25 красавiка 2024, Чацвер, 19:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БелАЭС можа ператварыцца ў «брудную бомбу»?

16
БелАЭС можа ператварыцца ў «брудную бомбу»?
ФОТА: ТАСС

Радыяцыя здольная дасягнуць Рыгі ці Варшавы.

Украінская выведка паведаміла, што расейскія спецслужбы плануюць шэраг тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку - і на БелАЭС.

Наколькі сёння гэта рэальны сцэнар? Сайт Charter97.org папрасіў старэйшага аналітыка Віленскага інстытута палітычнага аналізу Маруса Лаўрынавічуса даць сваю ацэнку:

- Цяжка сказаць. Калі Расея да гэтага будзе гатовая, то ўсё ж большая імавернасць, што яны зробяць нешта на атамных станцыях у самой Украіне — на Запарожскай АЭС і іншых аб'ектах.

Калі тэрарыстычныя акты рыхтуюцца, то яны павінны быць часткай гэтай вайны і пераследваць пэўныя мэты. Тэрарыстычны акт супраць атамнай станцыі ў Беларусі можа пэўным чынам звязвацца з вайной, але наўпрост ён падзейнічаць на сітуацыю наўрад ці зможа.

Літоўскія ўлады і службы з пачатку вайны знаходзяцца ў стане падвышанай гатоўнасці. Ідзе абмен інфармацыяй з іншымі заходнімі краінамі, крыніцамі выведкі. Літоўскія ўлады гатовыя да ўсялякіх сцэнарыяў, але інфармацыі пра тое, што рыхтуюцца да такога сцэнару, у мяне няма.

БелАЭС стане «бруднай бомбай»?

Вядомы расейскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі ў каментары сайту Charter97.org распавёў, якія наступствы можа мець тэракт на АЭС у Астраўцы:

- Кожную атамную станцыю можна выкарыстоўваць у якасці «бруднай бомбы», у якасці крыніцы радыяцыйнай небяспекі, бо на кожнай дзейнай атамнай станцыі ў вялікай колькасці прысутнічаюць штучныя радыёнукліды. Я не магу каментаваць звесткі выведкі, але мы ведаем, што атамныя станцыі часам выбухаюць і без усялякага вонкавага ўздзеяння. Так было ў Чарнобылі, дзе праз хібы канструкцыі ўзарваўся рэактар. Таксама станцыі ўзрываюцца праз прыродныя з'явы, як было на Фукусіме. Хоць АЭС і рыхтавалася да такіх з'яў, як землятрус і цунамі, але высветлілася, не ўсе варыянты былі ўлічаныя.

І, вядома, калі нейкія зламыснікі рыхтуюць або жадаюць зрабіць з атамнай электрастанцыі крыніцу радыяцыйнай небяспекі, гэта не цяжка. Самае небяспечнае - замінаваць рэактар. Калі ён знаходзіцца ў працоўным стане, а беларускі рэактар зараз якраз уключылі, значыць, ён знаходзіцца пад вялікім ціскам — каля 16 Мегапаскаль, тэмпература там блізу 300 градусаў Цэльсія. Пры парыве трубаправода першага контуру, парагенератара (што яшчэ горш) ці самога рэактара, назапашаныя тамака радыёнукліды выходзяць у тую самую ахоўную абалонку. Калі яна нейкім чынам зламыснікамі будзе разбураная, то не будзе бар'ераў, якія маглі б стрымліваць распаўсюджванне радыёнуклідаў. Я ведаю некалькі сцэнарыяў, якія больш рэалістычныя, чым я вам апісаў, але я ўважаю за лепшае іх не агучваць. Спецыялісты іх і так ведаюць, а даваць парады неадмыслоўцам аб тым, як менавіта ператварыць кожную атамную станцыю ў нешта падобнае на Чарнобыль, я не хачу.

Пад пагрозай не толькі Вільня, але і Варшава, і Рыга

У сваёй ацэнцы Андрэй Ажароўскі абапіраецца на звесткі даследаванні flexRISK, праведзенага ў 2012-м годзе:

- Аўстрыйскія даследнікі на замову свайго ўрада правялі адзнаку розных атамных станцый Еўропы. Яны ўзялі самы цяжкі сцэнар выкіду, але не звязаны з ваеннымі дзеяннямі ці дыверсіяй. Навукоўцы разглядалі аварыі, выкліканыя ўнутранымі прычынамі. Надзвычайнае здарэнне, выкліканае дыверсіяй, можа прывесці нават да больш сур'ёзных наступстваў.

Даследаванне дае набор магчымых сцэнарыяў выпадзення розных радыенуклідаў у выніку аварыі, у тым ліку - і на Астравецкай атамнай станцыі. Яны прымянілі сваю мадэль і да расейскіх атамных станцый, украінскіх і беларускай. Ужо ў 2012 годзе было вядома, які тып рэактара будзе выкарыстоўвацца і дзе менавіта ён будзе знаходзіцца.

Аўстрыйцы пралічылі розныя варыянты і склалі магчымыя карты выпадзення цэзію-137. Чаму выбраны цэзій - гэта тое, што будзе відаць у выпадку аварыі, тое, што дазіметрысты, якія знаходзяцца на зямлі, адразу зафіксуюць. На картах жоўтым колерам абазначаны зоны, якія могуць быць забруджаны настолькі, што там будуць праблемы з сельскай гаспадаркай.

Частка прадуктаў паводле дзейных норм будзе залічвацца да адкідаў і не зможа быць выкарыстаная. Чырвоным колерам - зоны, у якіх запатрабуюцца мерапрыемствы абароны насельніцтва, магчыма часавая схованка або іншыя меры. На тэрыторыях, пазначаных барвовым колерам, будзе больш за 10 мегабекерэляў на квадратны метр - гэта зоны, дзе спатрэбіцца эвакуацыя і адсяленне насельніцтва. Вядома, усярэдзіне кожнай зоны могуць быць адцінкі больш чыстыя і брудныя, гэта значыць не факт, што ў жоўтай зоне не запатрабуецца адсяленне грамадзян. Усё залежыць, груба кажучы, ад кірунку ветру.

Забруджванне можа рассячы Беларусь, а можа і Літву, бо станцыя знаходзіцца фактычна на мяжы. Ёсць сцэнар, калі можа даляцець да Рыгі ці да Варшавы. Нічога, уласна кажучы, не змянілася з часоў Чарнобыля, калі радыёнукліды распаўсюджваліся на сотні кіламетраў. У Магілёўскай вобласці дагэтуль ёсць населеныя пункты, у якіх нельга жыць праз гэты чарнобыльскі цэзій. Так і тут, хоць рэактары і заснаваныя на іншым фізічным прынцыпе, але для навакольнага асяроддзя важная магутнасць рэактара, колькасць якія дзеляцца матэрыялаў і адкідаў, якія пры аварыі выкідваюцца.

Пры аварыях, выкліканых унутранымі прычынамі або дзеяннямі зламыснікаў, забруджванне могуць зазнаць вялізныя плошчы, сотні квадратных кіламетраў. Максімальная далёкасць, куды можа даляцець, калі мы гаворым пра сельскую гаспадарку, то гэта 200-300 кіламетраў. Калі мы гаворым пра эвакуацыю людзей, то гэта каля адной сотні кіламетраў, магчыма і двух.

Яшчэ раз паўтаруся - гэта навуковыя звесткі, даследаванне, якое праводзіў інстытут навук аб зямлі, размешчаны ў Вене. Гэта не матэрыял актывістаў ці прадстаўнікоў самой атамнай прамысловасці.

Я нагадаю, што калі Астравецкую атамную станцыю будавалі, ладзіліся грамадскія слуханні. Там хлусілі, што ўздзеянне гэтага расейскага атамнага рэактара складзе не больш за 600-800 метраў і тры кіламетры ўздзеяння на сельскую гаспадарку. Але напраўду гэта не зусім так.

На тых самых слуханнях у Астраўцы, на якіх мяне арыштоўвалі, каб я не расказаў, як падманваюць грамадзян, беларускія ўлады паказвалі абсалютна не адпаведныя рэчаіснасці ацэнкі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках