18 красавiка 2024, Чацвер, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска шакавала строем з чалавечых валасоў на конкурсе «Міс Зямля»

37
Беларуска шакавала строем з чалавечых валасоў на конкурсе «Міс Зямля»
ЛІЛІЯ ЛЕВАЯ

Строй каштаваў $15 тысячаў і важыў пяць кілаграмаў.

Нараджэнка беларускага Кобрына Лілія Левая ўпершыню ў гісторыі стала адной з пераможцаў конкурсу "Міс Зямля". Конкурс гэты праводзіцца з 2001 года і з'яўляецца адным з конкурсаў "вялікай чацвёркі" – самых прэстыжных аглядаў прыгажосці нараўне з "Міс Свету", "Міс Сусвет" і "Міс Інтэрнэшнл".

Конкурс праводзіцца на Філіпінах, у Маніле, і сёлета ў ім удзельнічалі прадстаўніцы 86 краінаў. Трэба яшчэ сказаць, што гэта не проста агляд прыгажуняў і выбар найлепшай. Ідэя конкурсу заключаецца, акрамя іншага, у звароце ўвагі да праблемаў усяго чалавецтва, абароны навакольнага асяроддзя, жывой прыроды. Увогуле конкурс самай што ні ёсць "эка"-накіраванасці.

Беларуска Лілія Левая стала пераможцай у катэгорыі "найлепшы строй на фаўністычную тэматыку". Растлумачым, што на конкурсе для кожнай часткі свету (Еўропа, Амерыка, Афрыка, Акіянія) выбіраюць сваю пераможцу. Нараджэнка Кобрына Лілія Левая атрымала перамогу ў "еўрапейскай" намінацыі.

Сам гарнітур, безумоўна, уражвае.

Зроблены ён з натуральных (!) чалавечых валасоў, іх сышло, як расказала сама Лілія газеце "Вячэрні Брэст", 5 кілаграмаў. Абышоўся ён на 15000 даляраў, а рабіла яго майстрыха з Беларусі.

Строй не толькі эфектны і нятанны, але і тэматычны.

Рэч у тым, што кожная з удзельніцаў сваім чынам павінна была адлюстраваць сваё ўласнае стаўленне да флоры і фаўны, кожнай трэба было выбраць "сваю" жывёлу і растлумачыць, чаму выбар менавіта такі.

– Мы выбралі жывёлу, на якую хацелі б звярнуць увагу. Арабскі орыкс доўгі час уважаўся за вымерлы від, але потым даследнікі выявілі некалькі самцоў і самак гэтай рэдкай разнавіднасці антылопы. Навукоўцы іх размножылі ва ўмовах запаведніка. Гэта адзіная жывёла, якую здолелі вярнуць у дзікую прыроду, – расказала Лілія Левая.

Паводле словаў дзяўчыны, гарнітур – а ён складаецца са спадніцы і топа – стваралі цягам двух дзён. Асноўная складанасць была ў самім матэрыяле: валасы нельга пашыць паміж сабой, можна толькі сплесці. Так і давялося рабіць: валасы спляталі проста на целе дзяўчыны, прымацоўвалі пры дапамозе двухбаковага скотчу. Лілія адзначыла, што ў выніку ён атрымаўся вельмі і вельмі спякотным, фатаграфавацца ў ім было няпроста.

Так ці інакш, але гарнітур атрымаўся і прынёс Ліліі перамогу. А пад яркім фота, якое яна размясціла на сваёй старонцы ў адной з сацсетак, яна патлумачыла: «Гэты строй не толькі адлюстроўвае колеры і тэкстуру арабскага орыкса, але і дае зразумець, што валасы добра глядзяцца на людзях, а мех добра глядзіцца толькі на жывёлах. Апранаючы гэты строй, я заклікаю людзей сказаць "НЕ" меху і жорсткасці. Жывёлы не павінны аддаваць сваё жыццё дзеля нечага моднага ўбору».

Адзначым, што Лілія паводле адукацыі мастачка, у мадэльным бізнэсе з 17 гадоў, за спінай – Нацыянальная школа прыгажосці ў Менску. Прыгажуня жыве і працуе ў Катары, куды ўжо вярнулася з гарачых Філіпінаў. На старонку прыгажуні і экаактывісткі падпісана без малога 50 тысячаў фаловераў, зразумелая рэч, што значная іх частка ў каментарах не пашкадавала добрых словаў і віншаванняў.

Дарэчы, пераможцай конкурсу стала прадстаўніца Паўднёвай Карэі – студэнтка і мадэль Міна Сью Чой, якая мае тытул "Міс Карэя-2021".

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках