24 красавiка 2024, Серада, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бяссмертны: Лукашэнка ўцячэ на ўсе чатыры бакі

19
Раман Бяссмертны: Лукашэнка ўцячэ на ўсе чатыры бакі
Раман Бяссмертны

Полк Каліноўскага павінен вырасці ў дывізію, а можа і ў войска.

Украінскі палітык і дыпламат, былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны ў інтэрв'ю Charter97.org расказаў, на каго разлічанае прызнанне Лукашэнкі ва ўдзеле ў вайне, чым абернецца для ягонага рэжыму мабілізацыя і якую небяспеку нясе размяшчэнне на тэрыторыі нашай краіны шырэйшага кантынгенту расейскіх войскаў.

- Лукашэнка ўпершыню з пачатку вайны супраць Украіны адкрыта прызнаў, што прымае ў ёй удзел. Гэта чарговая паказуха для Пуціна сваёй лаяльнасці ці гэтая заява больш разлічаная на беларускае грамадства?

- Тут два ў адным. Па-першае, гэта вынік апошняга візіту Лукашэнкі ў Расею і адказ на пытанне, чаму раптам ён апынуўся ў Абхазіі. У гэтыя дні з ягоных вуснаў прагучала некалькі заяў, якія пацвярджаюць, што ён знайшоў той капітал, якім можна біць патрабаванні Пуціна неадкладна ўступіць у вайну. Першы момант - фраза наконт таго, што ён бярэ ўдзел, другі - ён сказаў, што трэба неадкладна збіраць ураджай, таму што ёсць каго карміць. Ён пабываў там, дзе ўжо сёння каласальная патрэбнасць у прадуктах харчавання. Гэтыя дзве пазіцыі ён выставіў як свой эканамічны і ваенна-палітычны капітал у дачыненнях з Пуціным.

- Беларускі дыктатар, дарэчы, нядаўна заявіў, што «па заканчэнні жніва акуратна трэба паклікаць людзей і ўдакладніць усё ў ваенкаматах». Чым можа абярнуцца для ягонага рэжыму абвяшчэнне мабілізацыі ў краіне?

- Першае, на што трэба звярнуць увагу, ён, калі прамаўляў гэтую фразу, сказаў: Тое, што адбываецца ў Расеі, павінна быць урокам для нас. Ён мае на ўвазе не тое, колькі людзей сабрана і як. У такіх таталітарных правадырскіх сістэмах няма ніякага парадку. Яны не маюць аніякага разумення пра тое, колькі чалавек знаходзіцца на вайсковым уліку, дзе яны прапісаны, дзе яны жывуць, дзе іх знаходзіць і гэтак далей. Вось, што ён мае на ўвазе. «Я выдатна ведаю, што вы на сітуацыю не ўплываеце», - вось што ён казаў людзям, якія сядзелі перад ім. Лукашэнка намякнуў, што напраўду расейцы далі адказ на пытанне, як пазбегнуць удзелу ў вайне.

Таму тут ён хітруе, з аднаго боку нібы падыгрываючы Расеі, а з другога — даючы зразумець беларусам, як адказваць на магчымы удзел у гэтай вайне. Таму ў гэтым аспекце ён далёка не просты. Я некалькі разоў прагледзеў гэты запіс, і калі б камера не адводзілася ад Лукашэнкі, можна было б лепей прачытаць, што ён мае на ўвазе. Ён зразумеў раптам, што Пуцін будзе ціснуць далей, патрабаваць ад яго мабілізацыі асабовага складу, размяшчэння тых навабранцаў, якія сабраныя ў Расеі. І Лукашэнка разумее, што яму трэба будзе нечым адказваць. У гэтай сітуацыі лепш адказаць, што праводзіць унутраную мабілізацыю, тым самым паспрабаваць спыніць размяшчэнне ў Беларусі расейскіх мабілізаваных.

- Чым можа абярнуцца для звычайных грамадзян знаходжанне расейскага войска на тэрыторыі Беларусі?

- Гэта велізарная праблема, таму што беларусы, як бы да іх хто не ставіўся, яны ўсё ж менталітэтам еўрапейцы. І вось гэтае дзікунства, якое прыўносіць прысутнасць расейскага кантынгенту, абернецца вельмі вялікай бядой для Беларусі. Гэты кантынгент, калі яго можна назваць чалавечым, ён не падзяляе, ці знаходзіцца ён у гасцях ці акупаваў гэтую тэрыторыю. Гэта дзікасць, суцэльная дзікасць.

Само войска Беларусі разам з жандармерыяй, навабранцамі і гэтак далей складае блізу 40 тысяч. Як там можна размясціць 120 тысяч расейскіх навабранцаў - незразумела. Вядома, пэўная колькасць будзе, яна і так там ёсць ужо, але трэба разумець, што гэта нясе ў сабе вялізную пагрозу, перш за ўсё насельніцтву Беларусі. Гэтае дзікунства, якое будзе прыўнесенае ў беларускае грамадства, вельмі законапаслухмянае, вельмі цярплівае, нават занадта цярплівае, гэтае дзікасць наробіць такіх спраў. Прыклады можна было бачыць у лютым-сакавіку, калі яны заходзілі на тэрыторыю Украіны і калі выходзілі, і што там адбылося, у некаторых населеных пунктах Беларусі.

З аднаго боку, гэта будзе добрым сігналам для беларусаў, хто такія гэтая арда. Але з іншага боку яны наробяць там шмат бяды. А з трэцяга боку я разумею, што прыход на тэрыторыю Беларусі расейскіх узброеных сілаў – гэта амаль гарантыя таго, што Лукашэнка ўвядзе пад ціскам Пуціна свае войскі на тэрыторыю Украіны. У крайнім выпадку - будзе спрабаваць, і магчымасць удзелу Беларусі ў гэтай вайне катэгарычна ўзрастае са з'яўленнем на тэрыторыі краіны расейскіх войскаў.

У мяне такое ўражанне, што на тэрыторыі Беларусі расейскія прыватныя войскі ўзмацнілі працу для збору людзей. Бо ўсё часцей і часцей на фронце з'яўляюцца беларусы з боку расейскага акупанта. Таксама колькасць беларусаў у дыверсійна-выведвальных групах, якія заходзяць на тэрыторыю Украіны і вядуць баі на баку Расеі, увесь час павялічваецца. Таму я нічога добрага ад гэтага не чакаю.

- Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што насыціўшы вайсковыя часткі Беларусі, расейцы могуць зладзіць бунт і перахапіць у Лукашэнкі кіраванне вайскоўцамі. Як вы ацэньваеце імавернасць такога сцэнару?

- Для гэтага ніякай неабходнасці няма, сілавы блок Беларусі і так знаходзіцца ў руках Расеі. Падпісаныя дакументы гэта пацвярджаюць, агульная вайсковая дактрына. Можна ўзгадаць усе гэтыя брыфінгі намесніка Міністра абароны Беларусі, якія па сутнасці пацвярджалі, што ўзброеныя сілы Беларусі знаходзяцца пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба Расейскай Федэрацыі.

- Лукашэнка ўжо ператварыў Беларусь у вайсковы плацдарм РФ і следам за Пуціным паўтарае мантру пра ядзерныя ўдары. Ці можна назваць нейкія ўмовы, пры якіх украінскае войска пачне наступ на расейскую тэрыторыю і Беларусь?

- На сённяшні дзень ніякіх вайсковых, палітычных і юрыдычных перашкод для таго, каб украінскае войска адстрэльвала месцы збору тэхнікі, узброеных сіл, сістэмы вайсковай інфраструктуры або вайсковыя камунікацыі на тэрыторыі Беларусі няма. Гэта залежыць толькі ад палітычнай пастановы ўкраінскай улады, рабіць гэта ці не. У першую чаргу гэта тычыцца ядзернай зброі. Што б ні казаў Лукашэнка, Масква не дасць у кіраванне яму ядзернае ўзбраенне, ніколі. Па-першае, гэта небяспечна для самой Расеі. Па-другое, нават калі і будзе завезена на тэрыторыю Беларусі ядзерная зброя, то яна будзе кіравацца адпаведнымі расейскімі войскамі.

- Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Зянон Пазняк заявіў, што «Полк Каліноўскага павінен вырасці ў дывізію. Тады рэжым Лукашэнкі, які вісіць на валаску, пасыплецца ў выніку паўстання ў Беларусі». Як вы думаеце, беларускаму грамадству ўжо час радыкалізаваць пратэст?

- Я згодны, што полк Каліноўскага павінен вырасці ў дывізію, а можа і ў войска. Іншая справа - трэба ўсё гэта сабраць і навучыць. Для таго, каб дзейнічаць у гэтым кірунку, беларускай апазіцыі трэба аб'ядноўвацца, ствараць адпаведныя дзяржаўныя органы, весці перамовы аб падтрымцы новага ўрада Еўрапейскім Звязам і іншымі дзяржавамі, ствараць свае ўзброеныя сілы, вызваляць Беларусь ад гэтага самазванага дыктатара. Рабіць усе неабходныя для гэтага крокі. Тое, што гэта можна рабіць на тэрыторыі Украіны, у мяне ніякіх сумневаў няма. Гэта можна рабіць і трэба рабіць.

Калі гэта будзе зроблена, дык гэта будзе самы мірны шлях. Як казаў класік, Лукашэнка ўцячэ на ўсе чатыры бакі. Калі гэтага не рабіць, то які мірны шлях спрацуе? Ніякі. Тыя людзі, якія гавораць пра гэта, павінны разумець, што дабро павінна ўмець абараняцца, яно павінна быць з кулакамі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках