19 красавiка 2024, Пятніца, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія таварныя самалёты лётаюць у Кітай па дзесяць разоў на тыдзень

17
Расейскія таварныя самалёты лётаюць у Кітай па дзесяць разоў на тыдзень

Для маскавання самалёты часта вымыкаюць транспондэры.

Расейскія таварныя самалёты мінімум дзесяць разоў на тыдзень лётаюць у Кітай, сведчаць звесткі сэрвісаў асочвання палётаў. Для маскавання самалёты часта вымыкаюць транспондэры, паведамляе партал Defence Express.

Сэрвіс Radarbox зафіксаваў за тыдзень дзевяць рэйсаў Ан-124 "Руслан" у Кітай, і толькі тры вылеты ў зваротным кірунку, што сведчыць аб спробах Расеі схаваць маршрут пры здзяйсненні часткі рэйсаў. Да перавозак прыцягнутыя самалёты з бартавымі нумарамі RA-82074, RA-82044, RA-82081.

Стандартны рэйс выконваецца маршрутам Масква - Новасібірск - Чжэнчжоў - Новасібірск - Масква. Але канчатковым пунктам аднаго з рэйсаў быў Урумчы (буйное места на паўночным захадзе Кітая - рэдакцыя).

На актыўнасць расейскіх самалётаў звярнулі ўвагу і ў Кітаі. Мясцовыя спотэры выкладваюць відэа з пасадкай Ан-124 у аэрапорце Чжэнчжоў, у каментарах да відэа тлумачыцца, што самалёт прыляцеў, каб «забраць вайсковую дапамогу - рыштунак, панцырныя камізэлькі, шаломы, адзенне і г.д.».

Чжэнчжоў з'яўляецца магутным лагістычным і прамысловым цэнтрам, а таксама індустрыяльнай высокатэхналагічнай зонай. Урумчы таксама з'яўляецца вытворчай пляцоўкай для цэлага шэрагу прамысловых гігантаў.

У Чжэнчжоў размяшчаюцца падраздзяленні кітайскага гіганта Norinco. Шматпрофільны холдынг вырабляе аўтамабілі і аўтобусы, прамысловае абсталяванне, аптычную электроніку, хімічныя прадукты, выбуховыя рэчывы, узбраенне і адзенне. Таксама займаецца лагістыкай, будаўніцтвам, здабычай карысных выкапняў, фінансавымі аперацыямі і г.д.

Самалёты эксплуатуе расейская кампанія "Волга-Днепр", якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых таварных вознікаў Расеі. Сярод іншага спецыялізуецца на дастаўцы звышцяжкіх і буйнагабарытных цяжараў паветраным транспартам.

Расейскія самалёты маглі здзейсніць больш рэйсаў у Кітай, выяўленая актыўнасць - толькі тое, што патрапіла ў сэрвісы маніторынгу палёту цывільных самалётаў. Выкарыстанне для перавозкі менавіта самалётаў можа сведчыць аб тым, што тавар патрэбны Расеі пільна, а часу чакаць дастаўку чыгункай няма, гаворыцца ў матэрыяле.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках