23 красавiка 2024, aўторак, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі Лукашэнка пачне брыкацца, Масква здатная на ўсё»

12
«Калі Лукашэнка пачне брыкацца, Масква здатная на ўсё»
ФОТА: ANADOLU AGENCY

Пасля саміту АДКБ у Ерэване адбыліся знакавыя падзеі.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман напісаў у сваім тэлеграм-канале:

— Пасля саміту АДКБ у Ерэване зноў (ужо які раз за апошнія 28 гадоў?) распаўсюджваюцца чуткі аб тым, што Крэмль хоча пазбавіцца ад Лукашэнкі і ўжо нават знайшоў яму замену – генсака АДКБ Станіслава Зася, які пакідае сваю пасаду, або дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча.

«Салідарнасць» пацікавілася ў Аляксандра Фрыдмана, ці сапраўды Крэмль можа зрынуць беларускага дыктатара.

- Тут трэба разглядаць, якім чынам гэта можна зрабіць. Нават у той версіі, якая там апісаная, не ідзе гаворкі пра тое, каб адзін са згаданых перамог на выбарах. Там увогуле не абмяркоўваецца механізм, якім чынам рэжым Лукашэнкі можа быць зменены. Можна ўявіць, што заўгодна: Лукашэнка сыходзіць добраахвотна ці адбываецца дзяржаўны пераварот, дзейнічае нейкая змова, калі Лукашэнку адхіляюць ад улады.

Што тычыцца рэалізацыі ўсяго гэтага - вельмі складана ацаніць яе паспяховасць. Гэта ўсё на ўзроўні спекуляцый: Масква хоча паказаць, што можа развязаць усякую праблему і прывесці да ўлады ўсякага чалавека, якога захоча.

Пры гэтым, звяртае ўвагу экспэрт, можна паглядзець гісторыю падзеяў на постсавецкай прасторы за апошнія 20 гадоў, і ўбачыць, што з гэтым у Расеі пакуль не надта атрымліваецца.

- Тым фігурам, якія ўважаюцца за марыянетак Масквы, не ўдаецца нейкім чынам захаваць сваю ўладу. Таму я б не стаў пераацэньваць іх рэальныя рычагі. Напрыклад, ва Украіне Януковіча зрынулі, а Мядзведчука да ўлады прывесці не змаглі. Таксама сітуацыя ў Малдове, дзе з дапамогай пратэстаў Масква спрабуе прывесці да ўлады сваіх людзей.

Калі мы паглядзім на сённяшнюю беларускую бюракратыю і сілавыя структуры, то хто зможа ажыццявіць гэты пераварот: войска, КДБ, міліцыя? З гэтых сілавых структур пакуль няма абсалютна ніякіх сігналаў, інсайдэрскай інфармацыі, што там можа нешта такое рыхтавацца.

З іншага боку, трэба ўлічваць: усе перавароты, асабліва паспяховыя, публічна не рыхтуюцца. Таму цалкам можна ўявіць, што нейкія беларускія сілавікі маюць сувязі з Масквой. Згаданыя Зась і Вальфовіч з Масквой, безумоўна, звязаныя, у іх і біяграфіі адпаведныя.

Палітычны аглядальнік мяркуе, што цяпер існуе вельмі непрыемны для Лукашэнкі фактар: расейская вайсковая прысутнасць у Беларусі, якая падпарадкоўваецца не яго загадам, а Пуціну.

- Дзякуючы расейскай групоўцы Расея ў тым ліку стварае яшчэ большыя рычагі для ўплыву.

Фрыдман мяркуе, што заявы аб магчымым зняцці Лукашэнкі Масквой могуць мець некалькі прычын.

- Такімі дзеяннямі яны могуць неяк паўплываць на Лукашэнку. Ён па сваёй натуры канспіролаг. Яго свет - гэта свет інтрыг і змоў.

Тое, што нехта можа паспрабаваць яго скінуць, Лукашэнка вельмі добра можа сабе ўявіць. І калі ён чуе такія тэорыі, я думаю, ён пачынае нервавацца. Так што яму гэтая навіна сама па сабе будзе непрыемная.

Па-другое, можна ўявіць, што гэтая качка ідзе з беларускага боку, бо ідзе канкурэнцыя ў беларускіх сілавых органах. І таму спецыяльна названыя гэтыя два чалавекі, каб аслабіць іх уплыў. І калі аб уплыве Зася можна спрачацца, то Вальфовіч з'яўляецца адной з ключавых фігур у сілавым блоку. Магчыма, проста ідзе ўнутраная інтрыга супраць Вальфовіча з мэтай аслабіць яго пазіцыі.

Вядома, я не ўяўляю, што неўзабаве адбудзецца нешта накшталт адстаўкі Вальфовіча ці што ён публічна трапіць у апалу. Але будзе цікава паглядзець, ці адрэагуе ўвогуле Лукашэнка на гэта. Бо раней ён не мог стрымлівацца на такое і рэагаваў.

Таксама аглядальнік адзначае, што звяржэнне Лукашэнкі Крамлём можа адбыцца ў выпадку, калі той пачне «брыкацца» і пярэчыць Крамлю.

- Цяпер Масква прыціснутая да сценкі, і яна без тармазоў. У Пуціна ідзе барацьба за выжыванне. Альбо ён у вайне супраць Украіны неяк пераможа, захоўваючы сваю ўладу, альбо для Расеі ўсё можа скончыцца зусім сумна.

У такой сітуацыі не да прыстойнасці, калі Лукашэнка пачне неяк брыкацца. Ім усё ж вельмі складана маніпуляваць, ён свае інтарэсы заўсёды ставіць наперадзе: гэта не класічная марыянетка, якая выконвае загады. У цяжкіх сітуацыях ён для Масквы ненадзейны і складаны.

І калі ў сітуацыі, калі ў Масквы ўсё гарыць пад нагамі, Лукашэнка пачне брыкацца, то Масква здольная на ўсё.

На пытанне, што будзе азначаць для Беларусі, калі нейкі патэнцыйны план па звяржэнні Масквой Лукашэнкі рэалізуецца, Фрыдман адказвае так:

- Вядома, рэжым Лукашэнкі прарасейскі, але Лукашэнка самастойна вызначае ўнутраную палітыку і ў яго больш самастойнасці, чым у звычайнага расейскага губернатара. Калі ім удасца нейкім чынам паставіць на месца Лукашэнкі свайго чалавека, ён будзе выконваць усё, што яму дыктуе Расея.

Адзначым, што інтэрв'ю з Аляксандрам Фрыдманам выйшла яшчэ да смерці кіраўніка лукашэнкаўскага МЗС Уладзіміра Макея.

Як пісаў сайт Charter97.org, Макей памёр на фоне інфармацыі аб падрыхтоўцы замены Лукашэнкі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках