэнтак з блогерамі ім трэба баяцца. Проста дацэнткі з блогерамі навідавоку, а іншых унутраных нядобразычліўцаў, якія «затаіліся і чакаюць зручнай нагоды», яшчэ паспрабуй знайдзі.

І атрымліваецца, што за спінай у беларускіх уладаў толькі старэйшы саюзнік. Але ж яны і самі ўжо, напэўна, разумеюць, што нічым, акрамя вербальных інтэрвенцый, гэты хаўруснік дапамагчы не ў стане. Таму што хаўруснік зараз заняты перадыслакацыямі ва Украіне. Яму ўжо нават пасёлак Пяскі няма браць. Учора вось перадыслакаваўся на трыццаць кіламетраў у Херсонскай вобласці і пачаў праграму перадыслакацыі ў Луганскай.

У трывожнай сітуацыі, калі ворагі акружылі з усіх бакоў і чакаюць толькі выпадку, каб учапіцца ў што-небудзь мяккае, разумна было б пазбягаць рэзкіх слоў і не рабіць рэзкіх рухаў. Каб ненаўмысна не справакаваць. Але ж беларускія ўлады без рэзкіх слоў функцыянаваць не ўмеюць.

Вось якая можа быць практычная карысць, калі расказаць суседзям аб тым, што ты ўзмацняеш супраць іх сваю боегатоўнасць? Ні Польшчу, ні Літву, ні Украіну, ні, тым больш NATO боегатоўнасцю не спалохаеш. У суседзяў запасы боегатоўнасці ўсё адно большыя. Але антыпатый і насцярожанасці ў дачыненні да беларускіх уладаў пасля гэтага, вядома, дабавіцца.

Асабліва пасля таго, як учора яны абвясцілі аб планах правесці праверку мабілізаваных без мабілізацыі. Вось якая б ні была практычная карысць ад гэтай праверкі, а шкоды ад яе ўсё адно больш. Беларускія ўлады можа па выніку нікога напраўду і не мабілізуюць. Ды і правераць толькі так, каб было што паказаць у тэлевізары. Але асадак жа з'явіцца. А ў цяперашніх напружаных абставінах такі асадак можа быць выбухованебяспечным.

Увогуле, замест таго каб задзірацца з суседзямі, варта было б прадэманстраваць ім практычную, а не вербальную міралюбнасць. І паклапаціцца аб зніжэнні ўзроўню ўнутранай нядобразычлівасці. Улічваючы папярэднія дасягненні беларускіх уладаў, зрабіць гэта, вядома, няпроста. Але можна было б хаця б паспрабаваць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках