29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макрон: Сі Цзіньпін абвясціў Пуціну ўльтыматум

20
Макрон: Сі Цзіньпін абвясціў Пуціну ўльтыматум

Кіраўнік КНР запатрабаваў не пераступаць рысы ва ўкраінскім пытанні.

Кіраўніцтва Кітая да гэтага часу займала дваістую пазіцыю ў пытанні аб вайне ва Украіне. Але паводле аднаго з аспектаў Пекін з дапамогай публічных і непублічных заяваў у апошні час сфармуляваў выразную пазіцыю: ужыванне ядзернай зброі і нават гутарка пра гэта недапушчальныя.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін меў магчымасць сказаць Уладзіміру Пуціну: «Мы працуем разам, паважаем адзін аднаго, але вы не павінны пераступаць рысу ў пытанні ядзернай [зброі] і павінны звяртаць увагу на міжнародныя законы», – расказаў у інтэрв'ю Financial Times і Nikkei прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён размаўляў з выданнямі пасля саміту ў Інданезіі, дзе лідары «вялікай дваццаткі» асудзілі баявыя дзеянні ва Украіне асобна, вайну ў цэлым і выступілі катэгарычным супраць ужывання ядзернай зброі.

Макрон дадаў: «Такі напамін [Пуціну] выключна карысны. У Кітая важная роля ў ціску на Расею».

Макрон правёў з Сі на саміце двухбаковую сустрэчу ў аўторак, у тым ліку каб заручыцца падтрымкай у фармуляванні тэксту камюніке. У ім у выніку было сказана, што «большасць чальцоў [дваццаткі] катэгарычна асуджаюць вайну ва Украіне», а «сённяшняя эпоха не павінна быць эпохай вайны». Ужыванне ж ядзернай зброі было названае «недапушчальным».

Да нядаўніх часоў Кітай займаў размытую пазіцыю датычна падзеяў ва Украіне, імкнучыся не ўблытвацца, але пры гэтым выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Кітайскія афіцыйныя СМІ, як і расейскія, уяўляюць канфлікт як барацьбу Масквы з NATO, ускладаючы на Альянс адказнасць за яго развязванне. У эканамічным плане Кітай моцна павялічыў набыццё расейскай нафты, якая прадаецца з дысконтам, і нарасціў экспарт.

Пры галасаванні ж пра рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, у якіх асуджалася расейскае ўварванне і гаварылася пра неабходнасць выплаты рэпарацый, Кітай устрымліваўся. Але пры гэтым Пекін заяўляў пра неабходнасць выконваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краінаў, прытрымлівацца міжнародных законаў і не прызнаў анэксію ўкраінскіх тэрыторый, у тым ліку Крыма ў 2014 г.

Першая трэшчына ў «бязмежным партнёрстве», пра якое Сі і Пуцін заявілі ў пачатку лютага, акрэслілася ў сярэдзіне верасня на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Самаркандзе. Пуцін публічна прызнаў, што ў Кітая ёсць «пытанні і заклапочанасць» «у сувязі з украінскім крызісам». І паабяцаў «падрабязна растлумачыць нашу пазіцыю ў гэтым пытанні… кітайскім сябрам».

У пачатку лістапада на сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам кітайскі лідар заявіў, што ён супраць ужывання ядзернай зброі ў Еўропе. Сі заклікаў міжнародную супольнасць «адхіліць пагрозу ўжывання ядзернай зброі» і выступіць супраць ядзернай вайны, каб не дапусціць «крызісу на Еўразійскім кантыненце».

А на сустрэчы з Макронам у Інданезіі Сі і зусім выступіў за спыненне вайны ва Украіне і пачатак мірных перамоваў. Пазіцыя Пекіна датычна ўкраінскага крызісу «ясная і паслядоўная», ён гатовы выконваць канструктыўную ролю ў развязанні канфлікту, паведаміла агенцтва «Сіньхуа». Макрон тады папрасіў Сі Цзіньпіна вярнуць Пуціна за стол перамоваў з Украінай.

На некалькі дзён раней на саміце Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) ядзерную рыторыку расейскага кіраўніцтва раскрытыкаваў старшыня Дзяржрады Кітая Лі Кэцян. Пагрозы ўжыць ядзерную зброю (а з імі публічна выступалі Пуцін і намеснік старшыні Рады бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў) ён назваў «безадказнымі». Як паведамляла The Wall Street Journal са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка ЗША, знаёмага з выступам кітайскага прэм'ера, «Лі даволі шмат гаварыў пра палітыку Кітая ў дачыненні да Украіны з выразным акцэнтам на суверэнітэт, безадказнасць ядзерных пагрозаў і неабходнасць гарантаваць, што ядзерная зброя не будзе скарыстаная тым спосабам, як некаторыя намякалі».

Абвяшчаючы аб мабілізацыі 21 верасня, Пуцін падкрэсліў гатоўнасць выкарыстоўваць «усе наяўныя сродкі» для захавання кантролю над акупаванымі тэрыторыямі Украіны, дадаўшы: «Гэта не блеф». Неўзабаве пра «права» выкарыстоўваць ядзерную зброю заявіў Мядзведзеў, пасля чаго Мінабароны, МЗС і Крэмль згулялі гісторыю з «бруднай бомбай», якую нібыта рыхтавала Украіна (гісторыя гэтая хуткая сышла на нішто).

Акрамя таго, адзін з галоўных кірункаў расейскай дэзынфармацыі з пачатку вайны, накіраванай на замежныя краіны, – гэта магчымасць ядзернай катастрофы, расказаў The Moscow Times Пётр Ян Вінш з Пражскага інстытута даследаванняў у галіне бяспекі. У адрозненне ад асобных тэмаў, якія пачынае, а потым перастае мусіраваць расейская прапаганда, гэтую Вінш назваў «супернаратывам», накіраваным на тое, каб пасеяць страх у заходніх грамадствах і падарваць іх гатоўнасць падтрымліваць Украіну.

«Тое, што мы пастанавілі на G20 разам з Кітаем, Індыяй і многімі іншымі, было вельмі важна, паколькі мы выказалі гэтую асцярогу – гэта быў заклік да міру», – сказаў Макрон FT і Nikkei, дадаўшы:

«Расея атрымала пасланне ад міжнароднай супольнасці, і асабліва ад Кітая, наконт таго факту, што мір павінен быць адноўлены».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках