28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Беларускіх палітвязняў трэба ратаваць

14
Наталля Радзіна: Беларускіх палітвязняў трэба ратаваць
Наталля Радзіна

У нас няма права на бяздзеянне.

7-9 лістапада ў Вільні адбыўся Сусветны кангрэс свабоды (World Liberty Congress). Ён аб'яднаў змагароў за свабоду з 39 краін.

Беларусь на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, вядомая журналістка Ірына Халіп і галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Наталля Радзіна расказала, як прайшоў першы Сусветны кангрэс свабоды:

- Мерапрыемства было арганізаванае лідарамі апазіцыі з Венесуэлы, Расеі ды Ірана. Гэта Леапольда Лопэс, Гары Каспараў, Масі Алінеджад. Галоўным чынам у кангрэсе бралі ўдзел праваабаронцы, былыя палітычныя вязні, журналісты.

Надзвычай, на маю думку, важнае мерапрыемства, бо мы змаглі пачуць людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі ў сваіх краінах, якія змагаюцца за правы чалавека, спрабуюць знайсці эфектыўныя метады змены сітуацыі і барацьбы з дыктатурамі. Я вельмі спадзяюся, што гэты кангрэс пяройдзе да стварэння пастаянна дзейнай арганізацыі, бо, як паказала гэтае мерапрыемства, вельмі важнае з'яўленне міжнароднай структуры, якая будзе эфектыўна супрацьстаяць узмацненню дыктатарскіх рэжымаў у свеце.

На жаль, мы назіраем, што традыцыйныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі часта ператвараюцца ў бюракратычныя інстытуты і неэфектыўна бароняць правы людзей. Мы гэта бачым нават у спрэчках наконт вызначэння статусу палітвязня. Тут вельмі важна, што Сусветны кангрэс свабоды аб'ядноўвае змагароў за свабоду, якія самі прайшлі праз турмы, рэальна ведаюць, што такое дыктатура і разумеюць, што важна з ёй змагацца.

- Якія тэмы вам удалося падняць на кангрэсе?

- Вельмі важна, што мы з Андрэем Саннікавым змаглі падняць тэму беларускіх палітвязняў. Абмяркоўваліся эфектыўныя стратэгіі вызвалення людзей з турмаў. Мы маглі абменьвацца досведам, бо нейкія стратэгіі прымяняліся ў нас у краіне, нейкія — у іншых краінах і гэта было вельмі карысна.

Тэма беларускіх палітвязняў, якую ўдалося падняць, вядома ж, адна з самых балючых. Тут трэба прызнаць, што падчас вайны, развязанай рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі супраць Украіны, тэма палітвязняў у Беларусі сышла на задні план.

Гэта напраўду вялізная праблема, бо ў беларускіх турмах знаходзяцца ад 4 да 5 тысяч вязняў сумлення і ўмовы ўтрымання ў іх проста жахлівыя. У турмах знаходзяцца вельмі шмат і інвалідаў, і людзей з цяжкімі хранічнымі захворваннямі, і онкахворых. Калі ўлічыць, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца, мы можам смела казаць аб катаваннях. Ёсць пагроза, што некаторыя палітвязні проста не выйдуць з турмаў жывымі.

Напрыклад, Павел Кучынскі, які днямі адзначыў у турме 28-годдзе. У яго чацвёртая стадыя раку. Зразумела, што ў турме лячэнне немагчымае. Тут важна адзначыць, што ў Беларусі няма ніводнай лякарні для зняволеных. Мы ведаем, што гэты хлопец сёння «праходзіць лячэнне» нават не ў палаце, а ў камеры следчага ізалятара МДВ на вуліцы Валадарскага ў Менску.

У цэнтры ўвагі быў лёс актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнды-Панасюк, якая ўтрымліваецца ў цяжкіх умовах у калоніі для жанчын-рэцыдывістак. Яе ўвесь час саджаюць то ў карцар, то ў памяшканне камернага тыпу. У падтрымку Паліны выступілі вядомыя праваабаронцы з Турцыі і ІранаЭнэс Кантэр Фрыдам і Масі Алінеджад.

Абмяркоўваўся лёс лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, які блізу двух гадоў знаходзіцца ў зняволенні, а таксама лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча, які за гады кіравання Лукашэнкі правёў у турмах больш за дзесяць гадоў і зараз утрымліваецца ў цяжкіх умовах у Глыбоцкай калоніі.

Гаварылася аб цяжкасці барацьбы беларусаў, чые родныя апынуліся ў турмах. У Беларусі сталі арыштоўваць жонак вязняў сумлення. Таксама мы казалі аб росце адказнасці дыяспар за лёсы палітвязняў. Акцыі салідарнасці з вязнямі сумлення неабходна праводзіць штодня, трэба звяртацца да заходніх урадаў і патрабаваць ад іх рэальных дзеянняў для вызвалення людзей з турмаў. Мы, людзі, якім удалося пакінуць Беларусь, якія знаходзяцца ў бяспецы, не маем права на бяздзейнасць. Мы можам зрабіць шмат, каб выратаваць жыццё людзей у Беларусі.

- Наколькі ўдзельнікі кангрэсу былі дасведчаныя аб сітуацыі ў Беларусі?

- Безумоўна, Беларусь называлася сярод, скажам так, «перадавых» краін, дзе парушэнні правоў чалавека носяць масавы характар. Можам канстатаваць, што тут мы адны з «лідараў» і сітуацыя ў Беларусі горшая, чым у краінах Сярэдняй Азіі ці Лацінскай Амерыкі, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на канферэнцыі. Нават у Расеі сітуацыя са зняволенымі, безумоўна, цяжкая, але такога беззаконня, якое сёння назіраецца ў Беларусі, здаецца, няма нідзе.

Безумоўна, гэтаму трэба супрацьстаяць, пра гэта трэба казаць, пра гэта трэба крычаць, неабходна патрабаваць ад Захаду звярнуць увагу на гэтую абуральную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, на сітуацыю з фактычным забойствам палітвязняў у беларускіх турмах, патрабаваць увядзення больш жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, бо, на жаль, мы зараз бачым, што тэма санкцый у дачыненні да лукашэнкаўскай Беларусі таксама адыходзіць на задні план. Яны не сінхранізуюцца з санкцыямі, уведзенымі супраць рэжыму Пуціна. Гэта трэба рабіць. Пакуль толькі вядуцца размовы, але рэальных дзеянняў мы не бачым.

Таму неабходна, па-першае, узмацняць гэтыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, патрабуючы неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Па-другое, адсочваць выкананне гэтых санкцый. І таксама ўводзіць другасныя санкцыі супраць краін, якія дапамагаюць дыктатарскаму рэжыму абыходзіць уведзеныя абмежаванні.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках