23 красавiка 2024, aўторак, 16:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння – дзень народзінаў беларускай Жанны Д’Арк

6
Сёння – дзень народзінаў беларускай Жанны Д’Арк

Як змагалася за вольнасць Айчыны Эмілія Плятэр.

Дзяўчына са сцягам у руках, якая вядзе на смяротны бой узброеных паўстанцаў. Свінцовая залева і варожыя гарматы не страшныя ёй, таму што смерць не ўладная над вечнасцю. А імя Эміліі Плятэр, вальналюбнай ліцвінкі, даўно стала сімвалам подзвігу ў імя Айчыны. Яно натхняла патрыётаў Польшчы і Літвы на бой у імя праўды і свабоды, піша «Ліцвін».

Літва і Польшча ўвекавечылі памяць пра яе, адбіўшы партрэт на купюрах сваёй валюты. Біёлагамі названы гатунак дзівоснай кветкі клемаціса яе імем. Яе называюць «беларускай Жаннай Д’Арк», «польскай Паннай» і «літвінкай Плятэр». Сёння спаўняецца 217 гадоў з дня народзінаў графіні Эміліі Броэль-Плятэр.

З'явілася на свет Эмілія Плятэр у 1806 годзе ў Вільні. Бацька Францішак Ксаверый Плятэр і маці Ганна Моль жылі не вельмі дружна, таму дачка з маці пасяліліся ў адным з уласных маёнткаў Віцебскай губерні Ліксну Дынабургскага павета (цяпер тэрыторыя Латвіі).

Велізарная бібліятэка ў маёнтку моцна паўплывала на светапогляд дзяўчынкі, яна шмат часу праводзіла за чытаннем кніг. Матэматыка і гісторыя сталі яе любімымі навукамі, а францужанка Жанна Д’Арк і літвін Тадэвуш Касцюшка – кумірамі, якія натхнялі на слаўныя справы.

Пасталелая Эмілія захаплялася фальклорам, збірала і спявала беларускія песні і крыху складала сама. Ёй падабалася выконваць беларускія танцы простых людзей, напрыклад «Лепятуху», і атрымлівалася ў яе гэта цудоўна. А яшчэ, успаміналі сучаснікі, дзяўчына ўмела так натхнёна і журботна галасіць, як гэта рабіў вясковы просты люд, калі літвіны аплаквалі памерлых блізкіх.

Польскія, беларускія і літоўскія патрыёты абураліся з нагоды царскіх парадкаў у Рэчы Паспалітай, іх абурала каранаванне цара Мікалая I у якасці караля Польшчы. Неспакойным і грозным быў 1830 год у польскіх і ліцвінскіх землях. Ніхто не хацеў мірыцца з самавольствам і дэспатыяй, якія прыйшлі разам з царскімі палкамі з Усходу.

Мара патрыётаў аб адраджэнні сваёй радзімы і яе межаў 1772 года зноў адышла ў нябыт да 1830 года. А між тым французы падняліся на барыкады, пратэстуючы супраць абсалютнай манархіі. Іх прыклад натхніў і народы былой Рэчы Паспалітай.

29 лістапада ў Варшаве ўспыхнула хваляванне. Даведаўшыся пра пачатак паўстанцкага выступу, Эмілія наносіла візіты блізкім, знаёмым і сваякам, заклікаючы неабыякавых людзей да падрыхтоўкі паўстання ў Літве і Беларусі. Кузэны дапамагалі ёй у распрацоўцы дзёрзкага плану. Дзяўчына сур'ёзна прапаноўвала захапіць Дынабургскую крэпасць. Планы не ажыццявіліся, але Эмілія была прызнаная лідаркай і пасвечаная ў рыцары – Панны з захаваннем усіх старадаўніх абрадаў.

У мястэчку Дусяты 29 сакавіка 1831 г. яна зноў выступала з заклікам да людзей падымацца і змагацца з ворагамі веры і Радзімы. За вельмі кароткі час дзякуючы аднадумцам ёю быў сабраны атрад некалькі сотняў чалавек: стралкі, пешыя і конныя, касінеры. Адважную дзяўчыну патрыёты абагаўлялі, звалі «сцягам вызваленчага руху». Яна з натхненнем вяла іх у бой.

Эмілія дзейнічала адважна. Спачатку яе атрад правёў напад і знішчыў паштовую станцыю, а з ёй і невялікі атрад царскіх салдатаў. Праз некаторы час паўстанцы ліцвінскай Жаны Д’Арк злучыліся з узброенымі сіламі генерала Шырмана і захапілі Езэрасы.

Баявая слава Эміліі складалася не толькі з яе адвагі. Хвацкая наезніца, выдатны стралок і фехтавальніца – вось кароткі пералік яе ваенных навыкаў. Яна была мужнай, сумленнай, добрай, шчырай у сваёй веры чалавекам. Тым і набыла любоў і павагу не толькі ў асяроддзі вайскоўцаў, але і сярод простага люду.

Эмілія была простай, адкрытай, ветлай, але тое, што яна не просты чалавек, а паходзіць са шляхты, схаваць было немагчыма. З ёй абыходзіліся вельмі тактоўна, далікатна і ветліва. Яна стала прыкладам, які натхняў іншых жанчынаў па ўсёй Еўропе на барацьбу супраць дэспатызму, а ў Польшчы і Літве супраць цара і ягоных катаў.

Эмілія вяла за сабой у бой паўстанцаў, дзівячы ворагаў адвагай.

Пасля злучэння паўстанцкіх войскаў і польскага войска генерала Хлапоўскага дзяўчыне было прапанавана прыняць камандаванне 1-й ротай у 25 лінейным палку, прысвоены чын капітана. З'ява для таго часу небывалая для жанчыны.

У Коўне ў яе гонар быў дадзены баль. Але ледзь адгрымелі гукі аркестра, як Эміліі зноў давялося весці сваіх салдатаў у атаку. 19 чэрвеня 1831 года пад Вільняй адважныя паўстанцы пацярпелі паразу, панеслі вялікія страты. У баі пад Шаўлямі адбыўся пералом, смеласці і мужнасці Плятэр і ваенных навыкаў паўстанцаў ужо не выстачыла для перамогі. На вайсковай радзе паўстанцаў было прапанавана падзяліць войска на тры часткі і прасоўвацца ў розных кірунках.

Лепш смерць, чым ганьба

Эмілія, даведаўшыся пра гэта, абрала не выконваць загад, а адыходзіць у Прусію. «Лепш загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!» – вось яе словы. Накіроўваючыся ў Варшаву, з мэтай аб'яднацца і прадоўжыць барацьбу з падраздзяленнямі, якія яшчэ ваявалі, яна захварэла. Галоднае і халоднае ваеннае жыццё падарвала здароўе дзяўчыны-капітанкі.

Спачатку яе прытулілі ў хаце сяляне, потым хворую і саслаблую прынялі ў сваёй хаце Абламовічы. Пад выглядам настаўніцы яна жыла ў іх да сваёй смерці. Вядома, што канчаткова зламала яе вестка, што Варшава ўзятая царскімі войскамі і паўстанне задушанае. На 25-м годзе жыцця 23 кастрычніка 1831 года Эмілія пакінула свет. Адам Міцкевіч, пазнаёміўшыся з гісторыяй ліцвінскай Жанны Д’Арк, напісаў верш «Смерць палкоўніка», які праслаўляў шляхту з Вільні ў Еўропе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках